Не знішчайце ў чалавеку чалавечае: адкрыты ліст у Генпракуратуру палітвязня Змітра Дашкевіча

2012 2012-10-31T16:32:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму ці такому абыходжанню ці пакаранню, якое прыніжае яго годнасць», — гаворыцца ў галоўным законе нашай краіны (артыкул 25 Канстытуцыі). Знаходзячыся ў месцах пазбаўлення волі, чалавек, здавалася б, мусіць захаваць гэтае канстытуцыйнае права. У дадатак да ўсяго і Кодэкс сведчыць: «Асуджаныя не павінны падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму ці такому абыходжанню, якое прыніжае іх годнасць» (артыкул 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса).

Аднак, на жаль, цытаты гэтыя ў большасці выпадкаў застаюцца толькі прыгожымі словамі, вельмі далёкімі ад рэчаіснасці. І на волі трэба штодня змагацца за права людзьмі звацца, а пра беларускія турмы/зоны і гаварыць не выпадае — гэта месцы, дзе цынічна і паслядоўна знішчаецца ў чалавеку ўсё чалавечае, гвалтам маральным (які нават страшней за фізічны) выбіваецца апошняя людскасць.

Прывяду толькі адзін прыклад толькі адной з устаноў г.зв. «выхаваўчай» сістэмы РБ — турмы № 2 г. Віцебска. Турма № 2, падаецца звонку даволі ўпарадкаванай і выхалашчанай установай: кафель паўсюль, шклопакеты і сантэхніка новая. Але калі ўлічыць некаторыя нюансы, дык лепш бы ўжо і без кафлі і са старой сантэхнікай. Нюанс асноўны, хто б мог падумаць, у лыжцы. Мець лыжку асобе пад вартаю ў Т2 катэгарычна забаронена. У чым тут логіка, я ніяк не мог даўмецца падчас свайго знаходжання ў гэтай дзівоснай установе.

На мой пісьмовы зварот на імя начальніка турмы з просьбай дазволіць мне мець лыжку адміністрацыя адмовіла, патлумачыўшы гэта тым, што ў камеры я не маю мажлівасці належным чынам яе апрацаваць (памыць то бок). Але ж «тлумачэнне» такое не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо адміністрацыя ж выдае кожнаму ў камеру алюмініевы кубак і патрабуе ад вязняў утрымліваць яго не проста ў чыстым стане, а ў бліскучым. І, трэба зазначыць, вязні ўтрымліваюць — гадзіну-дзве на дзень, як вучыць адміністрацыя, шаруюць яго газетамі (у карцар ніхто не жадае). Апроч таго, падчас правядзення абеду другую страву выдаюць у той жа посуд, у які давалі першую, — у алюміневую талерку, якую дзеля другога павінны вымываць самі арыштанты. Выходзіць, кубак і талерку адміністрацыя мыць вымушае, а лыжку не дазваляе мець у камеры па той прычыне, што яе няма як памыць. Надзвычай лагічная, абгрунтаваная і законная сістэма атрымліваецца ў выніку.

Паводле гэтай сістэмы чалавек пры жаданні заварыць каву ці размяшаць у гарбаце цукар вымушаны рабіць гэта футлярам ад зубной шчоткі ці цюбікам з-пад зубной пасты.

Ці не дзікунства?! Ці ўвогуле рэальна такое выдумаць?! Я ўжо маўчу пра тое, што з кубкаў гэтых (якія і кубкамі назваць язык ледзь паварочваецца: зэчка — такую назву атрымаў дадзены посуд ад ЗК) немажліва ніякім чынам піць нешта гарачае — аблазяць вусны: дзюральалюміній заўсёды гарачэйшы за саму страву ў ім. Я і пра тое маўчу, што ў зэчцы гэтай, канешне, няма вушка ніякага, і таму трэба закручваць газеткі вакол яе і ў гэткіх ухватках насіць кіпень ад разеткі, якая ля падлогі побач з дзвярыма, на стол. Я маўчу пра тое, што, калі ў неабедзенны час і кашу якую заварыць жадае няшчасны арыштант, ён таксама робіць гэта ў зэчцы (калі лыжка забаронена, дык талерка — тым болей!) і есці кашу гэтую павінен — правільна! — футлярам ад зубной шчоткі ці цюбікам з-пад зубной пасты (ну, гэта ўжо на любіцеля).

Дык ці можна такі стан рэчаў назваць адпавядаючым чалавечай годнасці? Ува што пераўтварае МУС РБ чалавека ў турмах?

Перадусім жа яшчэ не будзем забываць, што ў СІЗА знаходзяцца дэ-юрэ людзі невінаватыя, і нават у нашай краіне некаторыя ўмудраюцца-такі сваю невінаватасць даказаць. Але нават калі і вінаваты чалавек у нейкім злачынстве, дык у якім кодэксе прапісана чыніць гвалт над асобай?! Якім законам забаронена карыстацца лыжкай? Які нарматыўна-прававы акт загадвае заварваць кашу толькі ў алюмініевай зэчцы і спажываць яе толькі футлярам ад зубной шчоткі?!

Чаму б не дазволіць мець чалавеку, калі ён яшчэ чалавек, а не жывёла бязмоўная, талерку, нармальны кубак пластмасавы ды з ручкаю, у рэшце рэшт — лыжку?!

Няўжо гэта пагоршыць крымінагенную абстаноўку ў следчым ізалятары? Няўжо бунт падымецца? Няўжо пахіснецца г.з. працэс «перавыхавання»? Ды не, не да перавыхавання асобы імкнецца турма беларуская і зона. Турма беларуская і зона чамусьці маюць іншую першасную задачу: усяляк прынізіць, маральна растаптаць асобу, прымусіць чалавека забыць пра тое, што ён чалавек — вобраз і падабенства Божае. Зрэшты, калі ўлічыць, што турма — гэта міні-копія дзяржавы нашай, дык усё становіцца зразумела. Але ці не думаеце вы, панове, што дасягаеце толькі адваротнага выніку? Ці не ўсведамляеце вы, што гэткімі здзекамі толькі азлабляеце людзей? Няўжо яшчэ не разумееце вы, што рана ці позна, але ж апошнія стануцца першымі, а першыя — апошнімі? Што ў перакладзе на нашу рэчаіснасць азначае: рана ці позна тыя, хто сёння есць футлярамі ад зубных шчотак, заўтра будуць есці лыжкамі, а тыя, хто сёння есць лыжкамі, заўтра будуць есці футлярамі ад зубных шчотак. Што вы будзеце рабіць тады, патрыцыі, можа, запатрабуеце лыжку? Можа, але не ведаю толькі, ці дадуць вам? Я з-за страху перад Судом Вышэйшым даў бы. Але тыя, каго вы так доўга і мэтанакіравана перавыхоўваеце, могуць і не даць. А можа быць, вы самі надзялілі іх на тое маральным правам?

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international