КДБ працягвае аказваць ціск на беларускую моладзь

2007 2007-01-17T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 студзеня ўдзень Васілю Лепешу патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ па Мінску і Мінскай вобласьці, аднак сваё прозьвішча не называў. Ён запрасіў яго на размову і прапанаваў прызначыць сустрэчу ў горадзе. Аб чым хацеў пагутарыць супрацоўнік КДБ, не ўдакладнялася. Васіль Лепеш сказаў, што пракансультуецца з юрыстам і падумае. У выпадку, калі Васіль адмовіцца ад сустрэчы, яму прышлюць павестку.

“Цікавасьць з боку КДБ да мяне ўзьнікла, калі я яшчэ вучыўся ў педуніверсітэце, год назад. Тады мяне часта выклікаў да сябе дэкан, каб я пісаў розныя тлумачальныя з нагоды ўдзелу ў дэмакратычных акцыях, папярэджваў наконт газеты “Танкісты”, якая выходзіла ў нашай навучальнай установе. Падчас прэзідэнцкіх выбараў, з 18 на 19 сакавіка, я быў затрыманы і арыштаваны на 3 сутак.

Мяркую, што сёньняшні тэлефонны званок хутчэй за ўсё зьвязаны з маім апошнім затрыманьнем 22 сьнежня, калі на кватэры Алеся Міхалевіча, намесьніка старшыні Партыі БНФ, ладзілася калядная вечарына з удзелам музыкаў. Тады міліцыянты павязалі ўсіх удзельнікаў і даставілі ў Савецкі РУУС, пасьля чаго нас з Міхасём пакаралі адміністратыўным арыштам на 5 сутак за дробнае хуліганства,” – распавёў “Вясьне” Васіль Лепеш.

Студэнт маркетынгу, мэнеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ Яўген Іванюк распавёў, як яго таксама дапытваў супрацоўнік КДБ. Яшчэ за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў намесьнік дэкана факультэту па выхаваўчай працы выклікаў яго да сябе і папрасіў напісаць тлумачальную з прычыны таго, што Яўген Іванюк быў у ініцыятыўнай групе Аляксандра Мілінкевіча. Тады ж у ягоным інтэрнацкім пакоі некалькі чалавек з унутранай службы бясьпекі ўніверсітэта правялі дагляд асабістых рэчаў, забралі дыск з запісам выступу кандыдата ў прэзідэнты А.Мілінкевіча, цікавіліся інфармацыяй на кампутары. 18 сакавіка адміністрацыя інтэрнату прасіла Яўгена з’ехаць з інтэрнату. Потым Яўген быў выкліканы ў рэктарат. У кабінеце прарэктара супрацоўнік КДБ Сяргей, паказаўшы студэнцкую газету, выказаў меркаваньне, што менавіта ён займаўся яе распаўсюдам сярод жыхароў інтэрнату, а таксама займаўся вырабам налепак незалежнага кандыдата ў дэпутаты, бо ў пакоі знаходзілася лазарная друкарка. Супрацоўнік КДБ Сяргей, дарэчы, ён ні воднага разу не паказваў сваё пасьведчаньне, прапаноўваў супрацоўніцтва і абяцаў спрыяць у вучобе.

“Пасьля таго я як у сакавіку адседзеў 10 сутак за ўдзел у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы, на працягу месяца мяне даволі часта выклікалі ў дэканат, гэта цягнулася амаль месяц. Аднак пасьля сьмерці маці ад мяне адчапіліся. І вось цяпер, калі 22 сьнежня я аказаўся сярод затрыманай моладзі за ўдзел у каляднай імпрэзе, у РУУС зноў быў той супрацоўнік КДБ Сяргей, які доўга са мной размаўляў, казаў: “Как ты меня расстроил, Женя, как ты меня подвел...”

12 студзеня ўвечары мяне выклікаў дэкан, папрасіў напісаць тлумачальную за 22 сьнежня, але падчас нашай з ім размовы дэкану нехта тэлефанаваў і ён адказаў: “Ён ужо прыйшоў”, а таксама распавядаў, у чым я быў апрануты. Калі я выйшаў ад дэкана і не так далёка адыйшоў ад будынку факультэту, мне пазваніў дэкан і папрасіў вярнуцца. Каля корпусу ўніверсітэту стаялі падозраныя людзі ў спартовым адзеньні, і я вырашыў не ісьці на сустрэчу. Мяркую, што ў кабінеце дэкана мяне зноў чакаў супрацоўнік КДБ, а мне з ім гутарыць не хацелася. Я не пайшоў у інтэрнат, а вучыўся ў сяброў. Пасьля мне перадалі, што ў нядзелю да каменданта прыходзіў нейкі чалавек, распытваўся пра мяне, аднак суседзі па пакоі казалі, што да іх ніхто не заходзіў, ” – распавеў Яўген Іванюк “Вясьне”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international