Магілёўская міліцыя не жадае прызнаваць свае памылкі

2012 2012-12-18T10:24:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Замест таго, каб афіцыйна папрасіць прабачэнне за ганебны артыкул на сваім сайце пра праваабаронцу Барыса Бухеля і абвергнуць яго, начальнік упраўлення УУС Магілёўскага аблвыканкама Балейка адказаў, што ён не ўтрымлівае ганебных звестак і падставаў для яго абвяржэння няма.

Нагадаем, што матэрыял пра праваабаронцу Барыса Бухеля і быхаўчаніна Аляксандра Шачанка “Каждый, право, имеет право… или Какое право защищает правозащитник Борис Бухель?” быў размешчаны на сайце магілёўскай абласной міліцыі 8 снежня 2011 года.

Сам Барыс Бухель болей чым здзіўлены, бо інфармацыя, у якой фігураваў ён і быхаўчанін Аляксандр Шачанок, недакладная і зневажае іх гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

“Артыкул пра мяне і адміністрацыйную справу Аляксандра Шачанка выйшаў на магілёўскім сайце УУС як рэакцыя на артыкул, які быў размешчаны на сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна”. У “вясноўскім” артыкуле распавядалася пра тое, як Шачанок стаў ахвярай свайго ўчастковага Віталя Вашчылы, які сфабрыкаваў адносна яго адміністрацыйную справу, якая пазней развалілася ў судзе”, - гаворыць Барыс Бухель.

Праваабаронца адзначае, што на тое, каб разблытаць справу з міліцэйскай  фальсіфікацыяй і прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці, спатрэбіўся роўна год.

“Аляксандр Шачанок даведаўся пра тое, што на яго заведзена адміністрацыйная справа толькі тады, калі яму прыйшла позва з’явіцца ў суд. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта збіў сваю суседку. У судзе ён азнаёміўся з матэрыяламі справы і выявіў, што подпісы і запіс яго і ягонай жонкі ў пратаколах апытання  зроблены не іх рукамі. Справа была закрыта з той нагоды, што не было нават заявы пацярпелай”, - кажа Барыс Бухель.

Пасля гэтага была чатыры разы праведзена экспертыза почарку яго і ягонай жонкі, якая прызнала, што іх подпісы і запіс пад пратаколамі зроблены не рукамі Аляксандра Шачанка і яго жонкі.

“Участковы так і не прызнаўся, што падрабіў пратаколы – ён увесь час сцвярджаў, што подпісы і запіс былі зроблены Шачанком і ягонай жонкай. Не панёсшы за гэта пакаранне, Вашчыла ўмудрыўся яшчэ раз падрабіць подпіс жонкі Шачанка і бязграматна сфальсіфікаваць пратаколы апытання сведкаў у іншай адміністрацыйнай справе, якая была ўзбуджана пазней па скарзе жонкі Шачанка”, - гаворыць Барыс Бухель.

Змагаючыся за тое, каб несумленны міліцыянт панёс пакаранне, Аляксандр Шачанок пісаў скаргі ў розныя інстанцыі, жадаючы, каб Вашчыла быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за падлог дакументаў, хадзіў нават на прыём да міністра ўнутраных справаў.

У выніку несумленнага міліцыянта звольнілі з працы, начальніку Быхаўскага РАЎСа Андрэйчыкаву была вынесена строгая вымова, а начальнік аддзелу правапарадку і прафілактыкі РАЎСа Анфісаў быў дэпрэміраваны, аб чым паведаміў у сваім лісце начальнік Галоўнага ўпраўлення УУС Мельнік.

У сувязі з чарговай скаргай Аляксандра Шачанка адносна Вашчылы зараз разглядаецца магчымасць узбуджэння крымінальнай справы па факту падлогу дакументаў.

“Няўжо гэтых фактаў недастаткова, каб прызнаць свае памылкі і папрасіць прабачэння? Пасля гэтага адказу я і Шачанок збіраемся праз суд бараніць свой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю і дамагацца таго, каб было на сайце размешчана абвяржэнне раней надрукаванай інфармацыі. Міліцыянты толькі даюць болей інфармацыйных нагодаў пісаць пра сябе не ў добрым свеце”, - кажа Барыс Бухель.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international