Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Лістапад 2012 году

2012 2012-12-10T12:24:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Становішча з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе можна ахарактэразаваць як перыяд застою і крызісу: стабільная кепская сітуацыя заставалася нязменнай, у той жа час значнага пагаршэння не зафіксавана.

Гэтая характарыстыка вынікае з агульнага крызісу ў стасунках паміж беларускімі ўладамі і Еўрапейскім Саюзам, сыходзячы з моцнай залежнасці ўзроўню выканання правоў чалавека ў Беларусі ад знешнепалітычнга фактару. Фактычна цэлы месяц адбываўся абмен мэсыджамі паміж беларускім бокам і прадстаўнікамі еўрапейскай супольнасці адносна існуючай сітуацыі, магчымасцяў для ўзнаўлення дыялогу і супрацоўніцтва, а таксама ўмоваў для іх ажыццяўлення.

14 лістапада кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюзу ў Беларусі Майра Мора падчас міжнароднай экспертнай канферэнцыі “Беларусь на перакрыжаванні інтэграцыяй: адносіны з ЕС у сітуацыі фармавання Еўразійскага саюзу” паведаміла, што вядзецца тэхнічны дыялог паміж Брусэлем і афіцыйным Мінскам, але адзначыла, што перамовы ідуць вельмі складана ў сувязі з невыкананнем беларускім бокам галоўнага патрабавання – “вызвалення і ўзнаўлення ў правах палітычных зняволеных”. “Адносіны Беларусі і ЕС калісці былі ў значна лепшай форме, чым зараз,” – сказала М. Мора.

«У адносінах паміж Еўрасаюзам і Беларуссю цяпер момант, калі бакам трэба ўзяць час для асэнсавання», — заявіў 14 лістапада пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл. ЕС, адзначыў ён, прапануе выразныя ўмовы, выкананне якіх неабходна для паляпшэння адносінаў. «Самае важнае — гэта вызваленне палітзняволеных. Беларусь знаходзіцца ў Еўропе, і мы хочам бачыць, што яна падзяляе еўрапейскія каштоўнасці», — падкрэсліў дыпламат.

У сваю чаргу беларускі бок адказваў: «Калі вы хочаце, каб мы мяняліся ў тым напрамку, у якім вы хочаце, тады санкцыі — гэта не лепшы метад», — падкрэсліў 26 лістапада ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Reuters Аляксандр Лукашэнка. «Мы ўжо па патрабаванні Еўрасаюза і асобных палітычных дзеячаў зрабілі столькі крокаў, што можна было прайсці 10 км. Але абяцаных крокаў насустрач мы не атрымалі. Таму рабіце выснову, хто павінен рабіць гэтыя крокі. Мы гатовыя да гэтага, але не трэба да нас прыязджаць на перамовы або на сустрэчы і ставіць перад намі ўмовы. Мы ўжо гэтых умоў выканалі не адзін дзясятак. У адказ мы атрымалі ўзмацненне санкцый». Лукашэнка таксама адзначыў, што ўжо практычна ўсе асуджаныя за падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў, выйшлі на свабоду: «Вы да мяне прыязджалі, еўрапейцы, і патрабавалі вызваліць. Я сказаў: добра, але па нашых законах. Ты павінен звярнуцца да прэзідэнта, каб цябе памілавалі. Па ўсіх, хто звярнуўся, хоць яны і вінаватыя, я прыняў рашэнне аб памілаванні. Адзін ці два не звярнуліся. Яны кажуць, што ім у турме лепш, яны тады героямі будуць. Добра, будзьце ў турме», - дадаў А.Лукашэнка.
Такім чынам, склалалася сітуацыя, калі Еўразвяз паслядоўна патрабаваў вызвалення ўсіх без выключэння палітвязняў для ўзнаўлення стасункаў з афіцыйным Мінскам, а той у сваю чаргу чакаў станоўчай рэакцыі на кожны з ранейшых прамежкавых крокаў. Гэтая тупіковая сітуацыя так і не знайшла свайго станоўчага вырашэння, закладнікамі ўпартай пазіцыі беларускіх уладаў па-ранейшаму заставаліся 12 палітычных зняволеных.

 

Адначасова А. Лукашэнка вярнуўся да адмаўлення наяўнасці палітзняволеных у Беларусі. Калі ў кастрычніку гэтага году падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных журналістаў ён заяўляў: “У нас двое ці трое палітвязняў, якія штурмавалі і ламалі Дом урада”, то ўжо ў інтэрв’ю Reuters адзначаў: «Вы за што душыце санкцыямі Беларусь? Маўляў, нейкія палітычныя зняволеныя ў нас ёсць. Добра, прыязджайце і пакажыце хоць аднаго палітычнага вязня, але як спецыялісты. Пакажыце хоць аднаго чалавека, якога мы незаконна асудзілі, а мы вам пакажам свае матэрыялы”.

Такая ж пазіцыя прагучала і адносна зняволенага кіраўніка зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 гады па абвінавачанні ў за нявыплаце падаткаў. 13 лістапада на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі БДЭУ А. Лукашэнка заявіў пра падвойныя стандарты ў ацэнцы справы: «Інфармацыю нам даў Еўрапейскі Саюз праз Літву, дзе ён хаваў грошы. Так, у Амерыцы можна атрымаць пажыццёвае зняволенне за нявыплату падаткаў -- гэта нармальна».

 

Кіраўнік дзяржавы адмаўляў таксама наяўнасць праблем і ў іншых сферах правоў чалавека, у тым ліку – свабоды слова і выказвання меркавання. У тым жа інтэрв’ю Reuters А. Лукашэнка сказаў: "У нас немагчыма зачыніць людзям доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Расійскія каналы ўсе транслююцца,"Еўраньюс", Сі-эн-эн, Бі-бі-сі, атрымліваем стужку Рэйтэр. У нас інтэрнэт у кожнага ў доме. Калі ласка, бяры адкрывай і чытай ". Разам з тым, замежныя крыніцы інфармацыі па-ранейшаму падвяргаліся цэнзуры, а існуючыя беларускія (як нацыянальныя, так і рэгіянальныя выданні) зведвалі ціск, вымушаныя выжываць ва ўмовах дыскрымінацыі. Не былі спыненыя крымінальныя справы супраць журналіста Анджэея Пачобута за выказванні пра прэзідэнта і студэнта-журналіста Антона Сурапіна, які першым змясціў на сваім сайце фотаздымкі “плюшавага дэсанту” ў ліпені, захоўвалася практыка пераследу супрацоўнікаў медыя за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў.

Па-ранейшаму выкарыстоўваліся адвольныя затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні ў адносінах да актывістаў грамадскіх арганізацыяў і рухаў, палітычных партый. З моцнымі абмежаваннямі і забаронамі сутыкаліся грамадзяне, якія імкнуліся выказаць альтэрнатыўныя меркаванні шляхам правядзення публічных масавых мерапрыемстваў. Працягвалася практыка ціску на праваабаронцаў і пераследу праваабарончых арганізацый.

