Зьміцер Хведарук і Алег Корбан выйшлі на свабоду

2007 2007-02-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 лютага вечарам а 19:30 з менскай турмы "амэрыканка" вызвалілі "маладафронтаўцаў" Зьмітра Хведарука і Алега Корбана. Яны былі затрыманыя 4 лютага і трое сутак знаходзіліся ў адзіночных камерах турмы КДБ. Паколькі арт. 193.1Крымінальнага кодэксу, паводле якога хлопцы праходзяць падазраванымі, не прадугледжвае ўтрыманьня пад вартай, моладзевых актывістаў выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе да суду.

"Наша Ніва" першай узяла невялікае інтэрвію ў Зьмітра Хведарука.

"У прынцыпе, ні на што ня скарджуся, умовы ў турме былі досыць нармальнымі, значна лепшыя, чым на Акрэсьціна. У нас была бялізна, не было патрэбы спаць на голых дошках. Штопраўда, не было прыбыральні, было толькі вядро, куды мы і вымушаныя былі спраўляць сваю патрэбу. Стаўленьне з боку аховы таксама было цалкам нармальным. Сядзелі ў адзіночных камэрах, хоць і побач адзін ад аднаго. У псыхалягічным пляне сядзеньне ў "адзіночцы" было вельмі складаным, не было ніякіх кніжак, каб пачытаць, ты застаесься сам-насам толькі са сваімі думкамі. Два разы нас выклікалі на допыты. Мяне - у аўторак, а Алега - у панядзелак. Сёньня і са мной, і з Алегам таксама быў праведзены невялікі допыт. Яшчэ ў нядзелю, калі "гэбэшнікі" размаўлялі з намі, то былі вельмі прыязнымі, спрабавалі гаварыць нават па-сяброўску. На далейшых допытах задавалі досыць простыя пытаньні, часам па коле, было вельмі цікава назіраць за іх метадамі. Узялі падпіску пра тое, што мы ня маем права расказваць пра падрабязнасьці працэсу, а таксама падпіску аб нявыезьдзе з краіны. Яшчэ падпісалі дакументы, што ў нас былі канфіскаваныя кампутары і па іх будзе праводзіцца праверка. Кармілі вельмі дрэнна, таму апошнія два дні я трымаў галадоўку. Да апошняга ня верылася, што мяне выпусьцяць, нават калі сёньня адвакат сказаў, што, магчыма, выпусьцяць, я не паверыў у гэта. Мяне падазраюць у кіраваньні менскай арганізацыі "Маладога фронту", а Алега Корбана – у кіраваньні адным з аддзелаў менскай арганізацыі. Зьбіраюся надалей жыць сваім рэальным жыцьцём. Я гатовы ісьці да канца. Таму ад грамадзкай дзейнасьці не адмаўляюся".

Сёньня, 8 лютага, адбылася прэс-канфэрэнцыя з удзелам Зьмітра Хведарука. Алег Корбан ня змог прыняць у ёй удзел, бо знаходзіўся ў гэты час у Партызанскім РУУС, дзе пісаў тлумачальную у сувязі з заявай прадстаўнікоў дэмакратычнага руху аб ягоным зьнікненьні, пададзеную 4 лютага.

На прэс-канферэнцыі Зьміцер Хведарук таксама распавёў, што сьледчыя КДБ патрабавалі ад іх напісаць заявы ад выхадзе з “Маладога фронту” і роспуску арганізацыі. Паводле ягоных словаў, сьледчыя настойліва прапаноўвалі напісаць ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай дараваць ім удзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Цяпер на працягу 10 дзён маладафронтаўцам павінны прад'явіць абвінавачаньне. Максімальнае пакараньне за ўдзел у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі прадугледжвае 2 гады зьняволеньня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international