viasna on patreon

Алесь Бяляцкі — ціхі герой

2012 2012-10-12T09:47:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У шырокіх рухах за дэмакратыю і свабоду чалавека пэўныя асобы непазбежна становяцца лідарамі пераменаў. Піша Карл Гершман.

Гэта людзі, здольныя сфармуляваць агульную ідэю. Гэта людзі з такім характарам, што нават групоўкі процілеглых поглядаў пагаджаюцца на іх лідарства. Іх адданасць бясспрэчная, іх мужнасць натхняе іншых на ахвяры дзеля супольнай мэты — пабудовы справядлівага грамадства. Часта такі чалавек трапляе ў турму. Рэжым, якому ён супрацьстаіць, пераследуе яго. Але такога чалавека нельга перамагчы, цяжкасці толькі гартуюць яго і павялічваюць ягоны ўплыў.

У сваім жыцці я бачыў такіх людзей, лідараў, як Марцін Лютэр Кінг-малодшы — у ЗША, акадэмік Андрэй Сахараў у Савецкім Саюзе, Нэльсан Мандэла ў Паўднёвай Афрыцы, і Аунг Сан Су Чжы ў Бірме.

Вядома, не ўсе лідары пераменаў такія вядомыя, як гэтыя ключавыя фігуры, і не ўсе маюць такі ж уплыў на падзеі і гісторыю. Але яны абараняюць тыя ж каштоўнасці, натхняюць тымі ж надзеямі і бяруць на сябе цяжар лідарства — не дзеля асабістых амбіцый, а як маральны абавязак.

Іх мэта — служыць высокай справе, і робяць яны гэта не толькі каб падтрымаць дух людзей, якіх яны вядуць, але і каб умацоўваць універсальныя прынцыпы чалавечай годнасці.

Што да Беларусі, якую часта называюць апошняй дыктатурай Еўропы, сімвалічны лідар гэтага ж гарту — гэта сціплы праваабаронца Алесь Бяляцкі. Яму яшчэ няма 50 гадоў, а яго валасы цалкам сівыя. Ён браў актыўны ўдзел у дысідэнцкім і дэмакратычным руху пры канцы 1980-х гадоў, у апошнія гады Савецкага Саюзу, займаўся палітычнай і культурнай дзейнасцю. З тых часоў яго праца ахапіла ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Бяляцкі — гэта «Актывіст Адраджэння» ў кожнай са шматлікіх справаў, за якія ён браўся: як палітычны дысідэнт і культурніцкі дзяяч, і навуковец, пісьменнік і інтэлектуал, як лідар палітычнай партыі і абраны дэпутат Мінскага гарадскога савета, як выбарчы назіральнік, і, перш за ўсё, як міжнародна прызнаны абаронца правоў чалавека.

Ён быў адным з заснавальнікаў першага дэмакратычнага руху ў Беларусі — Беларускага Народнага Фронту, а таксама першай праваабарончай арганізацыі — «Мартыралогу Беларусі». Ён узначальваў Асамблею беларускіх дэмакратычных няўрадавых арганізацый, найбуйнейшую сетку грамадзянскай супольнасці. А ў 1996 годзе ён заснаваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэтая арганізацыя дапамагла тысячам ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Уся гэтая праца была зробленая дзякуючы яго асабістай ахвярнасці. З 1988 года Бяляцкага арыштоўвалі больш за 20 разоў, апошні раз — 4 жніўня 2011 года. Пасля чаго яго асудзілі на чатыры з паловай года строгага рэжыму па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са сродкаў, якія «Вясна» атрымлівала на дапамогу ахвярам рэпрэсій. Абвінавачанне было відавочна палітычным, бо рэальнае «злачынства» Бяляцкага — абарона правоў чалавека. Але лукашэнкаўскі рэжым трапіў бы ў канфуз, калі б выставіў такое абвінавачанне, і таму ён выдумаў юрыдычную фармулёўку, каб схаваць свае сапраўдныя матывы. Але ён перамудрыў са стратэгіяй і ў выніку нікога не падмануў. Бяляцкі быў прызнаны міжнароднай супольнасцю палітвязнем і вязнем сумлення, і трэці раз намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

Нобелеўская прэмія — гэта вялікі гонар, якога Бяляцкі заслугоўвае.

Як і Лю Сяабо (лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2010 года з Кітая, які сядзеў у турме, калі атрымаў прэмію і дагэтуль застаецца за турэмнымі кратамі), Бяляцкі — гэта асоба вялікай мужнасці і моцнага характару. Ён ведаў пра заведзеную супраць яго крымінальную справу і меў магчымасць уцячы за мяжу, але вырашыў гэтага не рабіць. Для яго прынцыпы былі важнейшымі, па-над палітыкай.

Ён адышоў ад палітычнай дзейнасці ў 1990-я гады, бо адчуваў, што, па сваёй натуры, можа зрабіць больш у якасці абаронцы правоў чалавека. У гэтай ролі ён дапамагаў усім гнаным, незалежна ад партыйнасці ці ідэалогіі. Ён з’яўляецца адным з нямногіх асобаў у апазіцыі, якія аб’ядноўваюць, а не падзяляюць. Яго паважаюць ва ўсіх палітычных сілах і ён можа выйсці з турмы ў якасці лідара, які аб’яднае.