 

Важнай падзеяй у праваабарончай сферы стала афіцыйнае ўступленне на пасаду з 1 лістапада Спецыяльнага дакладчыка ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці. Сваю першую афіцыйную заяву спецдакладчык адрасаваў беларускай грамадзянскай супольнасці і ўраду Беларусі з заклікам да абодвух бакоў да адкрытага дыялогу з мэтай прасоўвання і абароны правоў чалавека ў краіне. У якасці свайго першага кроку, па заяве эксперта, будзе пошук магчымасці сустрэцца з урадам Беларусі для абмеркавання шляхоў абмену інфармацыяй, неабходных для лепшага выканання мандата. «Адкрытыя каналы камунікацыі і дыялогу з уладамі, а таксама з іншымі зацікаўленымі бакамі, неабходныя для забеспячэння дакладнасці дакладаў, якія я павінен у адпаведнасці са сваім мандатам падаць у Савет па правах чалавека і ў Генеральную Асамблею ў наступным годзе», - падкрэсліў сп-р Харашці.
Праваабарончая супольнасць Беларусі адгукнулася на запрашэнне спецдакладчыка, і 12 – 13 лістапада ў Беларускім доме правоў чалавека ў Вільні прайшла сустрэча беларускіх праваабаронцаў з Міклашам Харашці. Былі праведзены кансультацыі са па шырокім коле пытанняў, датычных сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Адначасова афіцыйны Мінск паўтарыў, што не прызнае мандату спецдакладыка. 20 лістапада беларуская дэлегацыя на 67-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН заявіла, што не падтрымлівае рэзалюцыю па дакладзе Савета ААН па правах чалавека. Па словах дарадцы Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН Ларысы Бельскай, такое рашэнне прынята беларускім бокам у сілу прычын прынцыповага характару, у тым ліку, звязаных з прыняццем Саветам у ліпені 2012 рэзалюцыі, якая заснавала “палітычна матываваны мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі”: «Мы неаднаразова заяўлялі, што гэтыя рашэнні Савета не маюць нічога агульнага з рэальнай сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і нацэлены на ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы нашай краіны. І рэзалюцыя, і мандат спецдакладчыка па Беларусі навязаныя міжнароднай супольнасці групай дзяржаў Еўрасаюза, якія прасоўваюць у Савеце сваю палітычную парадак дня. Галоўная задача рэзалюцыі і заснаванага ёй мандата - гэта мэтанакіраваная антыўрадавыя дзейнасць у Беларусі пад прыкрыццём ААН».

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

5 лістапада бабуля палітвязня Яўгена Васьковіча атрымала ліст, у якім ён папрасіў, каб у дачыненні да яго «не было ніякіх скаргаў, ніякай самадзейнасці». Я. Васьковіч удакладніў: «У прэсе пра мяне пісаць можна. Але — не часта і толькі тое, што я ёсць зняволены». Таксама ён папрасіў, каб у прэсе не пісалі пра канкрэтны змест яго лістоў. Не выключана, што публікацыі пра Яўгена Васьковіча ў друкаваных і электронных СМІ пра некаторыя падрабязнасці яго жыцця ў турме раздражняюць адміністрацыю пенітэнцыярнай установы, і гэта адмоўна адбіваецца на самім зняволеным.

 

8 лістапада еўрадэпутат Марэк Мігальскі накіраваў зварот да начальніка турмы № 4 у Магілёве і начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча. Прычынай для звароту стала інфармацыя пра тое, што адміністрацыя турмы імкнецца яго поўнасцю ізаляваць: яму адмаўляюць у сустрэчы з праваслаўным святаром, карэспандэнцыя блакіруецца, пасылкі, газеты і брашуры не даходзяць. 9 лістапада адбылася сустрэча Мікалая Статкевіча з адвакатам. З ягоных словаў жонка палітвязня Марына Адамовіч паведаміла, што М. Статкевіча перавялі ў іншую камеру з лепшымі ўмовамі, а 1 лістапада яго наведаў праваслаўны святар. Марына Адамовіч распавяла пра рэакцыю адміністрацыі магілёўскай турмы на скаргу Мікалая Статкевіча, што ў турме не выдаюць гігніенічныя прылады, хаця грошы з пэнсіі на ўтрыманне рэгулярна адлічаюць. «Яго спрабавалі запэўніць, што ў гэта не ўваходзяць выдаткі на туалетную паперу, мыла, галякі і гэтак далей. Але з новага году зняволеным будуць выдаваць усё гэта ў турме».

 

8 лістапада стала вядома, што палітвязня Дзмітрыя Дашкевіча перавялі ў турму №1 у Гродне. 9 лістапада з ім сустрэўся яго адвакат, які распавёў пра падрабязнасці этапавання свайго падабароннага з Мазыра ў Гродна. Высветлілася, што Дз. Дашкевіча адправілі на этап 4 лістапада, суткі ён правёў у магілёўскай турме, яшчэ суткі — у баранавіцкай. Раніцай 7 лістапада прыбыў у гродзенскую турму, дзе суткі правёў у каранціне, пасля чаго быў пераведзены ў камеру ў новы корпус турмы, які зняволеныя называюць «амерыканкай», дзе больш строгі кантроль з боку адміністрацыі ў параўнанні са старым корпусам турмы, але не так востра стаіць пытанне спальных месцаў на колькасць зняволеных. Умовы ў гродзенскай турме не прынцыпова адрозніваюцца ад умоў у памяшканнях камернага тыпу глыбоцкай і мазырскай калоній, дзе раней утрымліваўся Дашкевіч. 15 лістапада адвакат зноў сустрэўся з Дзмітрыем Дашкевічам. Стала вядома, што палітвязень у камеры знаходзіцца адзін, па ўмовах строгага рэжыму яму дазволена толькі адна бандэроль вагой у 2 кілаграмы ў год, так што ён вымушаны харчавацца тым, што даюць у турме. У мясцовым кіёску ён можа набыць сабе яшчэ штосці па заяве не больш чым на 100 тысяч рублёў за месяц (каля 12 даляраў ЗША).

8 лістапада ў Віцебску быў затрыманы 22-гадовы намеснік кіраўніка моладзевага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў», слесар "Нафтану" Андрэй Гайдукоў з Наваполацку, праз некалькі дзён -- перавезены ў Мінск у СІЗА КДБ.  Па гэтая самай справе быў дапытаны яшчэ адзін наваполачанін, актывіст ставаранай партыі БХД Ілля Багданаў, аднак яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Афіцыйны сайт КДБ паведаміў, што "Камітэтам дзяржаўнай бяспекі спынена супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які займаўся па заданні замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. Гэты  грамадзянін затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка з цікавяць замежныя спецслужбы звесткамі. У дачыненні да затрыманага ўзбуджаная крымінальная справа па ч.1 ст.356 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці», праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых і следчых мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне іншых эпізодаў яго супрацьпраўнай дзейнасці". 22 лістапада Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» завявіла, што Андрэй Гайдукоў быў затрыманы, калі перавозіў частку тыражу газеты «Хартыя'97» для распаўсюджвання ў Віцебскай вобласці. 29 лістапада стала вядома, што ён будзе пераведзены з СІЗА КДБ у СІЗА №2 г. Віцебска.

 

9 лістапада палітвязень Эдуард Лобаў, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі №5, сустрэўся з ксяндзом. Апошняя сустрэча верніка са святаром была амаль год таму. З 16 па 19 лістапада ў маці Эдуарда Лобава Марыны было доўгатэрміновае спатканне з сынам. Яна паведаміла, што сын на ўмовы ўтрымання не скардзіцца, у яго ўсё ў парадку са здароўем, хоць нядаўна ён быў прастуджаны, але ўжо паправіўся, трымаецца бадзёра, настрой добры. У калоніі Эдуард, паводле яе слоў, не працуе, бо там працы няма, застаўся толькі адзін рабочы атрад. Ён шмат чытае, яму выпісана шмат газет, усе прыходзяць. У яго няма праблем і з адміністрацыяй калоніі, і з іншымі зняволенымі.


10 лістапада маці Ігара Аліневіча, які адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі, атрымала "доўгатэрміновае спаткане" з сынам, скарочанае з трох сутак да адных. Прадукты адміністрацыя калоніі перадаць не дазволіла, у тым ліку і два мяхі яблыкаў, якія спадарыня Валянціна хацела ахвяраваць у атрад, дзе ўтрымліваецца яе сын. Харчовых перадач  Ігар Аліневіч пазбаўлены цягам апошніх шасці месяцаў. Ігар Аліневіч — вэгетарыянец. Як злоснаму парушальніку рэжыму яму «ўрэзалі» так званую «атаварку» — патраціць на ежу і прадметы асабістай гігіены ён можа толькі 100 тысяч рублёў у месяц (каля 12 даляраў ЗША).

 

21 лістапада афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага Камітэту па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч паведаміў пра працягненне папярэдняга следства па крымінальнай справе карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» з Гродна Андрэя Пачобута на месяц. Па яго словах, гэта зроблена “для правядзення дадатковых следчых і працэсульных дзеянняў”, а “для дачы аб’ектыўнай ацэнкі дзеянняў абвінавачанага прызначаны шэраг лінгвістычных экспертыз”. 29 лістапада Андрэя Пачобута выклікалі да следчага, каб паведаміць, што па ягоных публікацыях прызначана яшчэ адна лінгвістычная экспертыза, якую будуць праводзіць супрацоўнікі Гарадзенскага ўніверсітэту. Гэта ўжо чацвёртая лінгвістычная экспертыза ў гэтай справе, да гэтага экспертызы былі праведзены экспертамі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, БДУ і Акадэміі навук. А. Пачобут выказаў меркаванне, што новая экспертыза прызначаная для таго, каб даць следчым дадатковы час. Следчы таксама пазнаёміў журналіста з вынікамі тэхнічнай экспертызы канфіскаваных камп’ютараў. «Камп’ютары экспертам знаёмыя, яны іх і мінулы раз правяралі. Вынік чаканы – «Белпартызан» і «Хартыя» з гэтага камп’ютара сапраўды наведваліся, тэкставыя файлы некаторых артыкулаў, якія фігуруюць у абвінаваўчым заключэнні, сапраўды ёсць», – адзначыў Пачобут. Тэхніку А. Пачобуту не вярнулі, бо гэтыя камп’ютары далучаныя да матэрыялаў справы. Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў здзяйснені злачынаства, прадугледжанага ч. 2 арт. 367 КК РБ “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Справу завяло ўпраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці ў чэрвені 2012 г. на падставе шэрагу публікацый журналіста ў інтэрнэце. 21 чэрвеня ў яго кватэры ў Гродна адбыўся ператрус, да 30 чэрвеня журналіст прасядзеў у гродзенскім СІЗА, пасля чаго быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, журналіста могуць пакараць абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін. Да гэтага тэрміну можа дадацца трохгадовы тэрмін зняволення, на які Пачобут быў асуджаны 5 ліпеня 2011 г. з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Тады журналіста прызналі вінаватым у парушэнні арт. 367 ч. 1 (паклёп на прэзідэнта). Па законе, калі на працягу двух гадоў асуджаны здзейсніць парушэнне гэтага ж артыкулу закона, то пакаранне абавязкова будзе ўжыта супраць яго.  

 

22 лістапада ў Берліне была ўручана прэмія імя Петры Келі, якую фонд імя Генрыха Бёля прысудзіў зняволенаму кіраўніку Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму. Узнагарода была прысуджана як знак прызнання заслугаў Бяляцкага ў адстойванні правоў чалавека ў аўтарытарнай Беларусі. Атрымала прэмію жонка палітвязня Наталля Пінчук. Раней Алесь Бяляцкі адмовіўся ад грашовага складніка прэміі -- 10 000 еўра, папрасіўшы накіраваць гэтыя сродкі на падтрымку праваабарончай дзейнасці ў Беларусі. 24 лістапада споўнілася роўна год, як суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў Алеся Бяляцкага да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, у тым ліку – памяшканння, у якім месціўся 12 гадоў мінскі офіс "Вясны" (канфіскацыя прызначана на 26 лістапада 2012 году). 26 лістапада прэзідэнт Французскай рэспублікі Франсуа Аланд узвёў прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Суэр Белхасен у ранг кавалера ордэна Ганаровага легіёна. Ён прысвяціў гэтую ўзнагароду усім актывістам FIDH, і асабліва – тым, што знаходзяцца ў зняволенні, сярод іх і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі. 29 лістапада Алесь Бяляцкі патэлефанаваў з Бабруйскай калоніі дадому. Па словах яго жонкі Наталлі Пінчук, лістоў ад мужа не было ўжо некалькі тыдняў, таму кароткае тэлефанаванне для яе стала падзеяй. Алесь Бяляцкі сказаў, што ведае пра канфіскацыю памяшкання, у якой знаходзіўся офіс "Вясны".

 

28 лістапада стала вядома, што на 4 снежня прызначана выязное пасяджэнне Шклоўскага суда па справе вязня шклоўскай калоніі Мікалая Дзядка, на якім павінна быць прынятае рашэнне адносна накіравання зняволенага як злоснага парушальніка рэжыму з калоніі ў «крытую» турму. Суддзя Віталь Волкаў дазволіў абараняць Мікалая Дзядка на пасяджэнні ягонаму адвакату, але не даў дазволу на тое, каб палітвязня абараняў таксама ягоны бацька, былы суддзя Мінскага абласнога суда Аляксандр Дзядок. Паводле А.Дзядка, у яго сына ўжо 22 спагнанні за розныя парушэнні дысцыпліны, і спецыяльная камісія ў калоніі выказалася за накіраванне Мікалая Дзядка ў «крытую» турму. Бацька палітвязня лічыць, што ўсе гэтыя парушэнні тлумачацца тым, што сын адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні.

