Лукашэнка забараніў звальняцца з працы

2012 2012-11-30T17:05:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lukaszenka-padczas-sustreczy-na-drevaapracouczym-komplekse-fota-belta.jpg
Лукашэнка падчас сустрэчы на дрэваапрацоўчым комплексе, фота БелТА

Лукашэнка падчас сустрэчы на дрэваапрацоўчым комплексе, фота БелТА

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў увесці забарону на звальненне работнікаў да канца мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрна «Беллеспаперапрам».

Лукашэнка сёння, наведваючы ААТ «Барысаўдрэў», даручыў распрацаваць адпаведны праект дэкрэта.

«Падрыхтуйце дэкрэт. Да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі забараняецца звальненне работнікаў. Работнік не можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу кіраўніка», — сказаў Лукашэнка.

«Адпусцілі — хай сыходзіць, не адпусцілі — павінен працаваць. За парушэнне — на прымусовыя работы. Рабочы, спецыяліст і кіраўнік. МУС давесці.А то мы дастукаемся да таго, што заўтра пачнуць хадзіць па Барысаве і Мінску з віламі і адзін аднаго калоць, замест таго каб запусціць у вытворчасць і атрымліваць $ 1 тыс. у 2015 годзе», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Таму катэгарычна забараніць усякія звальненні з заўтрашняга дня — 1 снежня», — запатрабаваў ён.

У рэспубліканскім камітэце Беларускага прафсаюза работнікаў лесу падкрэсліваюць, што работнікі прадпрыемстваў, якія працуюць на падставе працоўнай дамовы, могуць звольніцца ў любы момант.

«У Беларусі дзейнічае Працоўны кодэкс, яго ніхто не адмяняў. У адпаведнасці з ім, работнік, які працуе на падставе працоўнай дамовы, можа ў любы момант падаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні і па заканчэнні пакладзенага тэрміна быць звольненым. Ніякай згоды кіраўніка прадпрыемства для гэтага не трэба», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік рэспубліканскага камітэта.

Такім чынам ён пракаментаваў выказванні Аляксандра Лукашэнкі аб кадравай палітыцы на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах рэспублікі, зробленыя ім падчас наведвання ў пятніцу ААТ «Барысаўдрэў».

«Можа быць, гэта няправільная трактоўка выказванняў прэзідэнта або памылка?» - выказаў меркаванне суразмоўца агенцтва, выказаўшы здзіўленне ў сувязі з такой нарматворчай ініцыятывай.

Ён падкрэсліў, што забараніць звальненне работнікам, у адпаведнасці з Працоўным кодэксам, можна толькі ў тым выпадку, калі «чалавек працуе па кантракце».

«Сёння на «Барысаўдрэве» большасць работнікаў - кантрактнікі», - адзначыў суразмоўца агенцтва.

У той жа час ён звярнуў увагу, што на прадпрыемстве складаныя ўмовы працы, невысокая заработная плата. Так, у кастрычніку сярэдняя зарплата работнікаў складала Br2,6 млн, у лістападзе зарплата была павялічана на 20%.

«Увогуле на прадпрыемствах дрэваапрацоўкі высокая цякучасць кадраў, гэта звязана з умовамі працы і ўзроўнем зарплаты. Прычым, на прадпрыемствах, якія размешчаны паблізу ад Менска ці абласных цэнтраў, цякучасць вышэй. У маленькіх гарадах людзі абмежаваныя ў выбары месца працы», - адзначыў прадстаўнік прафсаюза .

Ён таксама паведаміў, што ў цяперашні час большасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі завяршаюць рэалізацыю інвестпраектаў па мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчых магутнасцей. «Гэта самы складаны этап, калі патрабуюцца вялікія працоўныя выдаткі. Увогуле, можна зразумець, што людзі не хочуць укладвацца, калі ўмовы працы цяжкія, а зарплата пакідае жадаць лепшага», - сказаў суразмоўца агенцтва.

У той жа час ён падкрэсліў, што работнікам дамоўнай формы права на звальненне гарантавана Працоўным кодэксам.

«Не думаю, што ў выпадку, калі будзе прынятая такая забарона, узнікнуць масавыя забастоўкі ці іншыя крызісныя сітуацыі. Людзі будуць пісаць скаргі, вядома. Але да судовых пазоваў не дойдзе: кіраўнікі прадпрыемстваў будуць адпускаць работнікаў, каб не даводзіць справу да суда», - сказаў прадстаўнік рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international