Эксперты: Падзеі двухгадовай даўніны аслабілі апазіцыю, але не змянілі характар улады

2012 2012-12-19T16:09:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Роўна два гады таму ў Беларусі адбыліся выбары прэзідэнта, якія завяршыліся жорсткім разгонам апазіцыйнага мітынгу і арыштам актывістаў дэмсіл, у тым ліку тых, хто прэтэндаваў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Падзеі 19 снежня 2010 года не толькі прыцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасці, але і паўплывалі на расстаноўку палітычных сіл унутры краіны.

Нагадаем, кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі былі зарэгістраваныя 10 чалавек. Удзел у выбарах узялі 90,65% выбаршчыкаў. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 79,65% галасоў, у той час як астатнія кандыдаты не набралі нават трох працэнтаў: Рыгор Кастусёў — 1,97% галасоў; Аляксей Міхалевіч — 1,02%; Уладзімір Някляеў — 1,78%; Яраслаў Раманчук — 1,98%; Віталь Рымашэўскі — 1,09; Андрэй Саннікаў — 2,43%; Мікалай Статкевіч — 1,05%; Віктар Цярэшчанка — 1,19%; Дзмітрый Ус — 0,39%.

Вечарам 19 снежня ў цэнтр Мінска, адазваўшыся на заклік кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі, выйшлі тысячы выбаршчыкаў, нязгодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Міліцыя дазволіла дэманстрантам бесперашкодна дайсці да Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці і пачаць мітынг. Аднак прыкладна праз гадзіну група невядомых стала біць шыбы ў дзвярах Дома ўрада, што паслужыла сігналам для разгону. Многія ўдзельнікі акцыі былі жорстка збіты. Пазней Лукашэнка не раз заяўляў, што асабіста кіраваў у той вечар дзеяннямі сілавікоў.

У Мінску вечарам 19 снежня было затрымана прыкладна 700 чалавек, у ліку якіх апынуліся практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты (за выключэннем Цярэшчанкі) і выпадковыя прахожыя. Большасць затрыманых былі пакараныя адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

Па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску ў якасці абвінавачаных праходзілі больш як 40 чалавек. Абвінавачанне было выстаўлена шасці кандыдатам у прэзідэнты. Пяцёра з іх — Някляеў, Статкевіч, Саннікаў, Ус, Рымашэўскі — прайшлі праз суды, былі прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўлення або абмежавання волі.

Шостаму затрыманаму ўдзельніку прэзідэнцкай гонкі, Міхалевічу, у сакавіку 2011 года ўдалося ўцячы за мяжу — хутка пасля таго, каб яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Міхалевіч атрымаў палітычны прыстанак у Чэхіі.

Самыя жорсткія прыгаворы атрымалі Статкевіч (шэсць гадоў пазбаўлення волі), Ус (пяць з паловай гадоў) і Саннікаў (пяць гадоў пазбаўлення волі).

На падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні Ус быў вызвалены з турмы 1 кастрычніка 2011 года, Саннікаў — 14 красавіка 2012-га. У адрозненне ад Саннікава Ус прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы не падаваў. Восенню Саннікаў атрымаў палітычны прыстанак у Вялікабрытаніі.

Зараз за кратамі застаецца адзін экс-кандыдат у прэзідэнты, Мікалай Статкевіч.

Міжнародная супольнасць не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, асудзіла жорсткія дзеянні ўладаў і працягвае патрабаваць безумоўнага вызвалення ўсіх палітзняволеных. Выкананне гэтага патрабавання з'яўляецца галоўнай умовай адмены санкцый ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска.

Ацэньваючы падзеі двухгадовай даўніны, экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў заявіў, што 19 снежня 2010 года "ніхто не перамог".

"На яшчэ большы жаль, ні ўлада, ні апазіцыя не атрымалі з гэтага ўрокі", — сказаў Някляеў у інтэрв'ю БелаПАН. Паводле слоў палітыка, прадстаўнікі дэмакратычных сіл выказвалі намеры прааналізаваць памылкі апазіцыі падчас прэзідэнцкай кампаніі, але далей слоў справа не пайшла. "Спакуса разабрацца, хто больш дэмакратычны, рашучы ў супрацьстаянні з рэжымам, прэвалявала над жаданнем атрымаць урокі з прэзідэнцкай кампаніі. Увесь гэты год, па сутнасці, зноў пайшоў на разборкі хто меў рацыю, хто вінаваты", — сказаў Някляеў.

Ён не здымае віны ні з кампаніі "Гавары праўду!", ні з сябе асабіста за тое, што здарылася ў 2010 годзе". "Мы няправільна пралічылі і прааналізавалі дзеянні рэжыму. Мы зыходзілі з таго, што намаганні, затрачаныя ім для наладжвання кантактаў з Еўрасаюзам, не могуць быць перакрэслены эмоцыямі, раздражненнямі. Мы няправільна пабудавалі свае дзеянні, няправільна выбралі шлях да поспеху і, трэба называць рэчы сваімі імёнамі, зведалі паражэнне", — заявіў экс-кандыдат.

З пункту гледжання сённяшняй сітуацыі ў апазіцыі "ніякіх суцяшальных перспектыў не праглядаецца", зазначыў Някляеў. "На апазіцыйных лідараў і актывістаў аказваецца вельмі вялікі націск, у тым ліку псіхалагічны. Гэты прэс і ўціск не даюць ім магчымасці сесці за стол перамоў і выпрацаваць адзіную стратэгію, якая, на мой погляд, немагчымая без адзінага кандыдата. Але я мяркую, што ў наступным годзе наступіць пераломны момант, і апазіцыя будзе глядзець больш наперад, чым назад", — лічыць палітык.

Рыгор Кастусёў падзеі 19 снежня 2010 года сёння ацэньвае "крыху інакш". "Тады галоўная памылка бачылася ў тым, што апазіцыі не ўдалося дамовіцца аб адзіным кандыдаце, што не было адзінага плана на Плошчу. Аднак з часам таксама стала відавочна, што тыя падзеі значна ўскалыхнулі беларускае грамадства, якое зразумела: у нашай краіне ў палітычным плане не ўсё так добра, мы жывём не так ужо і правільна", — сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ.

Паводле яго слоў, пасля Плошчы выбаршчыкі "перасталі задаваць пры сустрэчах пытанне: "Хто, калі не Лукашэнка, хто апрача яго?"  "Яны ўбачылі, што ў Беларусі ёсць палітыкі, здольныя ўзяць на сябе адказнасць за краіну і прэзідэнцтва", — мяркуе экс-кандыдат.

На думку Кастусёва, рэпрэсіі ўладаў і эміграцыя многіх актывістаў апазіцыі аслабілі дэмсілы. "Але, з іншага боку, за два гады апазіцыя стала мудрэйшай, чаго ёй не хапала раней. Знікла эйфарыя шапказакідальніцтва, якая назіралася ў многіх лідараў і актывістаў, — гэта станоўчы фактар. Многія арганізацыі апамяталіся і сталі працаваць у рэжыме, калі дзеянні супадаюць з планамі", — зазначыў палітык.

А вось улады, на яго думку, за мінулыя два гады не змяніліся. "Думаю, калі б паўтарыліся сёння падзеі 19 снежня, улады зрабілі б і сёння тое ж самае. На жаль, яны няздольныя вучыцца хоць чаму ні ў палітычным, ні ў эканамічным плане", — мяркуе Кастусёў.

Яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук, ацаніў мінулыя два гады з эканамічнага пункту гледжання.

Ён, у прыватнасці, нагадаў, што ў 2010 годзе  Лукашэнка здолеў вытаргаваць у Расіі вельмі добрыя ўмовы. "На жорсткасць уладаў у дзень выбараў ускосна паўплывала тое, што ён атрымаў беспрэцэдэнтны па памерах нафтавы і газавы грант ад Расіі, магчымасць рэалізоўваць схему з растваральнікамі і разбавіцелямі. З гэтага пункту гледжання палітычная жорсткасць была логікай уладаў апраўданая", — мяркуе эканаміст.

Апрача таго, зазначыў Раманчук, яшчэ да выбараў Лукашэнка атрымаў крэдыт ад МВФ, а значыць, "ніякія ўхвалы да Захаду для атрымання дывідэндаў яму былі не патрэбны".

"Да таго ж ён разумеў, што Еўрасаюз не будзе ўводзіць ніякіх значных санкцый. І сапраўды, у 2011—2012 гадах назіраецца стойкі і адназначны рост долі ЕС у беларускім экспарце. Ніякіх эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі няма. Ёсць пэўныя нязручнасці для юрыдычных асоб (чорны спіс неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў), але яны не ўплываюць на патокі тавараў і грошай — найбольш значныя і адчувальныя для Мінска пазіцыі", — канстатаваў Раманчук.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international