 

28 лістапада стала вядома, што Аляксандра Францкевіча, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму “Воўчыя норы”, змясцілі ў штрафны ізалятар. Маці вязня – Таццяне Францкевіч не ўдалося даведацца, на колькі і сутак і па якой прычыне такое рашэнне прыняла адміністрацыя калоніі, але не выключае, што гэта звязана з жаданнем падарваць маральны дух палітзняволенага.

 

Смяротнае пакаранне

 

21 лістапада маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва атрымала рашэнне КПЧ ААН, датаванае 14 лістапада. Зварот быў разгледжаны ў рэкордна кароткі тэрмін - меньш за год. Камітэт прызнаў, што следства праводзілася са шматлікімі памылкамі, да Кавалёва прымянялася фізічная сіла і прымус даваць паказанні супраць сябе, суд не быў бесстароннім, было парушана права на жыццё. Зварот у Камітэт па правах чалавека Любоў Кавалёва і яе дачка Таццяна Казяр падалі 14 снежня 2011 года, і ўжо на наступны дзень ён быў зарэгістраваны. Дзяржава падчас перапіскі з КПЧ увесь час аспрэчвала сам факт рэгістрацыі скаргі, хаця яе працэдура ніводнай краінай свету не абскарджвалася. У сваіх адказах беларускія ўлады падкрэслівалі, што загадзя вядома, што рашэнне Камітэта будзе палітызаваным, а таму дзяржава не будзе да яго прыслухоўвацца. У адносінах да заяўнікаў Любові Кавалёвай і Таццяны Казяр КПЧ прызнаў таксама парушэнне права на атрыманне цела забітага сваяка і інфармацыі пра час і месца ягонага пахавання і рэкамендаваў дзяржаве змяніць ч.5 арт.175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, паводле якога родным забараняецца выдача цела. Таксама дзяржаве рэкамендавана апублікаваць рашэнне КПЧ у дзяржаўных выданнях. Дакумент дасылаецца як заяўнікам (Кавалёвай і Казяр), так і прадстаўнікам улады (Міністэрству замежных справаў). Дагэтуль на разглядзе КПЧ знаходзяцца яшчэ 4 справы па вынесеных у Беларусі смяротных пакараннях.

 

30 лістапада ў Мінску да сусветнай акцыі «Гарады за жыццё, гарады супраць пакарання смерцю» далучыліся актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Актывісты знічкамі падсвяцілі касцёл святых Сымона і Алены. Гэты будынак абралі невыпадкова. Ён з’яўляецца вельмі пазнавальным не толькі ў Мінску і ў Беларусі, але і за яе межамі. Да таго ж непадалёку ад касцёлу на вуліцы Валадарскага ў СІЗА №1 і дзейнічае "спецкалідор" – месца, дзе і прыводзяцца ў выканне смяротныя прысуды.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

8 лістапада на вуліцы Сікорскага ў Брэсце аўтамабіль, на якім ехаў праваабаронца Раман Кісляк, быў спынены супрацоўнкамі Дзяржаўтаінспекцыі. Пасля праверкі дакументаў яны заявілі Кісляку, што затрымаюць яго, бо ён нібыта хаваецца ад адміністратыўнага пераследу. Калі Рамана Кісляка адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста, там высветлілася, што падставай для затрымання стала тое, што праваабаронца не прайшоў дактыласкапію. Раней яго ўжо затрымлівалі і настойліва патрабавалі, каб ён здаў адбіткі пальцаў, але тады Р. Кісляк абскардзіў гэтае прымусовае патрабаванне ў пракуратуры, і яго больш не выклікалі ў міліцыю з гэтай нагоды. Аднак 8 лістапада Кісляку прыйшлося прайсці дактыласкапію, бо ў адваротным выпадку яму пагражала забарона на выезд з Беларусі, што магло нашкодзіць праваабарончай дзейнасці. Сваё ўключэнне ў адмысловую базу дадзеных, на падставе чаго і адбылося затрыманне, Раман Кісляк лічыць незаконным і выказаў намер абскарджваць гэтае рашэнне.

 

12 лістапада віцебскі праваабаронца, які на працягу ночы знаходзіўся на месцы выбуху каля будынка КДБ у Віцебску і даваў каментары з месца падзеі, быў дастаўлены ў Кастрычніцкі РУУС, дзе яго аштрафавалі на 200 тысяч рублёў (2 базавыя адзінкі) за пераход дарогі ў недазволеным месцы. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні быў складзены на праваабаронцу інспектарам ДАІ Баранавым, па меркаванні Левінава, па загадзе начальніка інспектара Халаднова, які запатрабаваў ад свайго падначаленага заняцца менавіта ім, каб адцягнуць увагу ад будынка КДБ. Да гэтага Баранаў ніяк не рэагаваў на супрацоўнікаў КДБ, якія пераходзілі дарогу не на пешаходным пераходзе.

 

20 лістапада стала вядома, што апеляцыйная інстанцыя Мінскага гаспадарчага суда адмовіла ўстанове «Платформа» ў задавальненні скаргі на рашэнне суда аб ліквідацыі. Паводле кіраўніка «Платформы» Андрэя Бандарэнкі, разгляд скаргі адбыўся яшчэ 13 лістапада у адсутнасць прадстаўнікоў установы. Па ягоных словах, сакратар суда нібыта згубіла заяву праваабаронцаў аб пераносе пасяджэння, а суддзя зрабіў выгляд, што нічога ўжо зрабіць немагчыма. Андрэй Бандарэнка паведаміў, што ўжо накіраваная касацыйная скарга ў Вышэйшы гаспадарчы суд, а таксама пададзеная скарга ў пракуратуру.

21 лістапада штраф у памеры 5 базавых велічынь (500 тысяч рублёў) атрымаў па рашэнню Інспекцыі па падатках і зборах Савецкага раёну Гомеля праваабаронца Леанід Судаленка. На яго быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкулу 23.9 КаАП (парушэнне прадстаўлення дэкларацыі). Нагадаем, падатковая запатрабавала дэкларацыю аб прыбытках за пяць гадоў у праваабаронцы, яго жонкі і нават сына, які служыць у войску. Леанід Судаленка адмовіўся прадставіць дэкларацыю, і меў на тое некалькі істотных прычын. Па-першае, у 2008 годзе падатковая ўжо патрабавала ў яго дэкларацыю, якую ён і прадставіў. А потым звесткі пра яго прыбыткі з'явіліся ў газеце «Гомельская праўда», што недапушчальна і парушае заканадаўства (разгалошванне звестак службовай асобай). Таксама праваабаронца цікавіўся ў падатковай: па чыім даручэнні дзейнічае інспекцыя, хто стаў ініцыятарам праверкі, і наогул, адкуль у падатковай такая цікаўнасць да яго сям'і, сына ў войску? Начальнік інспекцыі па падатках і зборах па Савецкаму раёну Канстанцін Трацэўскі разгледзеў адміністрацыйны пратакол і пакараў праваабаронцу штрафам, прычым са словамі «я вымушаны гэта зрабіць». Адразу ж у падатковай яму разам з пастановай аб штрафе ўручылі і новае патрабаванне ад прадстаўленні дэкларацыі.

