Актывіст БХД абскарджвае пастаноўку на прафілактычны ўлік у КДБ

2012 2012-11-21T14:08:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kgb-pasvedch.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёве актывіст БХД Алег Аксёнаў праз суд абскарджвае пастаноўку на прафілактычны ўлік у КДБ. Адпаведную скаргу ён накіраваў сёння, 21 лістапада, у суд Ленінскага раёна Магілёва.

 Алег Аксёнаў хоча, каб суд прызнаў ягоную пастаноўку на прафулік незаконнай, а прафілактычную размову з супрацоўнікамі КДБ неабгрунтаванай. Таксама актывіст хоча атрымаць ад начальніка УКДБ па Магілёўскай вобласці сп. Сергеенкі пісьмовыя выбачэнні за незаконныя дзеянні, а ад супрацоўніка сп. Махунова -- вусныя.

“Я хачу, каб суд вынес прыватнае вызначэнне на адрас нашага КДБ за дапушчаныя ў дачыненні да мяне грубыя парушэнні заканадаўства. У якасці сведкі ў судзе я хачу бачыць супрацоўніка КДБ сп. Махунова. Акрамя таго, я хачу азнаёміцца на судовым пасяджэнні з маёй прафілактычнай справай”, - кажа Алег Аксёнаў.

Нагадаем, што 22 кастрычніка Алег Аксёнаў быў выкліканы па мабільнаму тэлефону ў КДБ на размову. Там яму паведамілі, што яго ставяць на прафілактычны ўлік. Нагодай для гэтага стала дзейнасць актывіста ад імя незарэгістраванай арганізацыі – аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Падчас знаходжання ў КДБ Алег Аксёнаў не падпісваў ніякіх дакументаў.

Адразу пасля сустрэчы са спецслужбамі актывістам БХД была выслана скарга ў Магілёўскую абласную ўправу КДБ, адкуль ён атрымаў адказ, які не мае юрыдычнай сілы.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ліст падпісаны не той службовай асобай, якая пазначана ў ім у рэквізіце “подпіс”.

“Пад лістом стаяла прозвішча Сергіенкі, аднак подпіс дакладна не ягоны, бо перад ягонай пасадай было асадкай напісана слова “намеснік” начальніка УКДБ, а як вядома ён самы што ні на ёсць сапраўдны начальнік КДБ. Тут расшыфроўка подпісу не адпавядае той асобе, якая падпісала адказ. Гэта з’яўляецца парушэннем п.57 Інструкцыі па справаводству ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь, якая зацверджана пастановай Мінюста РБ №4 ад 19.01.2009 года”, - кажа Барыс Бухель.

“Акрамя таго сп.Аксёнаву не выдалі копію дакумента, з якім супрацоўнік КДБ сп.Махуноў яго азнаёміў. Сам жа адказ з КДБ не па сутнасці – у ім не раскрываецца прычына пастаноўкі на прафілактычны ўлік”, - працягвае праваабаронца.

Алег Аксёнаў таксама напісаў скаргу ў Магілёўскую абласную пракуратуру на незаконныя дзеянні Упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці. Ад пракуратуры актывіст просіць правесці праверку па фактах незаконнай пастаноўкі яго на ўлік і прыцягнуць вінаватых у гэтым асоб да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Нагадаем, што ў Магілёве акрамя Алега Аксёнава на прафілактычным  уліку КДБ знаходзіцца яшчэ два актывісты – гэта кіраўнік Магілёўскай абласной партыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў і лідэрка Магілёўскага гарадскога аргкамітэта БХД Тацяна Шамбалава.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international