viasna on patreon

Рабочых нацкоўваюць на незалежныя прафсаюзы

2012 2012-11-06T14:53:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адміністрацыя Бабруйскага завода трактарных дэталяў вінаваціць лідара Свабоднага прафсаюза прадпрыемства ў жаданні пазбавіць людзей права на працу.

Як гаворыцца ў размешчаным на сайце прадпрыемства звароце адміністрацыі завода і прафсаюзнага камітэта АСМ да работнікаў завода, Міхаіл Кавалькоў «павучае кіраўніцтва прадпрыемства на ангажаваных сайтах інтэрнэту, як трэба гандляваць выпусканай прадукцыяй і працаваць па захаванні кадраў на заводзе». Таксама ў віну прафсаюзнаму лідару ставіцца «яго зварот да гандлёвых партнёраў за мяжой з патрабаваннем прыняцця санкцый да прадпрыемства».

«Такія санкцыі могуць прывесці да скарачэння і частковага спынення вытворчасці, а значыць, многія з 3700 работнікаў нашага завода могуць застацца без працы, а іх сем’і — без сродкаў да існавання. У сувязі з гэтым выклікае асаблівае здзіўленне пазіцыя некаторых работнікаў нашага прадпрыемства, якія ўваходзяць у актыў прафсаюза СПБ і якія спрабуюць знайсці апраўданне дзеянням прафсаюзных функцыянераў ад СПБ», — гаворыцца ў звароце.

Адміністрацыя і афіцыйны прафсаюз завода лічаць, што праз «дэструктыўныя дзеянні першаснай арганізацыі прафсаюза СПБ на чале з Кавальковым» «за апошнія два месяцы колькасць першаснай арганізацыі СПБ скарацілася ў два разы з 260 чалавек да 130».

Як станоўчы прыклад супрацоўніцтва адміністрацыі і афіцыйнага прафсаюза прыводзіцца інфармацыя аб тым, што «паміж адміністрацыяй завода і прафсаюзным камітэтам АСМ дасягнутае пагадненне аб павелічэнні з 1 лістапада 2012 г. тарыфнай стаўкі першага разраду на 15%».

«Усё выкладзенае ў гэтым пасквілі — чыстай вады паклёп. Ад пачатку да канца», — заявіў Кавалькоў, адзначыўшы, што звычайна такое адбываецца пасля выхаду іх прафсаюзнага інфармацыйнага бюлетэня.

«У апошнім нумары мы раскрылі сутнасць нашага ідэолага — Уладзіміра Елісеенкі. Мы паставілі яму ў віну тое, што ён не захоўвае кадры, як павінен, а наадварот, імі раскідваецца. Вось пайшла зваротная рэакцыя», — лічыць Кавалькоў.

Паводле яго словаў, «яны канчаткова забрахаліся, калі пішуць, што працаўнікі завода пакідаюць шэрагі СПБ добраахвотна — усюды ідзе масіраваны ціск на людзей, каб прымусіць іх да выхаду з прафсаюза».

Што да звароту з заклікам пра санкцыі, то гэта таксама, паводле сцверджання Кавалькова, хлусня. «Нікуды я не звяртаўся», — запэўніў ён.

Павышэнне заработнай платы, па словах Кавалькова, адбылося дзякуючы планам СПБ прыняць адпаведны зварот да кіраўніцтва завода. «Кіраўніцтва завода пра гэта ведала. І каб апярэдзіць усе гэтыя ініцыятывы, яны і напісалі, што ініцыятыва ідзе ад АСМ», — кажа ён.

«Адно добра — нас падтрымліваюць, я з упэўненасцю скажу, больш за 90% работнікаў завода», — адзначыў прафсаюзны лідар.

Нагадаем, што з лета першасная арганізацыя СПБ на заводзе пазбаўленая свайго офіса, яе старшыня пэўны час сутыкаўся з праблемай асабістага допуску на прадпрыемства. У жніўні 670 работнікаў звярнуліся да кіраўніцтва прадпрыемства з патрабаваннем не перашкаджаць дзейнасці СПБ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства