Марцін Угла: «Ізаляваць трэба рэжым, але не народ»

2012 2012-10-15T12:22:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла зьвярнуўся да кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу. 15 кастрычніка Эўразьвяз разгледзіць пытаньне падаўжэньня санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі.

На старонках выданьня Sydsvenskan праваабаронца піша, што Швэцыя як сябра ЭЗ павінна настойваць на найбольш эфэктыўнай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі, на той палітыцы, якая магла б дапамагчы зьмяніць краіну. І тут вельмі важна, піша Угла, бачыць розьніцу паміж ізаляцыяй рэжыму і беларускага народу.

Паводле Марціна Углы, сёньняшняя сустрэча праходзіць пасьля сфальшаваных парлямэнцкіх выбараў, і таму выразная рэакцыя з боку ЭЗ павінна быць відавочнай. Акрамя таго, лічыць праваабаронца, патрэбныя таксама канкрэтныя дзеяньні па прасоўваньні дэмакратыі ў Беларусі.

Кіраўнік Östgruppen выкладае тэзы, зь якіх, на яго думку, павінна зыходзіць палітыка адносна Беларусі:

  • Прыярытэтнасьць правоў чалавека над усімі іншымі інтарэсамі ў адносінах паміж ЭЗ і Беларусьсю. Гэта пытаньне, у якім раней Зьвяз вагаўся, жадаючы дамагчыся ад Лукашэнкі дробных касмэтычных праяваў дэмакратызацыі ў адказ на эканамічнае супрацоўніцтва.
  • Лукашэнка — нелегітымны прэзыдэнт, які захоўвае свае пазыцыі з дапамогай сыстэматычных рэпрэсіяў. Павінны існаваць палітычныя санкцыі Зьвязу супраць яго і шэрагу высокіх урадоўцаў. Сёньня ж санкцыі выконваюць толькі сымбалічную функцыю і мала адбіваюцца на эканамічных інтарэсах рэжыму.
  • Эўрапейскай ізаляцыі не павінны адчуваць на сябе беларускія грамадзяне. Таму неабходна адмяніць візы для тых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, якія хочуць наведаць Эўропу, у крайнім выпадку зрабіць гэтыя візы бясплатнымі. Нішто не перашкаджае сябрам ЭЗ рабіць падобныя крокі ў аднабаковым парадку.
  • Неабходныя дадатковыя рэсурсы для падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі. У прыватнасьці, распаўсюд інфармацыі, якая можа супрацьстаяць прапагандзе афіцыйных СМІ.
  • ЭЗ павінен знайсьці магчымасьці ўплыву на Расею ды іншыя краіны, якія аказваюць фінансавую падтрымку рэжыму і такім чынам дапамагаюць яму застацца пры ўладзе. Гэта тычыцца таксама ААН і АБСЭ. І Беларусь, і Расея — чальцы гэтых арганізацый, а таму мусяць выконваць прынятыя імі рашэньні.

Як падсумоўвае на старонках Sydsvenskan Марцін Угла, ЭЗ мог бы багата зрабіць, каб дапамагчы народу Беларусі на шляху да дэмакратыі. Але гэта, вядома, патрабуе палітычнай волі. Сёньняшняя сустрэча эўрапейскіх міністраў — выдатная магчымасьць прадэманстраваць, што такая палітычная воля існуе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international