У Хоцімскім раёне былыя асуджаныя не хочуць уладкоўвацца на працу альбо іх не хочуць уладкоўваць?

2012 2012-12-26T15:31:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сярэдзіне снежня адбылася каардынацыйная нарада пры Хоцімскім райвыканкаме па барацьбе са злачыннасцю, на якой было разгледжана пытанне аб стане працы па барацьбе з рэцыдыўнай злачыннасцю ў раёне.

Згодна аптымістычнай высновы начальніка Хоцімскага РАУС Аляксандра Талкачова, па выніках 11 месяцаў 2012 года прынятыя меры дазволілі знізіць на 21, 7 % колькасць злачынстваў, здзейсненых раней судзімымі асобамі. Усяго ў Хоцімскім раёне імі было здзейснена 30 злачынстваў, што на 9 менш, чым у 2011 годзе.

На думку Аляксандра Талкачова, раней судзімыя асобы схільны здзяйсняць паўторныя правапарушэнні і злачынствы. Прычым паўторна – гэта больш жорсткія і прадуманыя злачынствы, як выказаў меркаванне начальніка Хоцімскага РАУС у матэрыяле “Почему ворует… вор?” Хоцімскай раённай газеты “Шлях кастрычніка”. Аляксандр Іванавіч лічыць, што абцяжарваецца сітуацыя тым, што раней судзімыя грамадзяне пасля таго, як вяртаюцца з месцаў пазбаўлення волі, не хочуць уладкоўвацца на працу і, не маючы сродкаў для існавання, зноў пачынаюць парушаць закон. Так, з 30 злачынстваў, здзейсненых раней судзімымі ў Хоцімскім раёне, 21 складаюць крадзяжы.

Аляксандр Талкачоў лічыць, што раней судзімым перашкаджае працаваць не адсутнасць вакантных працоўных месцаў, а тое, што ў іх няма матывацыі да працы: то ёсць яны не жадаюць падвышаць сваю кваліфікацыю, а заработную плату хочуць пры гэтым мець высокую. Многія пакутуюць на залежнасць ад алкагольных напояў, вядуць асацыяльны лад жыцця, што не дазваляе былым асуджаным адаптавацца да жыцця на волі.

З высновамі начальніка РАУС пагадзіўся і пракурор Хоцімскага раёна Ігар Савасцееў. Ён канстатаваў, што ў здзяйсненні 30 рэцыдыўных злачынстваў прымала ў дзел 25 чалавек, 20 з якіх (80 %) на той момант нідзе не працавалі і не вучыліся. З 30 злачынстваў 9 (30 %) былі здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення.

Між тым, высветлілася, што не толькі самі раней судзімыя асобы ў Хоцімскім раёне не хочуць уладкоўвацца на працу. Як піша “Шлях кастрычніка”, на ўсіх людзей, якія павінны вярнуцца з мест зняволення, браніруюцца працоўныя месцы, аднак наймальнікі зусім у не захапленні ад такіх працаўнікоў. Прасцей кажучы, былых асуджаных проста не хочуць браць на працу. Праблему прызнаў нават старшыня Хоцімскага райвыканкама Фёдар Вішнеўскі, які адзначыў, што нельга падзяляць людзей на дрэнных і добрых, не ўсе вяртаючыеся з турмы -- закаранелыя злачынцы, важна аказываць гэтым людзям падтрымку і давер.

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч, які ўзначальвае мясцовую арганізацыю Партыі БНФ, кажа, што праблемай адаптыцыі раней судзімых людзей у грамадства ў Хоцімскім раёне проста ніхто не займаецца.

“Начальнік РАУС і пракурор Хоцімскага раёна проста хітруюць, калі кажуць, што раней судзімыя грамадзяне не хочуць уладкоўвацца на працу, - выказвае меркаванне Валерый Каранкевіч. – Ды ніхто іх на працу на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна проста не хоча браць. У нас у Хоцімскім раёне вялікая праблема знайсці прыстойную працу для любога чалавека, мора людзей вымушана выязджаць на заробкі ў Расію, што тут казаць пра былых асуджаных. Гэтыя людзі выжываюць, як могуць – маладзейшыя таксама едуць у Расію, ну а больш сталыя выжываюць  за кошт збору грыбоў і ягад, другаснай сыравіны, падпрацоўваюць у асабістых гаспадарках грамадзян. Наогул, праблемай адаптацыі ў грамадства раней судзімых грамадзян у Хоцімскім раёне практычна ніхто з уладных структур не займаецца, многія з іх спецыяльна здзяйсняюць злачынствы, каб зноў апынуцца за кратамі і неяк перажыць зіму”.

Застаецца нагадаць, што намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата ў студзені-верасні 2012 года ў Хоцімскім раёне склала 2 485, 7 тысяч рублёў. Гэты паказчык з’яўляецца адным з самых нізкіх сярод раёнаў Магілёўскай вобласці.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international