viasna on patreon

Быхаўскіх міліцыянтаў пакаралі за непрафесіяналізм

2012 2012-11-19T09:55:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shachanok-buhel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Шачанок і праваабаронца Барыс Бухель

Аляксандр Шачанок і праваабаронца Барыс Бухель

Жыхар вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Шачанок атрымаў афіцыйнае пацверджанне таго, што ягоны ўчастковы Віталь Вашчыла звольнены ў сувязі з фальсіфікацыяй адміністрацыйнай справы ў дачыненні да яго.

У афіцыйным адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС сп.Мельніка гаворыцца, што акрамя Віталя Вашчылы было пакарана яшчэ два супрацоўнікі міліцыі.

За прыніжаны кантроль за адпавяданнем патрабаванняў рэгістрацыйна-уліковай дысцыпліны падначаленымі супрацоўнікамі начальнік Быхаўскага РАЎСа сп. Андрэйчыкаў атрымаў строгае папярэджанне, а начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі РАЎСа сп. Анфісаў быў дэпрэміраваны.

Акрамя таго, у лісце гаворыцца, што матэрыялы праверкі па факту фальсіфікацыі заявы суседкі  сп.Шачанка спн.Шведавай і выпраўлення дат складання пратаколу апытання ўдзельнікаў адміністрацыйнага працэсу накіраваны ў Быхаўскі раённы аддзел Следчага камітэту для дачы прававой ацэнкі дзеянням участковага Віталя Вашчылы.

Трэба адзначыць, што ў канцы ліста сп. Мельнік папрасіў прабачэнне за непрафесійныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Нагадаем, што бытавая спрычка паміж Аляксандрам Шачанком і ягоным суседам з-за сметніцы бытавых адыходаў стала нагодай для судовага разбіральніцтва. Пра тое, што Аляксандр Шачанок фігуруе ў адміністрацыйнай справе, ён даведаўся пасля таго, як яму прыйшла позва ў суд. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён, нібыта, збіў сваю суседку. Падчас судовага пасяджэння быхаўчанін азнаёміўся з матэрыяламі справы і заявіў, што на пратаколе подпісы і запіс зроблены не ягонай рукой. Сфабрыкаваная супраць мужчыны справа развалілася ў судзе, бо не было нават заявы пацярпелай. Экспертыза почырка, якая праходзіла двойчы, таксама пацвердзіла, што подпісы і запіс не належаць Аляксандру Шачанку.

Амаль год Аляксандр Шачанок разам з праваабаронцай Барысам Бухелем змагаліся за тое, каб прыцягнуць да адказнасці міліцыянта, які сфальсіфікаваў адміністрацыйную справу ў дачыненні да яго.

«Мы задаволены тым, што ўсё так атрымалася, аднак працягваем перапіску з міліцыяй. Аляксандр Шачанок хоча прыцягнуць да крымінальнай адказнасці звольненага ўчастковага Віталя Вашчылу, бо віна апошняга вельмі вялікая – гэта падлог дакументаў. Міліцыя мусіць абараняць грамадзян, а не служыць нейкім карным органам, тым болей, што там не павінны працаваць несумленныя людзі», - кажа Барыс Бухель.

 

На фота: Аляксандр Шачанок з праваабаронцам Барысам Бухелем

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства