У рэгіёнах -- вялікі некамплект міліцыі

2012 2012-11-01T09:57:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bielaruskaja_milicyja1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкай міліцыі вялікі некамплект, міліцыянеры звальняюцца з-за нізкіх заробкаў. Пра гэта заявіў падчас сустрэчы з бацькамі на бацькоўскім сходзе ў Машчаніцкай сярэдняй школе 31 кастрычніка начальнік Бялыніцкага РАУС палкоўнік міліцыі Юрый Сіманаў.

Юрый Сіманаў сказаў таксама, што асабліва не хапае ў Бялыніцкім РАУС участковых інспектароў міліцыі. Так, няма зараз уласнага ўчастковага і ў Машчаніцкім сельскім савеце, у якім пражывае даволі шмат людзей, яго абавязкі выконвае міліцыянер з суседняга ўчастка. Па словах начальніка Бялыніцкай міліцыі, ёсць спадзяванне, што ўласны ўчастковы ў Машчаніцы ўсё ж з’явіцца, але толькі праз некалькі месяцаў.

Палкоўнік Сіманаў адмовіўся даць канкрэтны адказ на пытанне бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча, колькі ж канкрэтна ў працэнтных адносінах складае некамплект міліцыянераў у Бялыніцкім РАУС, аднак прызнаў, што незанятых вакансій шмат і што міліцыянеры звальняюцца са службы ў сувязі з нізкімі заробкамі. Юрый Пятровіч выказаў спадзяванне, што гэта сітуацыя будзе ўрэгулявана нейкім чынам пасля нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях рэфармавання органаў унутраных спраў, якая павінна адбыцца 15 лістапада. Па словах Юрыя Сіманава, ён таксама прыме ўдзел у гэтай нарадзе.

Падчас гутаркі з бацькамі начальнік Бялыніцкага РАУС таксама распавёў аб зменах у адміністрацыйным заканадаўстве у адносінах да непаўналетніх і адказнасці за іх правапарушэнні бацькоў. Палкоўнік Сіманаў заклікаў бацькоў больш увагі надаваць сваім непаўналетнім дзецям, каб пасля не давялося прыцягваць іх да адміністрацыйнай адказнасці. “Заробкі ў нас малыя, а штрафы вялікія”, - канстатаваў Юрый Сіманаў.

Начальнік міліцыі адзначыў, што апошнім часам павялічылася колькасць крадзяжоў, якія ўчыняюць непаўналетнія. Асноўная колькасць крадзяжоў – гэта крадзёж прадуктаў харчавання, прычым гэтыя крадзяжы ўчыняюць і дзеці з забяспечаных сем’яў.

Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч адзначае, што той факт, што ў бялыніцкай міліцыі існуе праблема з кадрамі, даўно ўжо не з’яўляецца сакрэтам.

“Бялынічане даўно ведаюць, што ў Бялыніцкім РАУС існуе вялікае праблема з кадрамі, міліцыянеры пастаянна звальняюцца з-за нізкіх заробкаў і незразумелых патрабаванняў. Калі раней служыць у міліцыі лічылась прэстыжным, то зараз там пастаянны некамплект. Для прыкладу, толькі ў нас у Машчаніцы за апошні час змянілася два ўчастковых, люді звальняюцца, і зараз на вялікі сельсавет наогул няма ўчастковага інспектара. Некамплект кадраў існаваў і ў мясцовым райаддзеле МНС, але там праблему вырашылі за кошт таго, што набралі ў штат маладых людзей, якія замест паўтары гадоў службы ў войску пайшлі служыць у МНС на тры гады. Альтэрнатыўнай службы ў нас няма, таму маладыя людзі ахвотна ідуць служыць у МНС, дзе за гэта плоцяць грошы і яны знаходзяцца дома.

Не здзіўляе і тое, што дзеці крадуць, прычым менавіта прадукты харчавання. Нягледзячы на ўсе казкі пра стабільнасць і “квітнеючую Беларусь” , узровень жыцця ў сельскіх рэгіёнах апошнім часам значна панізаўся, і ў многіх сем’ях, асабліва недобранадзейных, сапраўды дзецям не заўсёды ёсць што паесці”, - выказаў меркаванне Барыс Вырвіч.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international