Андрэю Гайдукову адмовілі ў вызваленні пад падпіску аб нявыездзе

2012 2012-12-04T08:29:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пра гэта распавяла маці наваполацкага актывіста, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Больш за тры тыдні яго трымалі ў мінскім СІЗА КДБ,  а ў пачатку снежня перавезьлі ў віцебскі СІЗА №2.

Пра тое, што сына не выпусцяць з залятара пад падпіску аб нявыездзе, Вольга Гайдукова даведалася ад адваката:

"Адвакат і раней мне казала, што надзеі на гэта мала. І вось 3 снежня быў суд, і канчаткова вырашылася, што Андрэя не адпусцяць дадому. Пэўна, апасаюцца, што ён раскажа нешта пра сваю справу. Вінавацяць яго, дарэчы, паводле ранейшага крымінальнага артыкула №365 за "здраду дзяржаве". Я думала, можа што змянілася: пыталася ж, калі яго трымалі ў Мінску, навошта павезлі так далёка. Тады казалі, што ў віцебскага КДБ няма следчага ізалатара. А цяпер яго перавялі ў звычайны СІЗА №2. Адно радуе – там цёпла. У мінскі СІЗА КДБ мы перадавалі цёплыя рэчы, бо там страшна халодна. А адсюль ужо давядзецца лішняе забіраць".

Спасылаючыся на словы адваката, Вольга Гайдукова кажа, што Андрэй выглядае няблага, і што са здароўем у яго ўсё адносна добра. Ніякіх звестак з іншых крыніц у маці няма: ніводнага ліста ад арыштаванага сям'я не атрымала.

"Дайшоў толькі ліст да ягонай сяброўкі, і тое там шмат закрэслілі цэнзары. Андрэй піша: " Я выпадкова апынуўся на  хвалі падзеяў, якія закранаюць шырокія грамадзкія інтарэсы". І гэта ўсё, што мы ведаем пра ягонае затрыманне. Верагодна, была там нейкая падстава, ці выпадковы збег акалічнасцяў… Але радуе з ягонага ліста тое, што Андрэй не разгублены: піша, што трэба здаваць сэсію, што трэба рэгістраваць арганізацыю "Саюз маладых інтэлектуалаў", чым ён і займаўся да арышту. Яшчэ просіць, каб яму выпісалі ў СІЗА "Беларускую газету" і "Народную волю". Значыцца, аптымізму ён не страціў, і спадзяецца на лепшае".

Паводле адваката, на гэтым тыдні справай Андрэя Гайдукова віцебская абласная ўправа КДБ зоймецца ўшчыльную: будуць і допыты, і вочныя стаўкі, і іншыя дзенні.

4 снежня Вольга Гайдукова мусіць убачыцца са следчым Алегам Барысевічам. Яна спрабавала дамовіцца пра запіс на прыём, аднак спадар Барысевіч сказаў, што мусіць яе дапытаць па справе сына.

Паводле афіцыйных звестак з КДБ, Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада ў Віцебску "падчас закладкі тайніка са звесткамі, у якіх зацікаўлены замежныя спецслужбы". Гэткае тлумачэнне аднадумцам Гайдукова падаецца сумнёўным, асабліва пасля шматлікіх пагрозаў з боку супрацоўнікаў КДБ, якія раілі 23-гадоваму аператару наваполацкага "Нафтану" не праяўляць так адкрыта свае апазіцыйныя погляды.  

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international