Дзяцей Надзеі Дударэнкі расфарміроўваюць па іншых сем’ях

2012 2012-12-07T13:52:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dzeci-kruyda.jpg

Паводле словаў Надзеі Дударэнкі, чыноўнікі па тэлефоне сказалі, каб яна загадала дзецям ісці ў іншыя прыёмныя сем’і. Але жанчына спадзяецца, што хто-небудзь з супрацоўнікаў сістэмы адукацыі адгукнецца на дзіцячы боль і яе выхаванцы вернуцца ў сям’ю.

Дзяржаўныя дзеці – так чыноўнікі называюць дзяцей, якія знаходзяцца ў прыёмных сем’ях. І спраўды, часта лёс гэтых дзяцей залежыць ад рашэння супрацоўнікаў сістэмы адукацыі. Так здарылася з жыхаркай пасёлка Парычы Светлагорскага раёна Надзеяй Дударэнкай. У яе адабралі пяцёх прыёмных дзецей, абвінаваціўшы ў тым, што яна нібыта не клапацііца пра іх.

Трое з адабраных знаходзяцца ў адным з санаторыяў Гомельскага раёна да 8 снежня. Як мяркуе Надзея Дударэнка, па сканчэнні адпачынку, дзеці наўрад ці да яе вернуцца.

- Пасля санаторыя наўрад ці мне вернуць дзяцей. Бо чыноўнікі ўжо тэлефанавалі мне і казалі, каб я загадала сваім дзецям ісці ў прыёмныя сем’і. На што я чыноўнікам адказала, што за сваіх дзяцей я буду замагацца да апошняга. Мне сын раней дасылаў такія смс: “Мамачка, я цябе люблю, ты самая прыгожая”. А зараз дасылае: “Мама, дапамажы”. 

Чыноўнікі ўсяляк спрабуюць запэўніць грамадскасць, што Надзея Дударэнка не спраўляецца са сваімі абавязкамі прыёмнай маці. Напрыклад, на сайце Упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама за подпісам начальніка ўпраўлення Сяргея Парошына была размешчаная афіцыйная інфармацыі пра сітуацыю з сям’ёй Дударэнка. У прыватнасці, чыноўнікі з аблвыканкама абвінавацілі жанчыну ў тым, што яна “ўхілялася ад удзелу ў мерапрыемствах, якія праводзіліся Светлагорскім райвыканкамам, ігнравала рэкамендацыі спецыялістаў па выхаванні дзяцей, яны адчуванні цяжкасці ў адаптацыі ў школьным калектыве, не былі прывучаныя да рэжыма дня. Дударэнка не дазваляла дзецям мець стасункі ў біялагічнымі бацькамі, якія жадалі ўзнавіцца ў бацькоўскім правах”.

Разам з тым, псіхолаг санаторыя, дзе зараз знаходзяцца трое прыёмных дзяцей Надзеі, Алена Старавойтава кажа, што яны мараць вярнуцца да маці.

- Я не ведаю сітуацыю, якая там адбылася. Бо калі сюды наведваліся сацыяльны работнік, псіхолаг і прадстаўнік аддзела адукацыі, мяне тут не было. І я не ведаю прычынаў, чаму ў Надзеі Дударэнкі адабралі дзяцей. Але тое, што гэтай жанчыне ўдалося перадаць сваю любоў дзецям, сфармаваць прывязанасць – гэта сапраўды так. І я не магу сказаць, што дзеці нейкія напалоханыя, трывожныя – такога няма. Яны вельмі ласкавыя і добрыя. – Заўважае псіхолаг Алена Старавойтава.

Гамяльчанка Алена Кузняцова даведалася пра гісторыю з Надзеяй Дударэнкай праз СМІ. І гэта закранула яе. Яна знайшла нумар жанчыны, прапанавала ёй дапамогу. Так яны і пазнаёміліся. Алена Кузняцова кажа, што ва ўсёй сітуацыі яе хвалюе стан дзяцей, якія апынуліся закладнікамі і самымі вялікімі ахвярамі. Жанчына заўважае, што ў выніку дзеянняў чыноўнікаў, якія нібыты абаранялі інтарэсы дзецей, самі дзеці апынуліся без сям’і, дзе панавала сяброўства і любоў.

Алена Кузняцова ўзгадвае момант, як ёй удалося ўбачыць сустрэчу трох адабраных дзяцей і Надзеі Дударэнкі. Дзеці на той момант акурат знаходзіліся ў санаторыі. Да гэтага іх тры тыдні трымалі практычна ў турэмных умовах у больніцы, дзе былі забароненыя не толькі сустрэчы з прыёмнай маці, але і дзецям нельга было перадаць асабістыя рэчы. Паколькі на той момант працоўная дамова ў Надзеяй Дударэнкай была скасаваная, то ў больніцы палічылі яе чужым чалавекам для дзяцей.

Паводле беларускага заканадаўства, прыёмныя бацькі як бы прымаюцца на працу. Паміж мясцовым упраўленнем аддзелу адукацыі і бацькамі падпісваецца адмысловая дамова. Дарэчы, як заўважаюць некаторыя прыёмныя бацькі ў неафіцыйнай размове, стасункі паміж прыёмнай сям’і і працадаўцамі (у дадзеным выпадку - аддзелам адукацыі) шмат у чым залежыць ад адэкватнасці супрацоўнікаў аддзела адукацыі.

- Тры тыдні дзеці Надзеі Дударэнкі знаходзіліся фактычна пад замком, - распавядае Алена Кузняцова, - Ім не давалі мыцца. Гэта я сама чула з вуснаў старэйшай дзяўчынкі Насці. Калі ў першы раз Надзея Іванаўна прыязджала наведваць дзяцей у санаторыі, то я таксама туды пад’ехала. Вось Насця і распавядала, што ім тры тыдні не давалі мыцца і дазволілі пайсці ў душ толькі перад санаторыем. Вось фраза такая ў расповедзе Насці прагучала: “Мама, уяўляеш, у Воўкі (гэта малодшы хлопчык – заўв. Алены) валасы былі такімі бруднымі, ажно зліпліся. І мы ўпотай прабраліся ў душ і я яму памыла галаву”.

У санаторыі чыноўнікі таксама спрабавалі забараніць Надзеі Дударэнка наведваць дзяцей. Але псіхолаг дала дазвол на сустрэчы дзяцей і прыёмнай маці.

- Нам не патлумачылі, чаму мы мусім забараняць ім сустрэчы. Можа быць, нешта і ёсць, але нам пра гэта не паведамілі. Але, калі ёсць сур’ёзныя прычыны, чаму іх трэба хаваць. Тым болей, дзеці вельмі чакаюць сваю маці, вельмі хвалюцца, што яны да яе болей не вернуцца. Дзеці вельмі баяцца, што яны болей не вернуцца да Надзеі Дударэнкі. Гэта пацвердзіць любы, хто тут працуе. – адзначае Алена Старавойтава.

Надзея Дударэнка спрабавала запісацца на прыём да старышыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка і папрасіць яго вярнуць дзяцей. Але жанчыне адмовілі ў сустрэчы.

Пакуль што жанчыне даводзіцца толькі спадзявацца на тое, што хто-небудзь з супрацоўнікаў сістэмы адукацыі ўсё ж такі знойдзе ў сабе смеласць і адгукнецца на дзіцячы боль і яны нарэшце будуць вернутыя ў сям’ю. А да таго моманту, Надзея Дударэнка па некалькі разоў перачытвае шматлікія лісты, якія даслалі ёй яе адабраныя дзеці: “Мама, мілая мая, я сумую па табе. І мы – Насця, Стасік, Вовка, Ягор, Гарык – любім цябе”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international