viasna on patreon

Завядзёнка ў Брагінскім раёне – прымусовыя суботнікі штотыдзень

2012 2012-11-16T12:44:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/subotniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Брагінскага райвыканкаму Аляксандр Ятчанка падпісаў распараджэнне аб правядзенні кожны тыдзень раённых суботнікаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў з удзелам усіх арганізацый.

«Такая працоўная акцыя прадоўжыцца да першага снежня, і за гэты тэрмін патрэбна паспець навесці парадак як вакол сваіх дамоў, так і каля адміністрацыйных будынкаў, на вуліцах, у месцах масавага адпачынку, каб падрыхтавацца да зімовага перыяду належным чынам», - паведамляе раённая газета «Маяк Палесся».

Бясплатна працаваць на «карысць дзяржавы» - не навіна для Беларусі. Але ў іншых раёнах суботнікі праводзіліся раз, два ці тры на восень, а не кожны тыдзень. У Брагінскім раёне, які пацярпеў ад катастрофы на ЧАЭС, і ў якім эканамічнае становішча з года ў год, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага, улады пайшлі далей усіх, абвясціўшы суботнікі штотыдзень.

Па дадзеных статыстыкі, насельніцтва Брагінскага раёна складае каля 13 тысяч чалавек, з іх каля пяці тысяч занятыя ў эканоміцы. У раёне афіцыйна зарэгістраваны беспрацоўнымі 56 чалавек (1%). Сярэдні заробак за студзень-верасень 2012 года склаў 2,5 мільёны рублёў. Пра эканамічнае становішча яскрава сведчыць і той факт, што за студзень-верасень у раён прыцягнулі прамыя замежныя інвестыцыі ў памеры 2,6 тысяч даляраў.

Дарэчы, прымусовая праца забаронена Канстытуцыяй РБ. Тым не менш, на гэта не зважаюць беларускія ўлады. Напрыклад, 15 лістапада ў Гомелі міліцыя сабрала бяздомных, каб яны за «Ролтан» і гарбату прывялі ў парадак парк Лешчынец у Савецкім раёне. Як засведчылі журналістам бяздомныя, працаваць іх прымусілі пад пагрозай ІЧУ ці таго, што могуць за адмову атрымаць дубінкай. Бяздомныя выказаліся, што пачак «Ролтана» ды гарбата не могуць лічыцца аплатай за працу.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства