У Менску прэзентавалі сайт пра палітвязняў і тых, хто іх пераследваў

2012 2012-11-29T23:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/salaujou-prezentacyja_sajta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Зміцер Салаўёў

Праваабаронца Зміцер Салаўёў

29 лістапада ў Менску была прэзентавана новая праваабарончая ініцыятыва – інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс пра палітвязняў Беларусі розных гадоў palitviazni.info.

Падчас прэзентацыі праваабаронца Зміцер Салаўёў распавёў, што ў аснову стварэння сайту была пакладзена ідэя сабраць інфармацыю пра ўсіх палітвязняў, якія былі ў Беларусі, пачынаючы з 1989 году. Пры гэтым ён падкрэсліў, што асабліва каштоўным лічыць тое, што ініцыятыва па стварэнні такога інтэрнэт-рэсурсу зыходзіла ад рэгіянальных філіяў Праваабарончага цэнтру “Вясна”.  

Гэтую акалічнасць падкрэсліла ў сваім выступе і адна з ідэйных натхняльнікаў на стварэнне сайту  palitviazni.info маладая праваабаронца Наста Лойка: “Вельмі прыемна, што ідэя, якая доўгі час вітала ў паветры, нарэшце знайшла сваё структурнае ўвасабленне. І менавіта ў выглядзе такога сур’ёзнага і важнага інфармацыйнага прадукта як сайт. Бо ў сённяшняй сітуацыі адной з асноўных мэтаў для нас з’яўляецца тое, каб усе гэтыя факты не зніклі дзесьці ў архівах спецорганаў альбо судоў. Важна, каб кожная з гэтых палітычных справаў знайшла сваё месца ў гісторыі і каб гістарычная праўда аднойчы таксама знайшла сваё месца.
У першую чаргу мы ставім задачу зафіксаваць гісторыі гэтых людзей, якія вымушаны былі стаць нашымі героямі ў выніку крымінальнага пераследу, з аднаго боку. З іншага боку, асабліва па апошніх справах, па якіх мы можам знайсці яшчэ нейкія дакументы, мы запаўняем важную частку – “Дэталі”, дзе нам вельмі важна зафіксаваць імёны асобаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў пераследзе гэтых людзей. То бок, гэта суддзі, пракуроры, супрацоўнікі міліцыі, якія так ці інакш парушалі нормы дзеючага заканадаўства і міжнародныя стандарты, за што рана ці позна яны павінны будуць панесці адказнасць. Таму мы зараз імкнемся максімальна збіраць усе гэтыя дакументы, захоўваць іх, каб надалей дзеючым уладам было зразумела, што гэтыя злачынствы не застануцца беспакаранымі. Таму гэта сайт пра людзей-герояў і тых, хто іх пераследаваў”.

На прэзентацыі прысутнічалі героі некаторых публікацыяў і відэаінтэрв’ю – колішнія палітвязні паэт Славамір Адамовіч і праваабаронца Валерый Шчукін, а таксама Марына Лобава, маці сённяшняга палітвязня Эдуарда Лобава. Прысутныя паглядзелі некаторыя відэаінтэрв'ю і фільм пра зняволенага кіраўніка "Вясны" - "Свечка праўды Алеся Бяляцкага"

Агулам у базе новага інфармацыйнага рэсурсу налічваецца 178 персаналіяў. Над зборам  інфармацыі і напаўненнем сайту яго стваральнікі ўжо працуюць каля году і гэтая праца будзе працягвацца далей, як яны спадзяюцца, з удзелам грамадскасці. “Калі мы знайшлі не ўсіх палітвязняў ці вы ведаеце яшчэ нейкую інфармацыю пра людзей, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах, звяртайцеся да нас, інфармуйце – і мы абавязкова яе дададзім”, - заклікаў Зміцер Салаўёў.

Каб распавесці пра наяўнасць у Беларусі палітвязняў як мага шырэй, сайт palitviazni.info працуе на чатырох мовах – беларускай, рускай, польскай і англійскай.  Яго прэзентацыі на сённяшні дзень адбыліся не толькі ў розных гарадах Беларусі, але і ў замежжы –  Варшаве.

Праваабаронца Наста Лойка

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international