Валянцін СТЭФАНОВІЧ: “Пры такой сістэме правядзення выбараў, выбаршчык хутка стане лішнім,” - каментар юрыста да выбараў у Мясцовыя Саветы дэпутатў

2007 2007-01-16T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У таталітарных і блізкіх да таталітарных палітычных сістэмах правядзенне свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў – справа практычна немагчымая. Выбары ў такіх сістэмах служаць для стварэння выгляду легітымізацыі пэўных уладных структураў, якія па Канстытуцыі абіраюцца народам. Рэальна ўся ўлада знаходзіцца ў руках выканаўчай улады, якую кантралюе адзін чалавек. Беларусь у гэтым сэнсе – класічны прыклад. Выбары, якія адбываліся на працягу апошніх – 6-7 гадоў, пачынаючы з 2000 года, праходзяць па адным і тым жа сцэнары, які даўно адпрацаваны і ўсім нам добра вядомы. Не сталі выключэннем і мясцовыя выбары, што адбыліся ў мінулую нядзелю.

У атмасферы панавання ціску і страху у грамадстве праводзіць свабоднае галасаванне немагчыма. Даволі шмат было зроблена дзеля таго, каб арганізаваць моцны кантроль над грамадствам. Адзін з механізмаў запалохвання - кантрактная сістэма, якая паказала сябе як вельмі эфектыўная. Безумоўна, пры такой сістэме можна арганізоўваць любыя выбары і рэферэндумы, бо кантракты выкарыстоўваюцца ў мэтах ціску на грамадзянаў. Падчас мясцовых выбараў на шэраг асобаў, якія хацелі вылучацца ў якасці кандыдатаў у мясцовыя саветы аказваўся ціск менавіта па месцу працы. Ім гаварылі, што калі яны будуць балатавацца, то з імі проста не будзе працягнуты кантракт. Некаторых людзей за іх жаданне стаць дэпутатам, нават звальнялі з працы. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў Гомелі, дзе з аўтапарку звольнілі сябра прафсаюзу.

Характэрна, што ўсе выбары арганізуюцца выканаўчымі органамі улады. Апошняя кампанія лішні раз гэта падцвердзіла. Усе кандыдатуры у абласныя і гарадскія саветы усіх узроўняў былі ўзгодненыя. Асобы, якія былі высунутыя ўладамі, і сталі дэпутатамі. Адпаведна кандыдаты, якія уладамі не падтрымліваліся, у саветы не трапілі.

Перад пачаткам выбараў А. Лукашэнка ў адным са сваіх заявіў, што ў “мясцовых саветах павінны быць не тыя, якія займаюцца палітычнымі сваркамі і склокамі, а людзі гаспадарлівыя… ” Гэта быў канкрэтны пасыл прадстаўнікам апазіцыйных партыяў, і іншым незаленжным суб’ектам, што ў мясцовых саветах ім рабіць няма чаго. Такая задача была пастаўлена.

Улады перад мясцовымі выбарамі ўнеслі шэраг зменаў у выбарчае заканадаўства. Уся ранейшая выбарчая практыка, якая рэгулявалася пастановамі ЦВК і вельмі крытыкавалася незалежнымі назіральнікамі, грамадскімі арганізацыямі і палітычнымі аб’яднаннямі замацавалася ў Выбарчым кодэксе. У нас атрымліваецца, што не практыка падпарадкоўваецца праву і выбарчаму заканадаўству, а наадварот, Выбарчы Кодэкс “падганяецца” пад пастановы Цэнтральнай камісіі.

Напрыклад, правядзенне перадвыбарчай агітацыі. У Выбарчым кодэкс раней было запісана, што “толькі падчас рэферэндуму і для абмеркавання пытанняў, якія выносяцца на рэферэндум патрэбны дазвол мясцовай улады на правядзенне вулічных мерапрыемстваў”. Што тычылася сустрэчы з выбаршчыкамі пад час астатніх выбараў, - яны маглі адбывацца ў любых зручных формах. Гэта значыць, што фармальна для іх не трэба было ніякіх дазволаў. ЦВК на працягу апошніх выбараў выдавала пастановы адпаведна якім усе сустрэчы з выбаршчыкамі павінны былі адбывацца ў адпаведнасці з “Законам аб масавых мерапрыемствах”. Мы гэта заўсёды крытыкавалі, бо ў Выбарчым кодэксе гэтага не было. Зараз улады проста ўснеслі адпаведны артыкул у Выбарчы Кодэкс і паводле яго ўся агітацыя павінна адбывацца згодна з Законам аб масавых мерапрыемствах. Гэта значна ўскладняе агітацыйны працэс. Быў унесены таксама і шэраг іншых зменаў.

Тыя патрабаванні, якія высоўвалася АБСЕ, нашымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі аб большай дэталізацыі працэдуры падліку галасоў, аб скасаванні датэрміновага галасавання, паколькі ўлады вельмі моцна злоўжываюць гэтай працэдурай, аб удасканаленню працэдуры галасавання на даму, пашырэнні паўнамоцтваў назіральнікаў, каб яны мелі магчымасці мець доступ да любой інфармацыі датычнай выбарчага працэса, - усе гэтыя палажэнні засталіся без зменаў.

Без зменаў засталася і практыка. Напрыклад, раней у інструкцыях для участковых выбарчых камісіяў Цэнтральная камісія пісала, што спісы выбаршчыкаў могуць быць прад’яўленыя толькі адносна інфармацыі пра выбаршчыка, які яе запытвае. Гэта значыць, што калі я напрыклад, прыходжу на выбарчы ўчастак і запытваюся, ці ёсць я ў спісах, то сябры камісіі могуць мне прадставіць інфармацыю толькі адносна мяне. Фактычна, спісы выбаршчыкаў засакрэчаныя. З гэтай нагоды інструкцыі ЦВК вельмі моцна крытыкаваліся. У Выбарчым кодэксе гэтага палажэння няма, і гэта пярэчыць самому прынцыпу галоснасці выбарчага працэса. Любы чалавек, у тым ліку і назіральнік мае права ведаць, якая колькасць выбаршчыкаў зарэгістраваная ў спісах.

Выбарчы працэс як быў закрыты, так закрытым і застаўся. Назіральнікі не маюць магчымасці назіраць не за падлікам галасоў, не за складаннем пратаколу, не маюць доступу да інфармацыі аб колькасці датэрмінова прагаласаваўшых пасля кожнага дня галасавання, не ведаюць колькі выбаршчыкаў унесена ў спіс. Гэта значыць, што асноўныя ключавыя пазіцыі выбарчага працэсу застаюцца закрытымі.

Трэба дадаць пра атмасферу ў якой адбываліся гэтыя выбары. У выбарчыя працэсы ўмешваюцца сілавыя структуры - КДБ і Міністэрства унутраных справаў. Здзяйсняўся шэраг прэвентыўных затрыманняў, якія па сутнасці з’яўляюцца незаконнымі, адвольным затрыманнем людзей. Тая кампанія і схема працы, якая была адпрацаваная падчас прэзідэнцкіх выбараў, паўтарылася і на мясцовых, але толькі ў меншых маштабах. Па надуманых абставінах затрымліваліся, грамадзяне на вуліцах па нейкіх спісах органамі унутраных спраў, адбывалася паляванне на актывістаў. Сярод іх былі і кандыдаты ў дэпутаты і моладзевыя актывісты. Па нейкіх бязглуздых абвінавачваннях, арыштоўвалі на розныя тэрміны адміністратыўнага зняволення. У такой атмасферы адбываліся мясцовыя выбары.

У перадвыбарчы час КДБ вельмі актыўна аказваў ціск на моладзь, схіляючы да супрацоўніцтва пагрозамі, альбо ўгаворамі. Гэта таксама сведчыць пра тое, што ў грамадстве нагнятаецца атмасфера страху.

Актыўна выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс. Мясцовыя выбары не выклікаюць ў выбаршчыка такой цікавасці як выбары прэзідэнта альбо парламента. Адпаведна і яўка вельмі нізкая, але яе трэба забяспечыць. Таму уключаецца адладжаны механізм па арганізацыі яўкі. Па-першае - гэта датэрміновае галасаванне, праца са студэнтамі, людзьмі, якія пражываюць у інтэрнатах, альбо працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Арганізавана, калонамі людзі выводзіліся на датэрміновае галасаванне. У выніку працэнт прагаласаваўшых даволі вялікі – каля 20%. Гэта шмат. Мы не спыняемся ў крытыцы датэрміновага галасаванне, паколькі яно абсалютна бескантрольнае і дапускае ўсялякія маніпуляцыі.

Да таго ж вынікі датэрміновага галасавання хаваюцца. Падлік галасоў адбываецца раздзельна па ўсім відам галасавання, але сума галасоз “за” і “супраць” указваецца агульная. Такім чынам нельга прасачыць дакладную колькасць прагаласаваўшых на датэрміновым галасаванні і вынікі падліку галасоў са крыкі для датэрміновага галасаваньня. Калі б такая магчымасць была, то можна было б рабіць нейкія высновы. Напрыклад, калі б на датэрміновым галасаванні 90% выбаршчыкаў прагаласавала за ўладнага кандыдата, а 5% - за апазіцыйнага. А ў асноўны дзень раскладка была б 50% на 50%, альбо нават апазіцыйны кандыдат перамагаў бы, - гэта б ускосна сведчыла б пра маніпуляцыі. Раней удавалася атрымліваць такія лічбы і сапраўды назіралася падобная сітуацыя. Форма пратакола, якая выкарыстоўваецца зараз, хавае маніпуляцыі і фальсіфікацыі.

Падлік галасоў у нашых умовах – гэта проста “ідэальная” схема, якая дазваляе “намаляваць” у пратаколе ўсё, што заўгодна. Ніхто пасля не можа гэтыя лічбы спраўдзіць. Сістэма працуе сама па сабе, і хутка, відаць, выбаршчыкі ўвогуле не будуць патрэбныя. Сістэма ёсць, выбары ёсць, каго абіраць – ёсць.

Апошнія мясцовыя выбары не сталі выключэннем ад папярэдніх. Яны былі непразрыстыя, негалосныя, на незалежных кандыдатаў аказваўся вельмі вялікі ціск з боку выканаўчых і сілавых структураў. Казаць пра незалежныя выбары ў такой сітуацыі проста не выпадае.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international