viasna on patreon

Віцебскіх актывістаў БХД аштрафавалі "за хуліганства"

2012 2012-12-20T13:53:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prysud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісмярошкіна прысудзіла Аляксею Кішчуку і Станіславу Лаўрэнаву па 3 базавыя велічыні (300 тысяч рублёў) штрафу. Падставай для абвінавачання сталі паказанні чатырох міліцыянтаў, якія засведчылі, што хлопцы нецэнзурна выказваліся ў іх адрас... Разам з актывістамі ў Першамайскі РАУС трапіў і цацачны мішка з плакатам "Будучы прэзідэнт", але яго пасля суду гаспадарам не вярнулі.

Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава затрымалі ўчора каля 11 раніцы – машыну, дзе яны ехалі, спынілі супрацоўнікі ДАІ. У Станіслава, кіроўцы аўтамабілю, быў пратэрмінаваны тэхпашпарт. Таму ДАІ аштрафавала яго на 650 тысяч. А потым у Першамайскім РАУС на абодвух хлопцаў склалі пратаколы "за дробнае хуліганства" – нібыта яны абражалі і супрацоўнікаў ДАІ, і спецназаўцаў, якія праводзілі затрыманне.

Судзілі актывістаў толькі сёння. Чаму працэс быў адладзены амаль на суткі, хлопцам не патлумачылі. 

"Учора нас звазілі ў суд. Але мы сядзелі ў машыне, пакуль міліцыянт кудысці тэлефанаваў. Пра нешта дамовіўшыся, супрацоўнікі райаддзелу павезлі нас у ізалятар часовага ўтрымання. Чаму не судзілі адразу, ніхто не сказаў", -- кажа Аляксей Кішчук.

Паводле каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяны Севярынец, адтэрміноўка тлумачыцца проста:

"Учора было 19 снежня, угодкі Плошчы. І хлопцаў адсочвалі з самага ранку, Аляксей і Станіслаў распавядалі, што за імі ездзілі міліцэйскія машыны. Можа, пільнавалі праз тэлефонную сувязь ці яшчэ неяк…У пастарунку з машыны забралі цацачнага мішку, які трымае плакат  "Будучы прэзідэнт". І не вярнулі дагэтуль. Я думаю, хлопцаў адмыслова трымалі пад вартай амаль суткі – каб  не зладзілі нейкай акцыі. І аштрафавалі ні за што – толькі каб мець апраўданні, чаму іх затрымлівалі. "Лаянка матам" – такое ўжо звыклае абвінавачанне для апазіцыйных актывістаў, што ўсім зразумела: гэта толькі фармальная прычына, каб кагосці "ізаляваць" на суткі ці болей".

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства