У Магілёве створаны небяспечны судовы прэцэдэнт – адмаўляць у працаўладкаванні можна “праз нязгоду калектыва”

2012 2012-11-29T12:21:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/paulouski_aliaksiej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляскей Паўлоўскі

Аляскей Паўлоўскі

27 лістапада суддзя Ленінскага раённага суда Магілёва Юлія Трапыніна не задаволіла пазоў актывіста незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксея Паўлоўскага. Яна не прызнала наяўнасць працоўнай дыскрымінацыі пры спробе актывіста працаўладкавацца.

У судзе прысутнічалі і прадстаўнікі Магілёўскага домабудаўнічага камбінату, якія адмовілі актывісту ў працаўладкаванні з фармулёўкай “праз нязгоду калектыва”.

“На працягу апошніх некалькіх месяцаў я чатыры разы cпрабаваў працаўладкоўвацца ў ДБК па накіраванню ад цэнтра занятасці. У аддзеле кадраў першы і трэці раз мне зрабілі запіс у накіраванні, што адмаўляюць мне ў сувязі з адсутнасцю на дзень майго звароту вакансій муляроў 3 – 5 разрадаў, а другі і чацвёртый разы – “праз нязгоду калектыва”. Як і калі ўвесь працоўны калектыў здолеў за такі кароткі час кінуць працу, правесці пасяджэнне і абмеркаваць на ім маю кандыдатуру -- мне невядома”, - кажа Аляксей Паўлоўскі.

Прафсаюзны актывіст палічыў, што гэтая фармулёўка ў парушэнне арт.14 Працоўнага Кодэксу дыскрымінуе яго законныя правы на працаўладкаванне і звярнуўся ў суд. Ён хацеў спагнаць з РУП “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат” амаль 21 мільён рублёў за вымушаны прагул – з тога моманту, як Паўлоскаму было адмоўлена ў першым працаўладкаванні і прымусіць ДБК праз суд яго працаўладкаваць.

У судзе прадстаўнікі ДБК казалі, што яны супраць працаўладкавання Паўлоўскага, таму што ім вядомы “негативные последствия приёма (увольнения) Павловского А.С. на других предприятиях”, а таксама што яны хочуць “улучшения микроклимата в коллективе и недопущения дестабилизации обстановки на предприятии”. Начальніца юрыдычнага аддзела прадпрыемства, сказала, што ведае Паўлоўскага па працы ў Будаўнічым трэсце №12 і што ён вельмі шмат размаўляе с іншымі рабочымі, праводзіць пасяджэнні ў інтэрнатах, звяртаецца ў суды і наогул “злоўжывае правам”.

Акрамя таго, у судзе прадстаўнікі адказчыка канкрэтызавалі, што пытанне з працаўладкаваннем Паўлоўскага абмяркоўвалася адміністрацыяй завода і актывам прафкама, якія, нібыта, прагаласавалі супраць яго прыёму на работу.

“Сапраўды я выйграў некалькі судоў у Будаўнічага трэста №12. Ён парушаў мае правы і ў судзе я здолеў гэтае даказаць, у выніку чаго трэст выплаціў мне буйную суму грошай. Па сходу адміністрацыі і актыва прафкама я прасіў прадстаўнікоў адказчыка паіменна даць звесткі аб тых, хто на гэтым “сходзе” прысутнічаў, аднак яны гэтага не зрабілі. Тады я на падставе ч.2 арт.193 ГПК неаднаразова заяўляў хадайніцтвы аб выкліку ў суд у якасці сведак усіх удзельнікай, гэтак званага “сходу”, каб яны маглі даць свае паказанні ў судзе. Аднак суддзя незаконна адмовілася гэта рабіць”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

“Суддзя Трапыніна цалкам адмовіла ў задавальненні майго пазову. Маўляла, што адмова ў прыёме на працу ў сувязі с няжаданнем каллектыву, не з’яўляецца дыскрымінацыяй і што ў першы і трэці мае прыходы да іх ДБК былі патрэбны муляры 6-га разраду, а не 5-га, які ёсць у мяне.

Насамрэч ім патрабаваліся спецыялісты 3-6 разраду. Як толькі я прыйшоў працаўладкоўвацца ў той жа дзень заяўка на спецыялістаў з меншым разрадам была знята і пакінуты толькі шосты разрад. Пра гэта сведчыць таксама і звесткі з цэнтра занятасці”, - працягвае актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП.

Праваабаронца Барыс Бухель не быў дапушчаны на судовае пасяджэнне ў якасці прадстаўніка Аляксея Паўлоўскага ад незалежнага прафсаюзу РЭП.

“Суддзя спаслалася на тое, што ў мяне няма рашэння цэнтральнага органа прафсаюзу, каб я мог прадстаўляць інтарэсы Паўлоўскага. Раней нічога такога не патрабавалася, тым болей, што гэтае рашэнне амаль немагчыма так аператыўна атрымаць, бо цэнтральны орган прафсаюза не збіраецца так часта”, - кажа Барыс Бухель.

“Мы будзем абскарджваць гэтае рашэнне ў абласным судзе. Створаны небяспечны прэцэдэнт, калі можна адмаўляць у працаўладкаванні з фармулёўкай “праз нязгоду калектыву”. Тут пад дыскрымінацыю могуць патрапіць усе прадстаўнікі апазіцыі, якія пажадаюць куды-небудзь працаўладкавацца”, - працягвае праваабаронца.

Акрамя таго, Барыс Бухель звяртае ўвагу на тое, што выпіска з пратаколу сходу працоўнага калектыву аформлена не па нормах справаводства і таму не мае юрыдычнай сілы. Праваабаронца таксама адзначае, што выпіска з пратаколу пісалася заднім чыслом, бо ў адказе дырэктара ДБК сп.Пархамовіча ад 31 кастрычніка ёсць радок, у якім напісана, што штодзённы разгляд кандыдатур па працаўладкаванню грамадзян не афармляецца ў пісьмовай форме (пратаколам).

Нагадаем, што Аляксей Паўлоўскі з’яўляецца беспрацоўным ад пачатку года. На мінулым месцы працы яму не працягнулі працоўны кантракт. Ён лічыць, што гэта было звязана з ягонай актыўнай грамадскай, палітычнай і прафсаюзнай дзейнасцю. Цягам году ён наведаў болей за 20 дзяржаўных арганізацый, аднак ні адна з іх не пажадала працаўладкаваць муляра, які мае рэпутацыю “барацьбіта за працоўныя правы”.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international