viasna on patreon

Сябра БАЖ Юля Сальнікава 5 лютага атрымала афіцыйнае папярэджанне з пракуратуры аб недапушчальнасці парушэння закона “пры здзяйсненні журналісцкай дзейнасці ў якасці замежнага карэспандэнта”

2007 2007-02-07T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У папярэджанні вынесеным Пракуратурай Гомельскай вобласці за подпісам пракурора Алега Палавінкі нагадваецца таксама аб адказнасці “за прадастаўленне несапраўдных звестак, якія накіроўваюцца ў замежныя сродкі масавай інфармацыі”, – паведамляе служба маніторынгу БАЖ.

Нагадаем, 1 лютага Ю.Сальнікава (якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па дагляду дзіцяці) атрымала выклік у пракуратуру “для сведчання”, аднак справа, па якой патрабаваліся сведчанні, у павестцы не называлася.

У тэлефоннай размове следчы А.Елісееў (за яго подпісам быў накіраваны выклік) адмовіўся патлумачыць нагоду позвы, аднак папярэдзіў, што калі спадарыня Сальніка не з’явіцца па павестцы, то ў адносінах яе будзе распачата адміністрацыйная справа.

6 лютага Юлія Сальнікава наведалася ў пракуратуру, каб, згодна позвы, даць сведчанні, але начальнік аддзела агульнага нагляду Аляксандр Елісееў у размове стаў высвятляць, ці працуе яна на замежныя радыёстанцыі. Юлія адмовілася адказваць на пытанні.

Неафіцыйнай размовы не атрымалася, і Елісееў уручыў Юлі Сальнікавай ужо падпісанае ўчарашнім днём папярэджанне з пракуратуры. У ім сказана: “Праведзенай упраўленнем КДБ Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці праверкай устаноўлена, што Вы, не маючы акрэдытацыі ў якасці прадстаўніка замежнага сродку масавай інфармацыі, ажыццяўляеце журналісцкую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для дзвюх замежных радыёстанцый: радыё “Нямецкая хваля”, г. Бон, Германія, радыё “Рацыя”, г. Беласток, Польшча”.

Па версіі пракуратуры, Сальнікава нібыта парушае п.9 Палажэння аб знаходжанні і прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадстаўніцтваў і акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь карэспандэнтаў замежных сродкаў масавай інфармацыі, зацверджанага пастановай Саўміна РБ ад 12.07.1997 г. №869, і артыкул 40 Закона “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”.

Падчас размовы Аляксандр Елісееў нагадаў сябру БАЖ Сальнікавай пра артыкул 369, ч.1 Крымінальнага кодэкса. (Артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасць за прадастаўленне замежнай дзяржаве, замежнай альбо міжнароднай арганізацыі заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь альбо яе органы улады.)

«Папярэджанне – гэта працяг таго, што назіраецца ў Беларусі: журналістам нельга здабываць інфармацыю і распаўсюджваць яе. Заўсёды знойдзецца орган, які адсочыць і будзе забараняць гэта рабіць пад любой матывіроўкай», – выказала сваё меркаванне спадарыня Сальнікава службе маніторынгу БАЖ.

Юлія Сальнікава наважана абскардзіць вынесенае пракуратурай папярэджанне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства