День Сьвятога Валянціна адзначаны шматлікімі затрыманьнямі моладзевых актывістаў
15.02.2007.
Як ужо паведамлялася раней, Менскі гарвыканкам адмовіў актывістам арганізацыі “Малады Фронт” у правядзеньні традыцыйнай акцыі, прымеркаванай да Дня закаханых, па фармальных прычынах. Аднак нягледзячы на гэта, моладзь заяўляла пра рашучы намер правесьці тэатралізаванае шэсьце пад лозунгам “Любові! Свабоды! Пераменаў!”.Улады спрабавалі запалохаць актывістаў і сарваць мерапрыемства.
Так на допыт у КДБ на 16 гадзінаў былі выкліканы лідэры "Маладога Фронту" Зьміцер Хведарук і Алег Корбан, якія зьяўляюцца падазраванымі па арт.193.1 КК РБ. Паколькі яны давалі падпіску зьяўляцца на допыты, то былі вымушаныя гэта зрабіць. Сяргея Лісічонка супрацоўнікі КДБ забралі на допыт з дому. Некаторых моладзевых актывістаў затрымалі на вуліцы да пачатку запланаванай акцыі і даставілі ў розныя РУУС Менску, сярод іх - Сяргей Гумінскі, Людміла Атакулава, намесьнікі старшыні Моладзі БНФ Ільля Богдан і Франак Вячорка, сябра Рады Моладзі БНФ Андрусь Ігнатовіч. Ля пад’ездаў дамоў некалькіх сяброў “Маладога Фронту” дзяжурылі міліцыянты ў цывільным.
За гадзіну да пачатку правядзеньня мірнай акцыі супрацоўнікі праваахоўных органаў ачапілі плошчу Свабоды і нікога туды не пускалі. Каля касьцёлу, дзе планавалі сабрацца маладафронтаўцы, стаялі аўтазакі і патрульныя міліцэйскія машыны. Прасьпект Незалежнасьці ад гатэля “Мінск” да плошчы Якуба Коласа патрулявалі байцы ПМСС у форме і ў цывільным.
Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды і ціск з боку ўладаў, моладзевае шэсьце “Беларусь у Еўропу”, у час якога ўдзельнікі раздавалі “валянцінкі” з прызнаньнем у каханьні да Еўропы і віншавалі амбасады заходніх дзяржаваў, адбылося!
Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай моладзі з расьцяжкамі, скандуючы лозунгі "Жыве Беларусь!", "Верым, можам, пераможам!", "Беларусь — у Еўропу!", прайшліся па замежным амбасадам. Міліцыя — галоўным чынам у цывільным — не перашкаджала, аднак падчас шэсьця быў затрыманы прэс-сакратар МФ Барыс Гарэцкі і некалькі ягоных паплечнікаў.
Моладзь перадала ў нямецкае дыпламатычнае прадстаўніцтва кветкі і віншаваньні з нагоды Дня сьвятога Валянціна, а таксама петыцыю, у якой гаворыцца пра неабходнасьць уступленьня Беларусі ў Еўразьвяз.
Пазней усе затрыманыя без складаньня пратаколаў былі адпушчаныя на свабоду.
У той час акцыя, прысьвечаная Дню сьвятога Валянціна, у Салігорску была жорстка разагнаная. Некалькі чалавек таксама было затрымана да пачатку мерапрыемства. З самае раніцы супрацоўнікі КДБ у цывільным прыехалі ў школу да маладафронтаўцаў братоў Шылаў, каб паспрабаваць запалохаць і папярэдзіць іх аб адказнасьці за Акцыю Любові. Тым ня менш Ільля і Іван Шылы, а таксама Хрысьціна Самойлава, Павал Батуеў, Павал Філіпеля, Віталь Амільковіч і Андрусь Тычына былі затрыманыя, а сама акцыя жорстка разагнаная супрацоўнікамі міліцыі і КДБ, якіх па падліках маладафронтаўцаў адмыслова прыехала 5 машынаў і адзін аўтобус. Нягледзячы на рэпрэсіі, моладзь заставалася ў цэнтры горада і працягвала раздаваць мінакам паштоўкі-віншаваньні да Дня сьвятога Валянціна.
Праз нейкі час усе затрыманыя былі вызваленыя, акрамя Паўла Батуева.
Сьвята ўсіх закаханых адзначыла моладзь у іншых гарадах Беларусі.
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








