Клімавічы: супрацоўнікі міліцыі звальняюцца з працы

2012 2012-10-23T10:14:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/arshancau1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Аржанцаў.

Сяргей Аржанцаў.

Супрацоўнікі клімавіцкай міліцыі амаль кожны месяц кладуць на стол кіраўніцтва заявы аб звальненні з органаў унутраных спраў і зараз, згодна неафіцыйнай інфармацыі, некамплект асабістага складу Клімавіцкага РАУС складае каля 20-25 працэнтаў.

Пра тое, што гэтая праблема набыла вельмі востры характар, сведчыць і той факт, што з мэтай яе вырашэння ў Клімавічы прыязджаў намеснік міністра ўнутраных спраў краіны. Кажуць, што ён настойліва ўгаворваў супрацоўнікаў Клімавіцкага РАУС не звальняцца з праваахоўных органаў, абяцаючы ім паляпшэнне становішча ўжо ў бліжэйшым будучым. Аднак пакуль угаворы кіраўніцтва на шэраговых супрацоўнікаў не дзейнічаюць.

Незалежны журналіст з Клімавіч, выдавец маланакладнай газеты “Клімавіцкая інфа-панарама” Сяргей Аржанцаў пацвердзіў, што праблема некамплекту мясцовай міліцыі ў апошні час набыла востры характар і з’яўляецца вельмі актуальнай:

“Сапраўды, у нашым раёне многія міліцыянеры зараз звальняюцца, — распавядае Сяргей Аржанцаў. — Па словах саміх супрацоўнікаў, сёння некамплект асабістага складу ў РАУС складае мінімум 20-25 %. Дакладна ведаю, што за апошнія месяцы звольнілася шмат міліцыянераў і асноўным чыннікам гэтага, на мой погляд, з’яўляюцца нізкія заробкі.  Да прыкладу, у гэтым кастрычніку адзін мой знаёмы з праваахоўных органаў скардзіўся, што атрымаў заробак у два з паловай мільёна рублёў, а ў яго ж сям’я, таму і ён таксама думае аб звальненні. Вядома, што ўладам ужо не хапае грошай на самае неабходнае, а не толькі на фінансаванне сілавых структур. Адсюль невялічкія заробкі, размовы аб скарачэнні і іншае. Вось людзі ў пагонах і пачалі самастойна шукаць лепшага жыцця, бо зразумелі, што застаецца спадзявацца толькі на сябе. Дарэчы, пачалі звальняцца і супрацоўнікі Клімавіцкага аддзела МНС, а раней на працаўладкаванне туды быў вялікі конкурс. Усе адчуваюць, што эканамічная сітуацыя пагаршаецца, таму, на маю думку, праблема з кадрамі ў правінцыі будзе толькі нарастаць”.

Сяргей Аржанцаў не звязвае звальненні з працы супрацоўнікаў Клімавіцкай міліцыі з гучным карупцыйным скандалам, які меў месца ў Клімавічах напачатку гэтага года. Аднак сярод жыхароў горада ёсць людзі, якія лічаць інакш і непасрэдна звязваюць гэтыя падзеі.

Нагадаем, што 18 студзеня 2012 года пры атрыманні чарговай часткі грашовых сродкаў у памеры 500 тысяч расійскіх рублёў былі затрыманыя старэйшы оперупаўнаважаны Клімавіцкага РАУС і старэйшы следчы Клімавіцкага раённага аддзела упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Устаноўлена, што ў злачынную групу ўваходзіў таксама начальнік Клімавіцкага РАУС. Шляхам шантажу і пагроз клімавіцкія “барацьбіты са злачыннасцю” да гэтага ўжо атрымалі з мясцовага прадпрымальніка ў снежні 2011 і студзені 2012 года каля васьмі мільёнаў расійскіх рублёў.

У  адносінах да гэтых супрацоўнікаў праваахоўных органаў была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

Зараз усе гэтыя былыя супрацоўнікі клімавіцкай міліцыі па ранейшаму знаходзяцца за кратамі. Згодна неафіцыйнай інфармацыі, суд над клімавіцкімі “пераваратнямі ў пагонах” павінен быў адбыцца яшчэ ў жніўні гэтага года, аднак пасля расследванне справы працягнулі. Падставай для гэтага быццам бы паслужылі новыя дадзеныя аб крымінальнай дзейнасці затрыманых міліцыянераў з Клімавіч, якія сталі вядомыя падчас правядзення следства.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international