Яго палітычнае пакліканне ўзмацняецца ягоным патрыятызмам. Бяляцкі — гэта архетыповы беларус. Ён заўсёды выступаў за незалежнасць краіны, абараняў яе мову і культуру, але адначасова падкрэсліваў еўрапейскую ідэнтычнасць Беларусі і падтрымліваў яе інтэграцыю ў Еўропу ў якасці свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы.

Яго прывабнасць таксама абумоўленая яго сціпласцю. Бяляцкі заўсёды стрыманы, спакойны, адданы актывіст, які адчувае сябе няўтульна ў цэнтры ўвагі. У яго няма эгаізму, ён не імкнецца да прызнання, не клапоціцца пра якіясьці атрыбуты поспеху. Ён сціплы ў сваёй манеры гаварыць, апранацца, сціплы ў паводзінах, і, нягледзячы на акадэмічнае мінулае і інтэлектуальныя дасягненні, ён паводзіць сябе як звычайны чалавек. Ён больш камфортна пачуваецца ў джынсах і на вуліцы, чым у касцюме і ў зале — як калісьці нябожчык паляк Яцак Курань. У яго добрае пачуцце гумару, ён заўсёды знойдзе досціп пра ўладу і апазіцыю, Еўрапейскі Саюз, нават пра свой уласны лёс, як, напрыклад, у яго рэпліцы: «У кепскія часы турма для праваабаронцы — найлепшае месца». Самае галоўнае, нягледзячы на складаную працу і цяжкія ўмовы існавання, ён заўсёды ўсміхаўся і ніколі не губляў надзеі.

Цяпер, калі яго натхняльныя словы і іранічны голас прыглушаныя вымушаным зняволеннем, яго жонка Наталля стала ягоным голасам.

Яна адклала свае гістарычныя даследаванні і садок у Ракаве, каб данесці праўду пра мужаву справу — і пра становішча іншых палітвязняў. Я прысутнічаў нядаўна на яе выступе падчас Уроцлаўскага Глабальнага форуму і магу засведчыць яе красамоўства і годнасць.

Бяляцкага можна параўнаць з многімі вядомымі змагарамі за свабоду — Вацлавам Гаўлам, Лю Сяабо і Яцкам Куранем, між іншага. Але ёсць асаблівая блізкасць паміж ім і бірманскім актывістам, пра існаванне якога ён можа нават і не ведае. Я маю на ўвазе Paw Oo Htun, чый псеўданім Min Ko Naing, што азначае «Пераможца каралёў». Як і Бяляцкі, Min Ko Naing нарадзіўся ў 1962 годзе, а ў 1988 годзе — гэтак жа, як Бяляцкі — пачаў актыўную дзейнасць. Ён стаў найвыбітнейшым лідарам студэнцкага руху, які паўстаў супраць вайсковай дыктатуры. Неўзабаве пасля гэтага яго арыштавалі і ён правёў большую частку наступных двух дзесяцігоддзяў у турме. Там яго жорстка катавалі. Цяпер ён выйшаў з турмы, бо сітуацыя ў Бірме паволі пачынае мяняцца.

28 жніўня 1988 года Min Ko Naing выступіў з уступным словам на з’езьдзе і заклікаў аднавіць Усебірманскую фэдэрацыю студэнцкіх саюзаў, якая была ліквідаваная ў 1962 годзе, калі вайскоўцы захапілі ўладу ў Бірме. Яго словы тычыліся праблемаў у Бірме, але мы чуем іх водгулле і сёння, калі мы думаем пра Бяляцкага і Беларусь. Min Ko Naing гаварыў пра доўгую барацьбу, каб зрынуць сцяну дыктатуры, якая была «занадта магутнай» у пачатку, але пачынае даваць расколіны. «Калі мы аб’яднаемся», казаў ён, «і наляжам на сцяну, яна ўпадзе». І завяршыў ён свой выступ вершам «Вера», у якім утрымліваліся наступныя радкі:

Нават калі жыццё давядзецца аддаць у ахвяру
ў імя незавершанай рэвалюцыі,
пакідаючы гэты свет, а не буду журыцца,
наадварот, я буду радавацца,
што быў адданы свайму народу.

Адданасць Бяляцкага — гэта адна з прычынаў, чаму мур дыктатуры ў Беларусі разбурыцца і ўпадзе. Гэта толькі пытанне часу. Калі гэта наступіць, ён увойдзе ў гісторыю як ціхі герой, чыя мужнасць дапамагла краіне стаць свабоднай. А пакуль гэтага яшчэ не сталася, ён заслугоўвае — і павінен адчуваць, — нашу поўную салідарнасць.

* * *

Карл Гершман — прэзыдэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED), ЗША.
Гэты тэкст — прадмова да новай кнігі Бібліятэкі радыё «Свабода» «Справа Бяляцкага».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства