viasna on patreon

Што для ААН парушэнне, для Беларусі — практыка?

2012 2012-11-29T22:00:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Тэрарыст Брэйвік сядзіць побач з адвакатам, а беларускія падсудныя — у клетцы.

Парушэнні міжнароднага права, якія Камітэт ААН па правах чалавека заўважыў у справе расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, аказаліся нечаканымі. Для Беларусі гэтыя парушэнні — звычайная практыка. У нас абвінавачаных трымаюць у клетках на судзе. Сядзець чалавеку да суда ў ізалятары ці не, вырашае пракурор. У нас гэта нармальна, а для ААН — парушэнне. Саша Варламаў 1,5 года чакае суда ў СІЗА, а ААН лічыць, што гэта павінен вырашаць суд.

Былы Генпракурор, загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрфака БДУ Рыгор Васілевіч, пагаджаецца, што дысбаланс з міжнародным правам ёсць.

"Пэўны дысбаланс паміж артыкулам 9 пакта і нормамі крымінальна-працэсуальнага кодэксу ёсць. У нас пакуль практыка развіваецца такім чынам, што на пэўным этапе рашэнне прымае пракурор. У любым выпадку, гэтае права на судовую абарону на судовы кантроль гарантуецца крымінальна-працэсуальным кодэксам. Асоба якая ўтрымліваецца пад вартай, можа падаць скаргу ў суд на сваё затрыманне, прымяненне меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, падаўжэнне тэрміна ўтрымання. Можа быць, больш часу уходзіць на тое, каб вырашыць пытанне. Але, так ці інакш, такое права ёсць".

Пакуль жа у нас застаецца нейкае захапленне практыкай утрымання людзей пад вартай, замест таго ж залогу. Рыгор Васілевіч распавядае прыклад з практыкі, які ўражвае. Чалавек чакаў суда ў ізалятары. Ён скраў у дзяржавы 700 тысяч рублёў, а на яго ўтрыманне дзяржава патраціла некалькі мільёнаў.

Раней тое самае было ў многіх краінах СНД. Але там ўсё прывялі ў адпаведнасць зміжнародным правам.

Таксама ва ўсіх суседніх краінах перасталі трымаць падсудных у клетцы. Такая практыка засталася толькі ў Беларусі. Нават Брэйвік, які прызнаўся ў забойстве 77 чалавек, сядзіць побач з адвакатам у зале суда. Уладзіслаў Кавалёў — увесь час у клетцы.

"Гэта практыка даўно асуджаная і Камітэтам па правах чалавека ААН і Еўрапейскім судом па правах чалавека, — кажа юрыст Павел Сапелка. — Гэта парушэнне прэзумпцыі невінаватасці і роўнасці бакоў у працэсе. Большасць краін, якія лічаць сабе дэмакратычнымі, даўно прыйшлі да практыкі утрымання падсудных за бар'ерам ці проста ў зале. Калі яны сапраўды небяспечныя, то ў "акварыуме", які менш уздзейнічае на свядомасць суда ці прысяжных. І ў меншай ступені прыніжае годнасць таго, хто паўстае перад судом".

Чаму такія нормы засталіся толькі ў Беларусі? Адказ на гэтае пытанне можна адшукаць у Расіі, якая для нас часта з'яўляецца прыкладам у правапрымяняльнай і заканадаўчай практыцы. Нават гадзіннік мы разам не пераводзілі. Але тут дысбаланс. Чаму?

Справа ў тым, што Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы, а Расія ўваходзіць. Хацелася б верыць, што там пайшлі на такія меры, бо клапоцяцца пра правы чалавека, кажа Павел Сапелка, але ж...

"Цудоўна дапамагае Расіі разумець яе абавязкі па абароне правоў чалавека — Еўрапейскі суд па правах чалавека. Ён выносіць рашэнні, дзе кажа не толькі выправіць парушэнні, але і выплаціць маральную кампенсацыю".

Калі б Беларусь была ў Савеце Еўропы, то гэтыя неадпаведнасці давялося б выпраўляць. А далей — незразумела... мы не выпраўляем, таму што нас не бяруць у Савет Еўропы, ці нас не бяруць, таму што мы не выпраўляем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства