Павел Сапелка: Дзядку ствараюць невыносныя ўмовы
Вядомы беларускі адвакат не верыць у тое, што палітвязень з'яўляецца
злосным парушальнікам рэжыму.
«Мікалая Дзядка спасцігла доля, досыць характэрная для палітвязняў, якім улада
стварае невыносныя ўмовы для адбыцця пакарання. Я
моцна сумняваюся ў тым, што Мікалай Дзядок, як і Зміцер Дашкевіч і Яўген Васьковіч,
парушаў неяк рэжым настолькі, што трымаць іх можна толькі ў турме (па
тэрміналогіі «крытка» і «турма» гэта адно і тое ж)», - распавёў
сайту charter97.org беларускі адвакат Павел
Сапелка.
Па
словах юрыста, каб зняволенага перавялі з калоніі ў турму, ён павінен свядома і
мэтанакіравана парушаць правілы ўтрымання і не падпарадкоўвацца патрабаванням
адміністрацыі:
«Па
сваёй практыцы я прыблізна ўяўляю, што павінен зрабіць чалавек і як ён павінен
сябе паводзіць у калоніі, для таго, каб для далейшага пакарання трапіць у
турму. Калонія
- гэта такое месца, дзе наўрад ці ў кагосьці ўзнікае жаданне проста так
парушаць правілы адбыцця пакарання. Звычайна
ў турму трапляюць толькі тыя, хто цалкам свядома і мэтанакіравана вёў сябе
такім чынам, каб быць «годным» такога віду зняволення».
Нагадаем,
4 снежня суд пастанавіў накіраваць палітвязня Мікалая Дзядка для далейшага адбыцця пакарання ў турму. Прычынай
стала тое, што яго прызналі нібыта “злосным парушальнікам рэжыму”. Раней
падобнае ўзмацненне жорсткасці пакарання было прынята ў дачыненні да палітвязняў
Зміцера Дашкевіча, Мікалая Статкевіча і Яўгена Васьковіча.
Мікалай
Дзядок быў асуджаны па справе анархістаў разам з Ігарам Аліневіча і Аляксандрам Францкевічам. Іх
абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно
«Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» і
нападзе на расійскую амбасаду.