 

26 лістапада ў 10 гадзінаў раніцы ў памяшканне, дзе апошнія 12 гадоў месціўся офіс Праваабарончага цэнтру “Вясна”, прыйшлі судовыя выканаўцы, міліцыянты, аператар у грамадзянскім, супрацоўнікі камунальных службаў і двое панятых. Судовыя выканаўцы апячаталі памяшканне арганізацыі. За некалькі хвілін да канфіскацыі офіса і маёмасці намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч агучыў заяву, прынятую Радай арганізацыі. У ёй адзначаецца, што страта офіса - сур'ёзны ўдар для "Вясны", аднак гэта не спыніць правабарончую дзейнасць. Арганізацыя працягне дапамагаць людзям, чые правы парушаюцца, а таксама адсочваць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

 

У лістападзе падаткавыя органы выкарысталі новыя спосабы ціску на сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”, прэзідэнта Беларускага Дому правоў чалавека Таццяну Рэвяка. Праверка даходаў і маёмасці праваабаронцы, якую ажыццяўляе інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах РБ па Першамайскім раёне г.Мінска за перыяд з 2004 па 2010 год, не выявіла ў прадстаўленых ёю дакументах парушэнняў, звязаных з утойваннем прыбыткаў. Аднак падчас праверкі высветлілася, што ў падатковы орган перададзены дадзеныя з крымінальнай справы кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. Таццяна Рэвяка ўжо двойчы (20 і 27 лістапада 2012 году) была апытаная старэйшым падаткавым інспектарам адделу кантролю за дэклараваннем прыбыткаў і маёмасці фізічных асобаў інспекцыі МНС па Першамайскім раёне Валянцінай Буравай  адносна сумаў, якія фігуруюць у крымінальнай справе Алеся Бяляцкага і якія праваабаронца нібыта ёй пералічваў. Таццяне Рэвяка было прапанавана адказаць на пытанні, датычныя наяўнасці рахункаў у літоўскім банку, мэтаў іх адкрыцця, характару пераводаў на іх сродкаў. У пратаколе апытання ўказваецца, што “у інспекцыі маюцца копіі выпісак з рахункаў АО DnB NORD банк, Вільнюс, Літва, згодна з якімі атрымальнікам грашовых сродкаў выступае Таццяна Рэвяка” (ад А. Бяляцкага), аднак інспектар адмовілася прадставіць самі выпіскі.  У такой сітуацыі праваабаронца адмовілася каментаваць інфармацыю без азнаямлення з дакументамі, а адносна тлумачэнняў па рахунках скарысталася сваім канстытуцыйным правам не даваць сведчанняў, якія могуць быць скарыстаны супраць яе. Інспектар Бурава паведаміла, што падаткавая будзе праводзіць праверку па атрыманай са справы Бяляцкага інфармацыі, па выніках якой будзе прынята рашэнне, ці будуць сродкі, якія нібыта былі пералічаныя Таццяне Рэвяка, залічаныя як яе асабісты прыбытак, які не быў задэклараваны і з якога не выплачаныя падаткі.

 

Актывізацыя ціску спецслужбаў на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

 

19 лістапада дэпутата Асіповіцкага райсавета, сябра аргкамітэту па стварэнні Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Аляксея Цюлькова выклікалі ў мясцовае ўпраўленне КДБ. Пасля працяглай гутаркі, якая цягнулася каля чатырох гадзінаў, яго папярэдзілі, што паводле артыкулу 193.1 КК Беларусі ён можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Раней у КДБ былі выкліканыя і іншыя асіповіцкія сябры аргкамітэту БХД – Анатоль Цераш і Ўладзімір Клімановіч.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

2 лістапада адміністрацыйная камісія Слуцкага райвыканкама прызнала грамадскага актывіста Віталя Амяльковіча вінаватым у парушэнні правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў. У другі раз камісія палічыла даказаным факт расклейвання налепак на слупе каля крамы. Гэта было кваліфікавана як парушэнне арт. 21.14 ч.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў, зацверджаных рашэннем Слуцкага райвыканкама. Адміністрацыйная камісія вынесла рашэнне за зачыненымі дзвярыма. Яе кіраўнік Наталля Чарнушэвіч прапанавала Віталю Амяльковічу выдаліцца пасля таго, як даведалася, што грамадскі актывіст запісаў на дыктафон папярэдняе паседжанне камісіі. Аднак, на гэты раз Амяльковічу ўдалося даведацца, хто менавіта яго затрымліваў ноччу 14 ліпеня і бачыў, «як ён расклейваў налепкі на слупе». Гэтым чалавекам аказаўся начальнік Слуцкага РАУС Аляксей Стром. Грамадскі актывіст не згодны з рашэннем адміністрацыйнай камісіі, якая аштрафавала яго на мільён рублёў, і выказаў намер яго абскардзіць у судзе Слуцкага раёна.

 

8 лістапада ў Свіслачы (Гродзенская вобласць) супрацоўнікі склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння на мясцовых жыхароў Анатоля Валюка, Віктара Дзесяціка і Юрыя Глебіка за ўдзел у акцыі 27 кастрычніка бягучага году па ўшанаванні памяці братоў Віктара і Кастуся Каліноўскіх. Дзень памяці паўстанцаў 1863 году адзначаецца ў Свіслацкім раёне дзевятнаццаць гадоў запар, ніколі з боку ўдзельнікаў не было ніякіх правакацый ці парушэнняў грамадскага парадку. У гэтым жа годзе ў час традыцыйнага святкавання былі затрыманы чатыры актывісты з розных гарадоў Беларусі, трое з іх былі асуджаны да трох сутак адміністратыўнага арышту, яшчэ адзін -- да грашовага штрафу. Праз некалькі дзён пасля гэтых судоў міліцыя стала турбаваць мясцовых удзельнікаў свята. 27 лістапада ў Свіслацкім раённым судзе адбыўся разгляд трох адміністратыўных пратаколаў, складзеных у дачыненні да Анатоля Валюка, Віктара Дзесяціка і Юрыя Глебіка. Першым быў аштрафаваны паэт Анатоль Валюк. Суддзя Жана Салагубік, якая вяла працэс, адмовіла яму ў выкліку сведкаў на той падставе, што яны таксама праходзяць па аналагічнай справе як абвінавачаныя. Відэазапіс, які вяла міліцыя ў дзень акцыі памяці, на судзе ў гэты раз прадэманстраваць не змаглі. Анатоль Валюк сцвярджае, што яго на відэаздымцы ўвогуле не было – па-сутнасці яго аштрафавалі за прысутнасць у гэты дзень у райцэнтры. Затым суддзя Салагубік імкліва разгледзела яшчэ два аналагічныя пратаколы, у выніку чаго кіраўнік свіслацкай суполкі БСДГ Віктар Дзесяцік і сябра асветніцкага грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” Юрый Глебік таксама былі аштрафаваныя на 10 базавых велічынь. 

22 лістапада ў Ленінскім РАУСе Гародні грамадскі актывіст Алесь Кіркевіч быў апытаны на прадмет яго ўдзелу ў традыцыйным Дні памяці паўстанцаў у Свіслацкім раёне. Кіркевічу паведамілі, што ў дачыненні да яго ідзе адміністратыўны працэс і задалі некаторыя пытанні, якія былі аформлены ў выглядзе пратаколу апытання. Алесь Кіркевіч адказаў, што ён сапраўды быў у Свіслачы на гэтым мерапрыемстве, і адмовіўся адказваць на шэраг іншых пытанняў.

 

8 лістапада суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Моталь вынесла рашэнне аб адміністрацыйным арышце на 15 сутак актывіста “Маладога Фронту” Уладзіміра Яроменка па абвінавачанні ў дробным хуліганстве па арт.17.1 КаАП.  Актывіст быў затрыманы 6 лістапада на плошчы Незалежнасці ў Мінску, дзе напярэдадні 7 лістапада актывісты МФ аблілі настойкай валяр’яны пастамент помніка Леніна. Мэта акцыі — заахвоціць катоў і котак з навакольных тэрыторыяў прыйсці пад помнік і “выказаць свае пачуцці”. Уладзімір Яроменак быў затрыманы аховай Дома Ураду каля помніка Леніну падчас падрыхтоўкі да кашачага пратэсту і дастаўлены ў РАУС Маскоўскага раёну.

 

9 лістапада суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Моталь вынесла рашэнне аб адміністрацыйным арышце на 15 сутак актывіста “Маладога Фронту” Рамана Васільева па абвінавачанні ў дробным хуліганстве па арт.17.1 КаАП. Раман Васільеў быў затрыманы ў Мінску 8 лістапада і ноч правёў у Маскоўскім РАУСе. Затрыманне адбылося, калі актывіст выйшаў з дому, каб ехаць на сустрэчу. Як «дробнае хуліганства» суддзя расцаніла ўдзел у акцыі на плошчы Незалежнасці ў Мінску, дзе дзе напярэдадні 7 лістапада актывісты МФ аблілі настойкай валяр’яны пастамент помніка Леніна.

 

19 лістапада прадпрымальнік з Баранавіч Мікола Чарнавус быў пакараны судом горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна штрафам у 3 мільёны рублёў (30 базавых велічынь) па абвінавачанні ў “арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства” – арт. 23.34 ч. 2 Адміністрацыйнага кодэкса за арганізацыю дабрачыннага абеду на мясцовым каапрынку 6 кастрычніка. Рашэнне прыняла суддзя Аксана Сарахман.

 

18 лістапада жыхар Гомеля Станіслаў Яленскі вяртаўся з Украіны праз памежны пункт пропуску «Новая Гута», дзе быў спынены памежнікамі для пільнага дагляду. Прычынай для гэтага стала аплікацыя на заднім шкле аўто – мядзведзік з парашутам, якія трымае ў руках цыдулку «Привет ПВО!». Адзін з памежнікаў зацікавіўся мядзведзікам і спытаўся, што азначае гэтая аплікацыя, затым выклікаў начальніка змены, і аўтамабіль гамяльчаніна адагналі для таго, каб разабрацца. Прыйшоў іншы памежнік з фотаапаратам і ва ўсіх ракурсах сфатаграфаваў медзведзяня на заднім шкле аўтамабіля. Гэтая рэакцыя памежнікаў хутчэй за ўсё звязаная з акцыяй «плюшавы дэсант», якую ажыццявілі ў ліпені швецкія грамадзяне, раскідаўшы на тэрыторыі Беларусі з легкаматорнага самалёта плюшавых мішак з патрабаваннямі забеспячэння правоў і свабодаў у краіне.

 

21 лістапада на беларуска-украінскай мяжы на памежным пераходзе “Новая Гута” мытнікі правялі асабісты дагляд каардынатара моладзевай сеткі Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Андрэя Стрыжака. У выніку ноутбук, які ён меў пры сабе, быў выняты для праверкі. Затрыманне праводзіў старэйшы лейтэнант Раман Тофан.

 

22 лістапада прыблізна ў 15:30 каля ўнівермага "Беларусь" на Партызанскім праспекце ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" - Сяргея Казакова і Валянціну Цюраву, якія раздавалі газету "Хартыя'97". Затрыманых даставілі ў Заводскі РУУС, адкуль адпусцілі пасля 19 гадзін.

 

26 лістапада каля помніка Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску сабраліся прадстаўнікі партый і грамадскіх арганізацый, каб адзначыць ўгодкі славутага белларускага пісьменніка. Чытанне вершаў і выступы аматараў творчасці пісьменніка міліцыя расцаніла як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, і прысутным давялося разыходзіцца перад пагрозай быць затрыманымі. Усяго было задзенічана 14 супрацоўнікаў міліцыі, усіх удзельнікаў імпрэзы здымаў на відэакамеру "штатны" аператар. Спачатку міліцыянты толькі назіралі за падзеямі, потым супрацоўнік міліцыі ў форме, але без бэйджа з прозвішчам заявіў, што тут сабраліся ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства, ды яшчэ з выкарыстаннем атрыбутыкі – меліся на ўвазе бел-чырвона-белыя стужкі, прышпіленыя на грудзях у прысутных. На просьбу абласнога каардынатара руху "За Свабоду" Хрыстафора Жаляпава назваць сябе міліцыянт прадставіўся маёрам Багданавым  і прыгразіў затрыманнем, калі прысутныя не разыйдуцца. Супрацоўнікі ў цывільным атачылі прысутных у кола, пачуўшы словы маёра Багданава  пра несанкцыянаванае мерапрыемства. Было вырашана не азмрочваць святкаванне ўгодкаў пісьменніка разбіральніцтвам у пастарунку і судзе, таму на працягу 10-15 хвілін прысутныя разышліся.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

