У рэдактара «Arche» Валера Булгакава сканфіскавалі больш за 5000 кніг

2012 2012-10-19T08:19:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Валер Булгакаў не выключае магчымасці крымінальнай справы супраць сябе.

Як паведаміў 18 кастрычніка Валер Булгакаў, 2 кастрычніка былі сканфіскаваны больш за 5000 асобнікаў кніг з ягонай калекцыі. Яны захоўваліся ў вёсцы Юркавічы Лагойскага раёна. Са словаў Булгакава, там былі кнігі каля дваццаці найменняў, якія выйшлі ў 2000-х. Усе кнігі беларускамоўныя.

Булгакаў паведаміў таксама, што ад 21 верасня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) правяраюць друкарню ў Мінску, дзе друкуецца «Arche».

Адбылося выняцце дакументаў.

Яшчэ раней, 14 верасня, у Гродне, на прэзентацыі новай кнігі з серыі часопіса «Arche», «Саветызацыя Заходняй Беларусі» аўтарства гісторыка Яна Шумскага, супрацоўнікі падатковай інспекцыі зрабілі «кантрольны закуп».

Пасля гэтага яны сканфіскавалі каля двухсот асобнікаў часопіса і кніг, на якія ў Булгакава не было з сабой накладных. За той эпізод гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў Булгакава паводле абвінавачання ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — за продаж кніг і часопіса. Штраф складае пяць базавых велічынь, або 500 тысяч рублёў. Сканфіскаваная таксама выручка за прададзеныя выданні — 875 тысяч рублёў, а таксама забраныя ў Булгакава 194 асобнікі кніг і часопісаў.

У гаспадарчым судзе прадстаўнік Кастрычніцкай падатковай інспекцыі Гродна патлумачыў, што Булгакаў прадаваў кнігі, але не меў рэгістрацыі прадпрымальніка і не выдаваў чэкі або талоны.

Ён таксама патлумачыў, што прадпісанне наведаць прэзентацыю і зрабіць кантрольны закуп надышло з абласной падатковай інспекцыі.

Валер Булгакаў не выключае магчымасці крымінальнай справы супраць сябе.

Арыштаваныя ў Гродне кнігі і часопісы падаткоўцы ацанілі па 35 тысяч рублёў за асобнік. «Яны арыштавалі цяпер больш за 5000 асобнікаў. Калі памножыць на 35 000, атрымліваецца больш за 200 мільёнаў. Гэта сума, якая выходзіць за тысячу базавых велічыняў, гэта ўжо крымінальны артыкул», — сказаў Булгакаў у інтэрв’ю радыё «Свабода».

Валер Булгакаў — выдатны беларускі інтэлектуал, аўтар шэрагу кніг, у тым ліку фундаментальнай «Гісторыі беларускага нацыяналізму».

Ён кандыдат філасофскіх навук, ад 1998 года, з моманту заснавання часопіса быў рэдактарам «Arche» — інтэлектуальнага штомесячніка.

4 кастрычніка Дэпартамент фінансавых расследаванняў арыштаваў рахунак часопіс «Arche» на той падставе, што рэдакцыя не прадставіла запатрабаваныя дакументы ў час.

Бухгалтарка часопіса сцвярджае, што ніякага запыту перад тым да іх не прыходзіла, а пасля, на запатрабаванне ДФР, яны падалі ўсю дакументацыю за ўвесь перыяд існавання часопіса.

На думку Булгакава, «гэта аперацыя спецслужбаў супраць нашага творчага асяроддзя».

Ён звязвае яе з узмацненнем ціску на незалежныя культурныя асяродкі ўвогуле.

У сувязі з сітуацыяй, што склалася, абавязкі галоўнага рэдактара «Arche» цяпер выконвае намеснік рэдактара, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч.

Чарговы нумар часопіса гатовы і здадзены ў друк. Пашкевіч кажа, што Рэдакцыя шукае спосабу надрукаваць яго, нягледзячы на блакаванне рахунку. Нумар прысвечаны разнастайным праблемам гісторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны, кажа ён. Увогуле, у апошнія гады на старонках часопіса пераважала гістарычная і культуралагічная тэматыка. «У далейшым мы плануем паслядоўна трымацца таго ж кірунку», — кажа Пашкевіч.

Сама сцэна канфіскацыі 5000 беларускамоўных тамоў у глухой вёсцы нагадвае эпізоды міжваеннай гісторыі Заходняй Беларусі: аналагічныя канфіскацыі ажыццяўляла тады польская дэфензіва.

Агулам доля беларускамоўных выданняў у агульным тыражы кніг у Беларусі ўпала ніжэй за 10%. Прычым дзяржаўныя выдавецтвы працуюць пад строгім ідэалагічным кантролем, а Беларусь застаецца адной з апошніх дзяржаваў, дзе кнігавыдавецкая дзейнасць падлягае ліцэнзаванню.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international