Візіт у Мінск еўрачыноўніка наўрад ці пацягне за сабой вызваленне палітзняволеных, мяркуюць эксперты

2012 2012-12-19T16:32:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Візіт у Мінск дырэктара дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунара Віганда наўрад ці пацягне за сабой вызваленне палітзняволеных, мяркуюць аналітыкі.

Пра візіт Віганда ў Мінск паведаміла вечарам 17 снежня прэс-служба беларускага МЗС. У кароткім прэс-рэлізе было сказана, што падчас сустрэчы Віганда з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем "бакі абмеркавалі комплекс пытанняў, што тычацца наяўнага стану адносінаў паміж Беларуссю і ЕС і шляхоў іх нармалізацыі".

Як паведамілі БелаПАН у беларускім прадстаўніцтве ЕС, Віганд прыбыў у Мінск у панядзелак. Сёння яго візіт завяршаецца, аднак зараз еўрачыноўнік усё яшчэ знаходзіцца ў Мінску. Якіх-небудзь паведамленняў па выніках яго візіту рабіць не плануецца.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі мяркуе, што сам па сабе факт сустрэчы Макея з Вігандам "можна лічыць пазітыўным". "Гэта азначае, што бакі шукаюць шляхі вырашэння ненармальнай сітуацыі, якая склалася па вядомай прычыне — 19 снежня 2010 года і ўсе падзеі, звязаныя з гэтай датай", — зазначыў Якаўлеўскі.

На яго думку, падчас перамоў, хутчэй за ўсё, абмяркоўваўся невыязны статус Макея. "Макей па-ранейшаму застаецца міністрам замежных спраў, які мае статус неўязнога ў Еўрасаюз. Яго ўзровень сустрэч — гэта вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, але пакуль гэта немагчыма, і візіт ажыццяўляе тэхнічны работнік ЕС", — заўважыў аглядальнік.

Аднак якіх-небудзь прыкметаў таго, што афіцыйны Мінск гатовы ісці на ўступкі Бруселю, Якаўлеўскі пакуль не бачыць.

"Візіт Віганда можа сведчыць пра тое, што тэма палітзняволеных не знята з парадку дня Еўрасаюза, — сказаў ён. — Але ці будуць вызвалены палітзняволеныя і выкананы другі пункт у гэтых патрабаваннях Еўрасаюза — поўная рэабілітацыя палітзняволеных? Я гляджу на гэта са скептыцызмам. Нам вядома пра тое, што ўмовы ўтрымання Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Дзмітрыя Дашкевіча сталі больш жорсткімі, і падстаў для аптымізму гэта інфармацыя не дадае".

На думку аналітыка, пытанне пра палітзняволеных Макей і Віганд абмяркоўваць маглі. "Але наўрад ці ад гэтага штосьці зменіцца, паколькі ўсё ў нас вырашае адзін чалавек, а ў яго сёння — адно, заўтра — другое", — дадаў палітычны аглядальнік.

У сваю чаргу, палітолаг Валерый Карбалевіч расцэньвае перамовы еўрачыноўніка з Макеем як "дастаткова руцінную" падзею.

"Нейкія кантакты на нізкім узроўні вядуцца пастаянныя, камунікацыі адбываюцца пастаянна. Я не бачу нічога сенсацыйнага ў тым, што чыноўнік Еўрасаюза, які адказвае за гэты рэгіён, ездзіць і размаўляе", — зазначыў ён.

Зрухаў у адносінах Бруселя і афіцыйнага Мінска ад візіту Віганда палітолаг не чакае. "Бакі жорстка прытрымліваюцца сваіх пазіцый, і не збіраюцца ад іх адмаўляцца. Еўропа настойвае на вызваленні палітзняволеных як на ўмове для пачатку дыялогу. Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па яго апошніх выказваннях, таксама займае жорсткую пазіцыю і адмаўляцца ад яе не збіраецца", — канстатаваў Карбалевіч.
На думку палітолага, "адзінае, што маглі абмяркоўваць Віганд і Макей, гэта тое, што тычыцца самога Макея — выключэнне яго са спіса неўязных у Еўрасаюз".
Варта зазначыць, што Гунар Віганд наведваў Беларусь 8—10 лютага гэтага года. Ён сустракаўся з Сяргеем Мартынавым, які тады ўзначальваў МЗС, праваабаронцамі, сваякамі палітзняволеных і прадстаўнікамі еўрапейскага дыпкорпуса.

У канцы лютага паміж Мінскам і Бруселем здарыўся дыпламатычны скандал, прычынай для якога стала рашэнне Савета міністраў ЕС аб пашырэнні візавых і эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі.

У адказ на гэта беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва ЕС і паслу Польшчы пакінуць Мінск. У знак салідарнасці з калегамі з Беларусі тады паехалі ўсе еўрапейскія паслы. 14 і 15 красавіка на падставе ўказаў кіраўніка дзяржавы аб памілаванні на волю выйшлі Андрэй Саннікаў і Дзмітрый Бандарэнка. У канцы красавіка еўрапейскія паслы вярнуліся ў Мінск.

У пачатку чэрвеня Мінск па ініцыятыве еўрапейскага боку наведалі два супрацоўнікі службы знешнепалітычнай дзейнасці ЕС. Яны сустрэліся з прадстаўніком МЗС, актывістамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

Праз тыдзень пасля іх візіту Гунар Віганд заявіў, што спіс афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі ЕС, можа быць пашыраны ў чарговы раз. "Вызваленне двух палітычных зняволеных (Саннікава і Бандарэнкі. — БелаПАН.) не перавяло мяч на бок ЕС. Мяч застаецца ў Мінску. Мы, хутчэй за ўсё, можам пашырыць колькасць асоб, у дачыненні да якіх дзейнічае забарона на ўезд", — сказаў Віганд.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international