Рагачоў: Дзяніса Дашкевіча аштрафавалі на 3 мільёны

2012 2012-10-15T11:08:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dashkevich-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч

Скончыўся чарговы, трэці судовы працэс па зыску рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова» да грамадскага актывіста Дзяніса Дашкевіча. Раней раённае выданне двойчы спрабавала прыцягнуць актывіста да адказнасці нібыта за парушэнне аўтарскіх правоў, але дарма – суд не прызнаваў Дзяніса Дашкевіча вінаватым, бо не было ніякіх доказаў парушэння аўтарскіх правоў. А 12 кастрычніка суддзя прызнала яго вінаватым у парушэнні аўтарскіх правоў (артыкул 9.2 КаАП) і пакарала штрафам у памеры 3 мільёны рублёў. Прычым, як заўважае Дзяніс Дашкевіч, пры вынясенні рашэння суддзя нават не назвала ні артыкул, ні парушэнне, якое здзейсніў актывіст. «Суддзя зачытала рашэнне так: прызнаць Дзяніса Дашкевіча вінаватым і пакараць штрафам», - адзначыў актывіст.

Ён быў стваральнікам сайт vrogacheve.ru, на якім з'яўляліся розныя навіны. Рэдакцыя раённай газеты звярнулася ў міліцыю з заявай, нібыта сайт vrogacheve.ru перадрукаваў навіны з сайту раённай газеты, парушыўшы такім чынам аўтарскія правы дзяржаўных карэспандэнтаў. Прычым навіны тыя былі – зводка з бальніцы пра абмаражэнні жыхароў райцэнтра мінулай зімой і крымінальная інфармацыя мясцовай міліцыі. Таксама рэдакцыя раённай  газеты і міліцыя спрабавалі давесці ў судзе, што Дзяніс Дашкевіч – адміністратар сайта vrogacheve.ru. «У судзе гэта ніяк не было даказана дакументальна, ніхто нават запыты нікуды не рабіў, суд проста «прызначыў» мяне адміністратарам. Што тычыцца афіцыйнай зводкі бальніцы і міліцыі – як карэспандэнт раённай газеты можа быць аўтарам такога матэрыялу? Гэта ж была не аналітычная публікацыя, ці іншы аўтарскі прадукт, створаны ім? Я казаў у судзе, што па Канстытуцыі, грамадзяне маюць права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі. Рэдактар газеты «Свабоднае слова» у судзе мае адсылкі да Канстытуцыі назваў «юрыдычнай лухтой», - падкрэсліў Дзяніс Дашкевіч.

Разам з тым, менавіта газета «Свабоднае слова» ужо некалькі месяцаў перыядычна палівае брудам, не падбіраючы выразаў, як Дзяніса Дашкевіча, так і агулам усею апазіцыю.

Зараз жа, пасля суду, раённая газета зноў выступіла з артыкулам, дзе адкрыта здзекуецца з актывіста, называе яго «оппікам», «клоунам», «змагаром», і пагражаючы яму крымінальнай адказнасцю за.... «паклёп і абразы» (!). Газета робіць прагноз, што актывіст «можа сесці сур'ёзна і надоўга», а таксама «забаяцца і збегчы з краіны». «Улічваючы незайздросную камплектацыю «змагара», яго могуць перавезці праз мяжу ў чамадане працаўніка амбасады ці проста пераслаць бандэроллю у Варшаву», - здзекуецца дзяржаўнае выданне.

Дзяніс Дашкевіч будзе абскарджваць рашэнне суда ў вышэйстаячых інстанцыях. Таксама з нагоды шэрагу зневажальных артыкулаў у «Свабодным слове» ён плануе звярнуцца ў пракуратуру.

«Я так бачу, што ў раённых уладаў пачалася істэрыка, калі па два разы на тыдзень у дзяржаўнай газеце з'яўляюцца публікацыі пра мяне, хоць і ў вельмі негатыўным тоне. У Рагачове шмат людзей падтрымліваць нашу дзейнасць, таму ўлада так нервова і неадэкватна рэагуе, праз публікацыі такіх артыкулаў, прычым пастаянна», - пракаментаваў актывіст.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international