Алесь Бяляцкі: “У незалежнай беларускай дзяржаве парадаксальным чынам адрадзілася трагічная традыцыя турэмнага твораскладаньня…”

2012 2012-11-15T11:26:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiackialies-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Сёньня, калі адзначаецца Міжнародны дзень пісьменьніка ў зьняволеньні, хочацца яшчэ раз узгадаць нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную літаратуру”, якія праваабаронца і літаратар даслаў гэтым летам з-за кратаў бабруйскай калоніі.

“Я ўжо пару гадоў таму пісаў пра тое, што беларускія тэксты, і найперш вершы, напісаныя ў турме, на зоне, у лагерах, на высылцы, пасьля іх, паводле перажытага, маюць даўнюю і багатую гісторыю. Я нават бяру пад увагу вымушаную эміграцыю, якая шмат кім з творцаў успрымалася ня меньш трагічна за зьняволеньне.

Адзіны верш Кастуся Каліноўскага, які дайшоў да нас, напісаны ў турэмных кляшторных мурах Вільні. Эсэ Ядвігіна Ш., адзін з першых празаічных тэкстаў новай беларускай літаратуры, напісаны ім паводле затрыманьня  ў выніку студэнцкіх хваляваньняў у Маскве. Затым, як адлітыя з сібірскага золата, зьявіліся вершы Алеся Гаруна, створаныя ім на капальнях у Бадайбо. Урэшце, магутны падмурак нашай літаратуры – паэма, напоўненая тугой па свабодзе і любоўю да Радзімы, “Новая зямля” Якуба Коласа - была задуманая, вымарылася і пачала стварацца ў Пішчалаўскім замку, дзе месціцца сёньня СІЗА на Валадарскага ў Менску. Затым былі сенсацыйныя на той час салавецкія ўспаміны Францішака Аляхновіча “У кіпцюрох ГПУ”. І цэлы пласт беларускай моладзевай паэзіі 20-30-х гадоў на чале з найбуйнейшым прадстаўніком Максімам Танкам, вершы якога ствараліся за кратамі віленскіх Лукішак. І тужлівыя вершы Сяргея Новіка-Пеюна, ягоныя знакамітыя “Зорачкі”, і лаканічная геніяльная проза Максіма Гарэцкага, створаная ў безнадзейнай высылцы, удалечыні ад Беларусі. І зборнічак вершаў Тодара Лебяды, які рыхтаваўся да выпуску ў акупаваным Менску, пра сібірскія лагеры, дзе “пад кожнаю шпалаю ляжыць беларус” . А затым, пасьля вайны, гулагаўскія лірычныя вершы Лявона Случчаніна і лагерная вершаваная  перапіска паміж Ларысай Геніюш і Васілём Супруном, якую з захапленьнем чыталі беларускі і беларусы з мужчынскіх і жаночых зонаў. Так, у ГУЛАГу, на абгортачнай паперы быў створаны пераклад “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча - ён належыць Пятру Бітэлю, праваслаўнаму сьвятару і настаўніку, які сядзеў быў пасьля вайны за Сталінам. А за 20 гадоў перад гэтым таксама “Пана Тадэвуша”, гэтую паэтычную энцыклапедыю беларускага старасвецкага шляхецкага жыцьця, на беларускую мову ў Лукішках у Вільні пераклаў зьняволены Браніслаў Тарашкевіч. А яшчэ пасьля былі лагерныя ўспаміны пісьменьнікаў-вязьняў Яўгена Калубовіча, Барыса Мікуліча, Вінцука Адважнага, Ларысы Геніюш, Сяргея Грахоўскага ды іншых. І гэта сапраўды мастацкая літаратура высокага маральнага і літаратурнага кшталту. У ёй сапраўдныя трагічныя шляхі беларускага народу і лепшых яго прадстаўнікоў – пісьменьнікаў.

І вось прыйшла новая эпоха незалежнай беларускай дзяржавы, дзе парадаксальным чынам адрадзілася трагічная традыцыя турэмнага твораскладаньня. Першай тут варта назваць кніжку Славаміра Адамовіча “Турэмны дзёньнік”, якая зьявілася ў выніку турэмнага зьняволеньня за напісаньне вершыка ў 1996 годзе. Затым было некалькі зборнікаў успамінаў вязьняў і зусім нядаўняя апавяданьне ў “Дзеяслове” Алеся Кіркевіча. Таму кніжка Уладзіміра Някляева “Лісты да Волі” бачыцца мне лагічным працягам гэтай магутнай “турэмнай” плыні беларускай літаратуры, створанай дзясяткамі зэкаў-літаратараў, і якая амаль не перапынялася ў апошнія 150 гадоў”.

(Нагадаем, што цалкам гэтыя тэксты апублікаваныя на сайце ПЦ "Вясна": Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру)

Да гэтых развагаў Алеся Бяляцкага прывяло знаёмства з кнігамі “Лісты да Волі” Уладзіміра Някляева і “Американские стихи” Аляксандра Фядуты - аўтары, рэпрасаваныя за Плошчу-2010, напісалі гэтыя кнігі ў вязьніцы.

Вось і сам Алесь Бяляцкі, апынуўшыся за кратамі, як і шматлікія яго папярэднікі – беларускія літаратары-вязьні розных часоў, сярод якіх Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас … Уладзімір Някляеў, напісаў нататкі пра беларускую “турэмную” літаратуру. Яны ўвойдуць у кнігу, якую Алесь пачаў рыхтаваць у 2011-м годзе і планаваў выдаць да свайго 50-годдзя. Да выдання гэтую кнігу рыхтуюць яго сябры і калегі.      

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international