viasna on patreon

Рагачоў: Дзяніс Дашкевіч просіць прыцягнуць да адказнасці за паклёп рэдактара раёнкі

2012 2012-10-17T10:40:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevich-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч

Грамадскі актывіст Дзяніс Дашкевіч звярнуўся з заявай у Рагачоўскі РАУС, дзе просіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за шэраг абразлівых матэрыялаў і паклёп галоўнага рэдактара раённай газеты «Свабоднае слова». Нагадаем, раённая газета арганізавала траўлю актывіста, у некалькіх артыкулах, размешчаных на сайце выдання, Дзяніса Дашкевіча невядомы аўтар называе і клоунам, і «оппікам», і злачынцам, прычым адкрыта здзекуецца і пагражае, што актывіст «сядзе ў турму надоўга».

Міліцыя абяцала правесці праверку. «Калі міліцыя прызнае, што выказванні «гомікі, оппікі, прыдуркі, клоуны, дэбілы, неадэкватныя» не з'яўляюцца абразай, тады не толькі дэмакратычныя актывісты, але і ўсе жыхары райцэнтру атрымаюць законнае права выказвацца такім чынам у зваротах да, напрыклад, органаў улады», - пракаментаваў Дзяніс Дашкевіч.

Нагадаем, на мінулым тыдні суд прызнаў актывіста вінаватым нібыта ў парушэнні аўтарскіх правоў па зыску рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова» і пакараў штрафам у памеры 3 мільёны рублёў. Прычым, як заўважае Дзяніс Дашкевіч, пры вынясенні рашэння суддзя нават не назвала ні артыкулу, ні парушэння, якое здзейсніў актывіст.

Ён быў стваральнікам сайта vrogacheve.ru, на якім з'яўляліся розныя навіны. Рэдакцыя раённай газеты звярнулася ў міліцыю з заявай, нібыта сайт vrogacheve.ru перадрукаваў навіны з сайту раённай газеты, парушыўшы такім чынам аўтарскія правы дзяржаўных карэспандэнтаў. Прычым навіны тыя былі – зводка з бальніцы пра абмаражэнні жыхароў райцэнтра мінулай зімой і крымінальная інфармацыя мясцовай міліцыі. Таксама рэдакцыя раённай газеты і міліцыя спрабавалі давесці ў судзе, што Дзяніс Дашкевіч – адміністратар сайта vrogacheve.ru. «У судзе гэта ніяк не было даказана дакументальна, ніхто нават запыты нікуды не рабіў, суд проста «прызначыў» мяне адміністратарам. Што тычыцца афіцыйнай зводкі бальніцы і міліцыі – як карэспандэнт раённай газеты можа быць аўтарам такога матэрыялу, і як яго «аўтарскія правы» маглі быць парушаны?» - падкрэсліў Дзяніс Дашкевіч.

Зараз жа, пасля суду, раённая газета зноў выступіла з артыкулам, дзе адкрыта здзекуецца з актывіста, называе яго «оппікам», «клоунам», «змагаром», і пагражаючы яму крымінальнай адказнасцю за.... «паклёп і абразы». Газета робіць прагноз, што актывіст «можа сесці сур'ёзна і надоўга», а таксама «забаяцца і збегчы з краіны». Дзяніс Дашкевіч будзе абскарджваць рашэнне суда ў вышэйстаячых інстанцыях. Таксама з нагоды шэрагу зневажальных артыкулаў у «Свабодным слове» ён плануе звярнуцца таксама і ў пракуратуру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства