viasna on patreon

Магілёвец Юрый Новікаў працягвае абскарджваць канфіскацыю інфармацыйных матэрыялаў для назіральнікаў

2012 2012-12-03T10:09:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novikau-magiliou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Новікаў, старшыня Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмсілаў

Юрый Новікаў, старшыня Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмсілаў

Гэтым разам ён накіраваў наглядную скаргу на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда.

Магілёўскі каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары 2012” Юрый Новікаў не задаволены пастановамі суддзі Ленінскага раёна Магілёва Ратнікавай ад 11 верасня 2012 года  і суддзі Магілёўскага абласнога суда Качалавай ад 18 лістапада 2012 года.

Ён просіць адмяніць пастановы аб спагнанні з яго штрафу ў памеры 4 мільёны рублёў, які быў накладзены на яго нібыта за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў без выходных дадзеных, а таксама спыніць у дачыненні да яго адміністрацыйную справу з-за адсутнасці складу злачынства.

Акрамя таго, Юрый Новікаў просіць вярнуць яму канфіскаваную прадукцыю, а за выяўленыя парушэнні заканадаўства аб выбарах і аб СМІ вынесці прыватныя вызначэнні ў адрас узгаданых суддзяў і супрацоўніка міліцыі Загорскага.

Нагадаем, што23 жніўня супрацоўнікамі ДАІ быў прыпынены аўтамабіль Юрыя Новікава. Даішнік сказаў, што дакументы на аўтамабіль не ў парадку і прапанаваў праехаць для разбіральніцтва ў Ленінскі РАУС. Там аўтамабіль быў агледжаны міліцыянтамі і ў яго багажніку былі знойдзены “Метадычныя рэкамендацыі для назіральнікаў” у колькасці 293 асобнікаў, столькі ж было імянных “Рабочых сшыткаў назіральнікаў”, а таксама 905 асобнікаў бюлетэня “За справядлівыя выбары”. Уся прадукцыя паводле рашэння раённага суда мусіла быць знішчана.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што суддзямі ў першаю чаргу быў парушаны Закон “Аб СМІ”.

“Юрый Новікаў перавозіў матэрыялы для ўнутранага карыстання. Гэтыя матэрыялы былі неабходны для таго, каб назіральнікі маглі грунтоўна назіраць на выбарах і заносіць у “Рабочыя сшыткі назіральнікаў” звесткі аб назіранні. Пра тое, што дадзеныя друкаваныя вырабы не з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, сведчаць іх назвы і іх тэксты. Яны строга прызначаліся толькі для назіральнікаў кампаніі на назіранні “За справядлівыя выбары 2012”.

Другое заключаецца ў тым, што гэтыя матэрыялы складаныя – без адпаведнай падрыхтоўкі непадрыхтаваны грамадзянін не разбярэцца ў гэтых тэкстах. Па-трэцяе, прызначэнне брашур канкрэтнае – гэта выбарчыя ўчасткі. Па-чацвёртае, суддзі не даказалі, што гэтыя інфармацыйныя матэрыялы носяць перыядычны характар, што яны выдаваліся болей чым адзін раз за паўгады, як таго патрабуе дзеючае заканадаўства”, - гаворыць праваабаронца.

Барыс Бухель таксама адзначае, што ў брашуры “Рабочы сшытак назіральніка” на стр 2 ёсць патрабаванні – запоўніць індывідуальныя звесткі аб назіральніку, а на стр 20 пазначаны звесткі асобы, якой неабходна здаць гэты сшытак. Ва ўзгаданых брашурах таксама пазначаны час, калі іх трэба здаць сваім каардынатарам.

Праваабаронца гаворыць, што суддзі не прынялі таксама да ўвагі той факт, што адбывалася выбарчая кампанія, і гэтыя матэрыялы былі прысвечаны выключна ёй.

“Мясцовыя ўлады рабілі ўсё, каб сарваць назіранне за выбарамі, адсюль і незаконныя рашэнні суддзяў, так і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі”, - падсумоўвае Барыс Бухель.

Трэба адзначыць, што ў выніку незадавальнення скаргі Юрыя Новікава старшынёй Магілёўскага абласнога суда актывіст мае намер абскарджваць рашэнні мясцовых суддзяў у Вярхоўны суддзе і Камітэце па правах чалавека ААН.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства