Брэст: забароненыя пікеты за спрыянне малому памежнаму руху з Польшчай
Брэсцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні акцый, удзельнікі якіх мелі намер выступіць за больш хуткую рэалізацыю пагаднення аб малым памежным руху з суседняй краінай.
Як паведаміў адзін з ініцыятараў пікетаў Ігар Маслоўскі, ладзіць гэтыя мерапрыемствы планавалася 21, 22 і 23 снежня каля цэнтральнага ўнівермага ў абласным цэнтры. Падчас акцый актывісты мелі намер збіраць подпісы пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, чые выбарчыя акругі ўваходзяць у 50-кіламетровую памежную тэрыторыю з Польшчай, каб тыя сайдзейнічалі ўвядзенню спрошчанага парадку перасячэння мяжы.
“У адказе з гарвыканкама гаворыцца, што правядзенне пікетаў
забаронена на той падставе, што яны плануюцца ў месцы, якое не прызначана для
такіх мерапрыемстваў, - зазначае Маслоўскі. - Але збіраць подпісы на стадыёне
“Лакаматыў” ці на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў,
вызначаных гарвыканкамам, бессэнсоўна: там практычна не бывае людзей, тым больш
зімой. А вось на пляцоўцы каля ЦУМа заўсёды шматлюдна. Дарэчы, менавіта каля
гэтага гандлёвага аб'екта сёлета ў час парламенцкай выбарчай кампаніі мы досыць
часта праводзілі свае перадвыбарчыя пікеты. І нікому не перашкаджалі”.
Ігар Маслоўскі нагадаў, што практычнае ажыццяўленне пагаднення аб малым
памежным руху будзе садзейнічаць наладжванню эканамічных, культурных і
турыстычных сувязяў паміж памежнымі тэрыторыямі дзвюх краін і прынясе ўзаемную
выгаду беларускай і польскай народам.