МЗС Беларусі: Выдаць візы Яўгену Вапу і Лене Глагоўскай немагчыма

2012 2012-12-03T18:23:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” атрымала адказ на звароты ў Міністэрства замежных спраў адносна магчымасці выдачы ўязных віз у Беларусь сябрам Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Яўгену Вапу і Лене Глагоўскай.

У лісце за подпісам намесніка Міністра замежных спраў А.М. Купчына гаворыцца, што “Міністэрства замежных спраў разгледзела звароты МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адносна выдачы ўязных віз грамадзянам Рэспублікі Польшча Я. Вапу і Л. Глагоўскай і паведамляе аб немагчымасці станоўчага вырашэння гэтага пытання”.

Нагадаем, старшыні ўправы “Радыё Рацыя” і галоўнаму рэдактару Тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўгену Вапу памежнікі без тлумачэння прычынаў анулявалі візу пры ўездзе ў Беларусь у траўні 2011 года. Некалькі разоў “Бацькаўшчына” дасылала звароты ў МЗС з просьбай патлумачыць прычыны анулявання візы, аднак у адказ атрымала толькі фармальную адпіску.  У кастрычніку гэтага года Бацькаўшчына паўторна падрыхтавала неабходны для афармлення  візы пакет дакументаў і даслала зварот у МЗС з просьбай адкрыць Яўгену Вапу ўязную візу ў Беларусь. Аднак у лістападзе Яўген Вапа ў Консульстве Беларусі ў Беластоку атрымаў пашпарт са штампам “адмоўлена”.

Старшыні Беларускага культурнага таварыства “Хатка” ў Гданьску Лене Глагоўскай без тлумачэння прычынаў было адмоўлена ў атрыманні беларускай візы ў кастрычніку гэтага года ў беларускім консульстве ў Беластоку. Лена Глагоўская збіралася прыехаць у Гродна для ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі “Людзі даўняй Гародні”, арганізаванай Таварыствам беларускай школы.

Адказ МЗС каментуе Старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская: “Сітуацыя, на наш погляд, вельмі недарэчная і прыкрая. Цяжка зразумець, чаму ў Беларусь, на этнічную радзіму, не пускаюць людзей, якія, жывучы за мяжой, не толькі не забываюць пра свае карані і сваю Бацькаўшчыну, але і прыкладаюць  вельмі шмат намаганняў дзеля папулярызацыі беларускай культуры ў Польшчы.  Менавіта дзякуючы такім людзям як Яўген Вапа і Лена Глагоўская сёння можна гаварыць пра існаванне беларускай меншасці ў Польшчы. Безумоўна, нас вельмі непакояць такія рашэнні беларускіх дзяржаўных органаў, асабліва ўлічваючы, што ў наступным годзе Згуртаванне “Бацькаўшчына” ладзіць Шосты з’езд беларусаў свету. Яўген Вапа і Лена Глагоўская – сябры Вялікай Рады “Бацькаўшчыны”, знакавыя асобы  для беларускай дыяспары, чыя прысутнасць на з’ездзе неабходная”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international