13 лістапада стала вядома, што былы галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валерый Булгакаў з’ехаў з Беларусі. Па ягоных словах, да такога ўчынку яго вымусіла следства, якое ўлада ўсчала супраць інтэлектуальнага выдання. Ён таксама выказаў меркаванне, што следства можа разглядаць розныя магчымасці інкрымінаваць яму розныя склады злачынства: або звязаны з распаўсюдам экстрэмісцкіх публікацый, або звязаныя з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, або са злоўжываннем службовай пасадай. 16 лістапада рэдакцыя часопіса Arche прыняла рашэнне не ўключаць выданне ў падпісны каталог "Белпошты" на першае паўгоддзе 2013 года. Рэдакцыя таксама звярнулася з просьбай да "Белпошты" вярнуць падпісчыкам грошы за другое паўгоддзе 2012 года. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце часопіса. У дакуменце зазначаецца, што з сярэдзіны верасня выданне перажывае пастаянны націск, у першую чаргу з боку дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю. "Праводзіцца паглыбленая праверка гаспадарчай дзейнасці ARCHE, яго супрацоўнікі выклікаюцца на гутарку ў ДФР, дзяржаўнае тэлебачанне імкнецца стварыць уражанне, нібыта гістарычныя матэрыялы, апублікаваныя ў свой час на старонках часопіса, маюць экстрэмісцкі характар. Блакіроўка рахунку ARCHE не дазволіла выпусціць у свет некалькі поўнасцю падрыхтаваных да друку нумароў". Звароты непасрэдна ў ДФР і скаргі ў вышэйшыя інстанцыі з просьбай разблакаваць рахункі выдання не мелі поспеху, гаворыцца ў заяве. "Мы не лічым сумленным браць на сябе новыя абавязацельствы перад сваімі падпісчыкамі ў той час, калі не выкананы яшчэ і старыя (пяць нумароў за другое паўгоддзе 2012 года ў друк выпусціць нам так і не ўдалося). І менавіта таму, да высвятлення сітуацыі, самі вырашылі адмовіцца ад уключэння нашага выдання ў падпісны каталог на першае паўгоддзе 2013 года, а таксама прасіць "Белпошту" аб вяртанні падпісчыкам ARCHE грошай за другое паўгоддзе 2012 года". 30 лістапада Упраўленне ДФР па Мінску і Мінскай вобласці адказала на пісьмовае хадайніцтва ГА “БАЖ” аб разблакаванні банкаўскага рахунку рэдакцыі часопіса ARCHE. Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) сцвярджае, што рэдакцыя не прадаставіла для праверкі патрэбных дакументаў. Намеснік кіраўніка Упраўлення ДФР па Мінскай вобласці і г. Мінску А. С. Лагуноў піша, што ў сувязі з гэтым УДФР прыняло рашэнне заблакаваць рахунак. У ARCHE заявілі, што перадалі ў ДФР усё запатрабаванае.

 

14 лістапада стала вядома, што Беларусь апынулася ў «Еўрапейскім спісе асаблівай увагі» Міжнароднага інстытут прэсы (IPI). Разам з нашай краінай у яго ўваходзяць Турцыя, Венгрыя і Украіна. Усе яны “паказваюць трывожныя прыклады адступлення ад свабоды СМІ ў Еўропе”. Спіс краін складаецца на падставе справаздач экспертаў IPI і Медыяарганізацыі Паўднёва-ўсходняй Еўропы (SEEMO). “IPI абрала гэтыя чатыры краіны не таму, што яны абавязкова найгоршыя ці адзіныя злачынцы, а таму, што кожная з іх сімвалізуе рост пагрозы для свабоды СМІ ў Еўропе”, – тлумачыць арганізацыя.

 

21 лістапада старшыні Управы Беларускага Радыё Рацыя, старшыні Беларускага Саюза ў Польшчы Яўгену Вапу ў консульстве ў Беластоку адмовілі ў магчымасці атрымання доўгатэрміновай візы. У траўні мінулага года на мяжы Яўгену Вапу анулявалі дзейную беларускую візу.

 

22 лістапада Светлагорскі райвыканкам сваім распараджэннем абавязаў мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі падпісацца на наступны год на дзяржаўныя выданні — ад «Советской Белоруссии» да мясцовай раёнкі «Светлагорскія навіны». У інтэрнэт трапіў загад генеральнага дырэктара светлагорскага аб’яднання «Хімвалакно» Васіля Касцюкевіча структурным падраздзяленням пра абавязковую падпіску на 8 афіцыйных газет. Кіраўнікам загадана пад персанальную адказнасць «арганізаваць падпіску на перыядычныя выданні сярод падначаленых працаўнікоў». І робіцца гэта, як сказана ў загадзе, дзеля «больш поўнай інфармаванасьці працаўнікоў пра палітычнае, эканамічнае, грамадскае, прафсаюзнае жыццё краіны і рэгіёну», а таксама дзеля «фармавання адзінага духу і задач». Дзеля гэтага трэба выпісаць 465 асобнікаў «Советской Белоруссии — Беларусь сегодня», па 5 асобнікаў «Звязды», «Народнай газеты», «Знамени юности», 12 — «Гомельскай праўды», 1 — «Рэспублікі» і 501— «Светлагорскіх навінаў». Практыка прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданні дзейнічае і на іншых прадпрыемствах. У суседнім Жлобіне на Беларускім мэталюргічным заводзе да вышэйназваных выданняў дадаецца яшчэ раённая газета «Новы дзень» і заводская «Металлург». Рэчыцкія настаўнікі адзначаюць, што іх прымушаюць на невялікія грошы, якія выплочваюць на набыццё метадычнай літаратуры, выпісваць абавязкова «Настаўніцкую газету».

12 лістапада на беларуска-літоўскай мяжы на мытным пункце “Каменны лог” пры перавозцы ў фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч быў выняты для экспертызы 41 асобнік альбомаў BELARUS PRESS PHOTO за 2011 год. Фатограф і арганізатар конкурсу «Прэс-фота Беларусі» Юлія Дарашкевіч паведаміла, што мытнікі вырашылі выняць альбомы, каб праверыць, ці няма там якой інфармацыі, якая шкодзіць беларускай дзяржаве. Яна адзначае, што гэтыя альбомы былі выдадзены цалкам легальна і ўсе мыты на іх даўно сплачаныя. 26 лістапада Ашмянскае аддзяленне мытні праінфармавала А.Васюковіча, што "друкаваная прадукцыя - BELARUS PRESS PHOTO у колькасці 41 асобніка на падставе вынікаў правядзення мытнай экспертызы прызнаецца незаконнай (не адпаведнай Дзяржаўнаму стандарту РБ СТБ 7.4-2009 "Выданні. Выходныя звесткі") і падлягае знішчэнню. BELARUS PRESS PHOTO – штогадовы конкурс медыя-фатографаў, заснаваны ў 2009 году айчыннымі фотарэпарцёрамі. У прэстыжнай гонцы штогод удзельнічаюць дзясяткі беларускіх фатографаў, фінальныя экспазіцыі дэманструюцца далёка за межамі Беларусі, а па выніках – ужо двойчы выпускалі складанку фатаграфій-пераможцаў.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

5 лістапада віцебскім сябрам КХП-БНФ прыйшоў з гарвыканкаму адказ на заяўку аб правядзенні масавага мерапрыемства 7 лістапада. Заяўнікам адмовілі па прычыне таго, што яны прасілі дазволу на шэсце і мітынг у недазволеных месцах. Для правядзення масавых акцый у Віцебску вызначаны тры месцы, кожнае – на ўскраіне горада. Актывісты КХП БНФ не згодныя з такім парадкам рэчаў: яны падалі заяўку на шэсце ад віцебскага чыгуначнага вакзала да плошчы Леніна, каб там правесці яшчэ і пікет. Сябра КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў адзначыў, што яны планавалі 7 лістапада непасрэдна каля помніка Леніну пагаварыць з жыхарамі гораду пра згубную ролю камуністычнай ідэалогіі для развіцця Беларусі, пра дзейнасць камуністаў па знішчэнні нацыянальнай культуры, мовы і самаідэнтычнасці беларускага народу.

 

25 лістапада ў Магілёве адбыўся дазволены мясцовымі ўладамі “Славянскі марш”, які раней планаваўся на 11 лістапада. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Дзмітрый Дзенісенка, які з’яўляецца нефармальным сябрам адной з прарасійскіх радыкальных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, і мае дачыненне да працы інфармацыйнага рэсурсу 14vn.com (“Верный народ”).  У цэлым гэты рэсурс мае радыкальную скіраванасць і выступае супраць Беларусі як незалежнай дзяржавы. Сярод мэтаў “Славянскага маршу” на сайце пазначаны: адраджэнне адзінай і непадзельнай Русі, славянскае братэрства і рускае адзінства, традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, сапраўдная праваслаўная духоўнасць, адраджэнне агульнарускіх традыцый, сацыяльная справядлівасць, супрацьдзеянне сусветнаму электроннаму канцлагеру (маецца на ўвазе чыпізацыя насельніцтва). Мясцовыя ўлады дазволілі мерапрыемства, аднак не дазволілі выкарыстанне чорна-жоўта-белага сцягу, які з’яўляецца сімвалам манархічнага руху і ў часы Расійскай імперыі быў афіцыйным сцягам. Сваю адмоў у выкарыстанні дадзенай сімволікі чыноўнікі матывавалі тым, што яна не з’яўляецца зарэгістраванай у Беларусі. Падчас шэсця ўдзельнікі маршу выкрыквалі лозунгі “Слава России!”, “Русские вперёд”, “Слава Белой Руси!”. Ужо пасля акцыі, 29 лістапада, стала вядома, што напярэдадні “Славянскага маршу” ў Магілёве затрымлівалі актывіста, які расклейваў антыфашыстоўскія ўлёткі на слупах па маршруту рушання ўдзельнікаў маршу. На ўлётках былі выявы перакрэсленай свастыкі і перакрэсленага двухгаловага арла – сучаснага герба Расіі. Іх ён вырабіў самастойна і раздрукаваў на ўласнай друкарцы. Актывіста заўважылі супрацоўнікі ДАІ, якія па рацыі выклікалі міліцыю, якія адвезлі яго ў Ленінскі РАУС, дзе яго апыталі, склалі пратакол і выпісалі позву, каб я прыйшоў да іх 29 лістапада. Па словах антыфашыста, перад тым, як яго адвезлі ў РАУС, да яго падыйшоў супрацоўнік КДБ, які азнаёміўся са зместам улёткі і даў зразумець, што з гэтым не павінна быць ніякіх праблем. У РАУСе актывіст абвінавацілі ў тым, што ён расклейваў улёткі без спецыяльнага дазволу і ў нявызначаным месцы. Калі ж Аляксандр прыйшоў па позве ў міліцыю, то там яму паведамілі, што ягоную справу закрылі і пастанову аб гэтым ужо выслалі па пошце.

 

28 лістапада Слуцкі райвыканкам адмовіў Партыі БНФ праводзіць мітынг, прысвечаны ўшанаванню памяці ўдзельнікаў Слуцкага паўстання. Акцыя была запланавана на 1 снежня на гарадскім стадыёне. Прычына адмовы – правядзенне мясцовымі ўладамі мерапрыемстваў з нагоды Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Арганізатарамі мітінгу памяці ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну выступалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр слуцкай суполкі партыі Віталь Амяльковіч. Планавалася, што ўдзел у мерапрыемстве возьмуць да ста чалавек. За тыдзень да гэтага сябры партыі КХП-БНФ правялі да Дня Герояў дазволеныя ўладамі шэсце і мітынг каля Слуцкага краязнаўчага музею.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцыяў

 

27 лістапада вернікі царквы “Новае жыццё” атрымалі пастанову Вышэйшага гаспадарчага суда, згодна з якой яны павінны да 5 снежня пакінуць свой будынак, аб 11-й гадзіне таго ж дня -- перадаць ключы прадстаўнікам ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы. За свой будынак вернікі пратэстанцкай царквы змагаюцца ўжо сем гадоў. У 2005 годзе было прынятае рашэнне Мінгарвыканкама, паводле якога царкву пазбавілі зямлі. Вернікі прайшлі праз 30 судовых працэсаў, адстойваючы сваё права на маёмасць, але ўсе яны былі прайграныя. У 2006 годзе вернікі былі вымушаныя праз галадоўку распачаць змаганне за царкву. Пасля гэтага пастара царквы запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе з ім размаўляў Алег Праляскоўскі – тагачасны намеснік кіраўніка Адміністрацыі, які курыраваў ідэалагічныя пытанні. Лукашэнка быў у тэме гэтай справы і папрасіў вернікаў спыніць галадоўку, каб вырашыць пытанне ў прававым поле. Вернікі пайшлі на гэта, аднак справу перадалі ў Вышэйшы гаспадарчы суд на новы разгляд. У 2008 годзе Мінгарвыканкам прапаноўваў вернікам выдзяліць іншы ўчастак для пабудовы царквы – у раёне МКАД, на вуліцы Шаранговіча. Але пратэстанты ад такой прапановы адмовіліся, спаслаўшыся, што рашэнне па іх справе яшчэ не прынята. Больш за тое, прапаноўвалася недастатковая для царквы плошча. 27 лістапада адбыўся сход, на якім вернікі вырашылі, якімі будуць іх далейшыя дзеянні па абароне сваёй царквы. Парафіяне нават не разглядалі варыянт добраахвотнага высялення з будынка, які яны пабудавалі на месцы разбуранага кароўніка. 29 лістапада адміністрацыі Маскоўскага раёну паведаміла судовым выканаўцам Гаспадарчага суду Мінску аб тым, што ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы адмовілася ад будынка царквы “Новае жыццё”. 4 снежня пра гэта юрысту царквы Сяргею Луканіну паведаміла ў тэлефоннай размове судовы выканаўца Гаспадарчага суду Вольга Шчарбовіч. Такім чынам, судовае рашэнне аб вызваленні будынку засталося, аднак судовая вытворчасць па гэтай справе цалкам спыненая і перададзеная ў архіў. Юрыст царквы Сяргей Луканін атрымаў адпаведныя дакументы позна ўвечары 4 снежня ў Гаспадарчым судзе Мінска.


 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international