Чвэрць стагоддзя таму адбылася першая акцыя на Дзяды

2012 2012-11-01T12:43:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dziady-simvolika.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Можа не ўсе памятаюць, што першы раз Дзяды ў выглядзе грамадзянскай акцыі адзначылі не ў 1988-м годзе масавым мітынгам, а паэтычнай імпрэзай ля помніка Янку Купалу ў 1987-м.  

Гэтую акцыю ў 2009 годзе ў сваіх успамінах узгадваў пісьменнік Кастусь Тарасаў:

"У 1987-м годзе мяне папрасіла дзяўчына, каб я выступіў на мітынгу, які праводзяць "Тутэйшыя" і "Талака" ў скверы Янкі Купалы. Да гэтага ніякіх яўных мітынгаў у Мінску, якія праводзіліся некамсамольскімі моладзевымі аб’яднаннямі, не было. Колькі збярэцца людзей мітынгаваць, дзяўчына, якая патэлефанавала мне, не ведала - можа быць, 100 чалавек.

Мітынг быў прызначаны на 1 лістапада, на вядомыя, але ніколі не адзначаемыя Дзяды. Выступалі са мной Пётр Садоўскі і Анатоль Сыс. Садоўскага я паважаў за філасофскае мысленне, добрую моўную адукаванасць і як знаўцу фальклорных песень. Сыс падабаўся мне як выбітны майстар верша. І абодвух я шанаваў за ўвагу да беларускай культуры.

Мы прыйшлі да помніка Купалу а 12-й гадзіне. На мітынг сабралася чалавек трыста, усе былі ўсхваляваныя, таму што ніхто не ведаў, ці будзе там міліцыя або група людзей у цівільным, якія з жорсткасцю разагналі 15-гадовых дзяўчат за спеў народных песень на "Гуканне вясны" летась.

Перад помнікам стаяў памост, пастаўлены яшчэ ўлетку на свята паэзіі. Многіх я ведаў па сваёй журналісцкай дзейнасці, але палова была мне незнаёмая. Далёка ад усіх высіўся першы сакратар Мінскага гаркама КПСС.

Мітынг пачаўся чытаннем вершаў Янкі Купалы, потым прапанавалі гаварыць мне. “Дзяды” было тым словам, якое аб’ядноўвала ўсіх ахвяраў беларускага народа. Я сказаў пра рэпрэсіі супраць беларусаў за ўсю шматвяковую гісторыю. Гаварыць трэба было гучна, узмацняльніка гуку ў нас не было. За некалькі хвілін я пералічыў усіх ахвяраў, якіх ведаў: ад Люблінскай уніі, Патопу, трох расійскіх падзелаў ды савецкіх рэпрэсій 30-40 гадоў.

Пасля выступаў Сыс, лідэр "Тутэйшых", яму было 27 гадоў. Ён прачытаў свой верш "Маналог "Тутэйшага" і ў мёртвай цішыні стаў зачытваць спіс расстраляных сталінскімі карнікамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Надыйшла чарга Пятра Садоўскага. Ён вылучыў для свайго выступу вельмі балючую тэму - параўнаў колькасць забітых у вайну немцаў і колькасць забітых у вайну савецкіх людзей. Гэтая розніца ў 10 мільёнаў чалавек усіх уразіла, з гэтых невядомых 10 мільёнаў, мабыць, расстралялі нашыя энкадэвісты.

Напрыканцы маладая Кася Камоцкая пад гітару выканала тры песні, чым выклікала авацыі ва ўсіх, акрамя прадстаўнікоў партыйных органаў.

На гэтым афіцыйная частка мітынгу завяршылася, але, каб не засталося "шкоднага меркавання", пачалася дыскусія, у якой з прамовамі звярнуліся да прысутных Анатоль Майсеня, Мікалай Сташкевіч, Васіль Зуёнак, і пасля ўсе астатнія, не жадаючыя змірыцца з імі за тэндэнцыйныя погляды.

І нікога не забралі, наогул міліцыі не было, і ўсе спакойна разыйшліся па дамах. Можа быць, гэты мітынг затух у памяці, але газета “Советская Белоруссия” праз тыдзень надрукавала ў двух нумарах артыкул Анатоля Майсені, у якім ён абрынуўся на тых, хто назваў мільённыя рэпрэсіі "генацыдам беларускага народа". Гэтага было мала, ён не назваў нашы імёны, і праз два месяца, 29 снежня, газета апублікавала вялікі крытычны артыкул В.Папяляева, прысвечаны П.Садоўскаму, А.Сысу і мне.

“Советская Белоруссия” выходзіла 200-тысячным тыражом, і за адзін дзень да Новага года падрабязная публікацыя аб мітынгу ў Мінску "Талакі" і "Тутэйшых", аб нашых выступах стала вядомая краіне. Аўтар артыкула быў не вельмі карэктным і знарок змяшаў імёны Цвікевіча, Ластоўскага, Лёсіка, расстраляных да вайны органамі НКУС, з імёнамі вайскоўцаў-злачынцаў. Было сумнеўна, каб чытачы “Советской Белоруссии” не паверылі ў гэта змрочнае газетнае слова. Мы напісалі ліст за нашымі трыма прозвішчамі, і загадчык аддзелам прапаганды і агітацыі “Советской Белоруссии” дапамог нам надрукаваць яго ў той жа газеце ў студзені 1988 года. Пасля нашага ліста ўсе гутаркі аб першым мітынгу "Дзяды" спыніліся. А ў кастрычніку 1988 году адбыліся другія Дзяды, якія сталі вядомыя на ўвесь СССР, бо супраць мірных дэманстрантаў улады ўжылі жорсткую сілу.

Кастусь Тарасаў”

Нагадаем, што пісьменнік Кастусь Тарасаў пайшоў з жыцця 20 сакавіка 2010 года і быў пахаваны 25 сакавіка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international