Незалежным журналістам у Крычаве ствараюць перашкоды ў атрыманні інфармацыі

2012 2012-10-16T13:11:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Улады Крычаўскага раёна спрабуюць абмежаваць доступ журналістаў газеты “Вольны горад” да інфармацыі аб стане справаў раёне, папярэджваючы чыноўнікаў, што ў іх могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы, калі стане вядома, ад каго журналісты незалежнага выдання  атрымліваюць гэту інфармацыю.

Так, яшчэ напярэдадні парламенцкіх выбараў у верасні 2012 года на пашыранай апаратнай нарадзе па выніках працы народнагаспадарчага комплекса Крычаўскага раёна за восем месяцаў гэтага года выступіў начальнік Крычаўскага горрайаддзела КДБ Ілля Краўцоў. Па словах журналістаў газеты “Вольны горад”, у сваім выступе начальнік крычаўскіх “чэкістаў” наўпрост пагражаў сур’ёзнымі праблемамі тым, хто дае “трэццім асобам” закрытую інфармацыю. Якая інфармацыя пры гэтым з’яўляецца “закрытай” і для якіх “трэцціх асобаў”, кіраўнік крычаўскіх “байцоў нябачнага фронту” так і не растлумачыў. Аднак бальшыня прысутных на той нарадзе звязалі выступ спадара Краўцова з выкрывальніцкімі артыкуламі ў адрас кіраўніцтва Крычаўскага райвыканкама, пракуратуры, дырэкцыі шэрагу прадпрыемстваў, якія апошнім часам рэгулярна з’яўляліся ў газеце “Вольны горад”.

Па словах рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, мэтай выступа было ўскладніць доступ журналістаў да неабходнай інфармацыі, запалохаць магчымыя крыніцы яе атрымання.

“Так, выступ спадара Іллі Краўцова, дзе ён пагражаў сур’ёзнымі праблемамі тым, хто дае “трэццім асобам” закрытую інфармацыю, сапраўды меў сваёй мэтай ускладніць нашу працу, - кажа Сяргей Няроўны. – Аднак мы па-ранейшаму знаходзімся ў курсе ўсіх значных падзеяў у жыцці рэгіёна, так што запалохванні начальніка КДБ не спрацавалі. Неабходна адзначыць, што пасля заканчэння выбарчай кампаніі больш фактаў аб такіх вось прамых пагрозах чыноўнікаў я не атрымліваў”.

Журналіст газеты “Вольны горад” Мікалай Гердзій, які з’яўляецца аўтарам бальшыні нашумелых артыкулаў у газеце “Вольны горад” аб стане спраў у Крычаўскім раёне, кажа, што спробы абмежаваць доступ журналістаў да актуальнай інфармацыі з боку ўладаў раёна не спыняюцца да гэтага часу.

“Той жа Ілля Краўцоў абыходзіў аддзелы і ўпраўленні Крычаўскага райвыканкама і цікавіўся, ці чытаюць там газету “Вольны горад” і як ставяцца да змяшчаемай у ёй інфармацыі, - кажа Мікалай Гердзій. – Першы намеснік старшыні Крычаўскага райвыканкама Таццяна Марочкова, якая адказвае ў нас і за ідэалогію, пастаянна папярэджвае загадчыкаў аддзелаў райвыканкама, што ніякая інфармацыя не павінна даходзіць да журналістаў “Вольнага горада”. Аднак усе гэтыя пагрозы і спробы аказаць ціск на людзей ужо не дзейнічаюць. Чытачы тэлефануюць пастаянна, ладзяць сустрэчы, і ўсю актуальную і неабходную нам інфармацыю мы атрымліваем”.

Застаецца нагадаць, што ў Беларусі пакуль ніхто не адмяняў Канстытуцыю краіны, у артыкуле 34 якой гаворыцца:

“Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя. Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international