Алесь БЯЛЯЦКІ: “УЛАДЫ ПАДМАНВАЮЦЬ СВОЙ НАРОД, ТАМУ СІТУАЦЫЮ ТРЭБА МЯНЯЦЬ,” - каментар вядомага праваабаронцы да выбарчай кампаніі ў Мясцовыя саветы

2007 2007-01-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З пункту погляду праваабаронцы гэтыя “выбары” нельга назваць сапраўднай выбарчай кампаніяй. Усё, што адбывалася на нашых вачах на працягу трох месяцаў і асабліва ў апошнія дні можна назваць масавым запалохваннем беларускага грамадства. Шматлікія незаконныя затрыманні, пераслед палітычных і грамадскіх актывістаў, стрымліванне ўсялякіх грамадскіх ініцыятываў і магчымасцяў, гарантаваных беларускім грамадзянам Канстытуцыяй -- усё гэта дае падставу казаць, што гэты былі не выбары, а кепска падрыхтаваны фарс.

Мы бачылі непрыхавана адмоўныя адносіны да палітычных партыяў. Праз заканадаўчыя акты і змены ў выбарчым заканадаўстве іх магчымасці былі рэзка і моцна абмежаваныя. Больш таго, кандыдаты ў дэпутаты, актывісты і прадстаўнікі палітычных партыяў на працягу ўсёй кампаніі пераследваліся з боку уладаў. Гэта паставіла кампанію выбараў у мясцовыя саветы па-за нармальныя цывілізаваныя рамкі.

Мы бачылі, як на працягу апошніх дзён перад выбарамі дзесяткі грамадскіх актывістаў былі арыштаваныя па надуманых падставах. Некаторыя з іх былі абвінавачаныя ў дробным хуліганстве, ў здзяйсненні штучна прыдуманых “правапарушэнняў”. Кампанія затрыманняў і рэпрэсіяў была скаардынаваная, добра зрэжысіраваная і праведзеная “зверху” ў розных гарадах Беларусі. Больш таго некаторыя кандыдаты ў дэпутаты падчас выбараў знаходзіліся ў турме, як напрыклад два апазіцыйных кандыдаты з Пінску.

У выніку перашкодаў у правядзенні выбарчай кампаніі значная частка дэмакратычных кандыдатаў зняла свае кандыдатуры. Яны заявілі, што выбары праходзяць у неспрыяльных умовах, што ўлада не дае ім магчымасці праводзіць агітацыйную кампанію. Гаварыць пра палітычны плюралізм і дэмакратычную працэдуру у такіх умовах не прыходзіцца. Трэба ясна разумець, што ў нашай краіне на сёняшні дзень існуе таталітарная жорская сістэма падаўлення любых поглядаў апроч тых, якія прапануюць беларускаму грамадству ўлады.

Мы добра ведаем, што выбары праводзіць прэзідэнская вертыкаліь, выканаўчыя структуры, а выбарчыя камісіі, у тым ліку і ЦВК – гэта шырма, за якой хаваюцца грубейшыя фальсіфікацыі. Працэдуры правядзення выбараў былі недэмакратычныя: амаль ніхто з прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў не быў уключаны ў выбарчыя камісіі. Значная частка кандыдатаў у дэпутаты не была зарэгістраваная па надуманых прычынах, альбо былі знятыя пазней. Непразрыстая працэдура падліку галасоў і папярэдняе галасаванне, на якім прагаласавала па афіцыйных дадзеных каля 20% выбаршчыкаў – усё гэта гаворыць што ўлады самі прызначылі выбары, прызначылі сваіх людзей у камісіі, самі падлічылі, і самі абвесцілі нейкія лічбы, спрабуючы пераканаць беларускае грамадства і міжнародную супольнасць у іх верагоднасці.

Мы павінны разумець, што міжнародная супольнасць сёння добра арыентуецца ў беларускай сітуацыі. Таму я мяркую, что вынікі гэтых выбараў увойдуць у шэраг іншых выбараў, якія праходзілі ў Беларусі і былі непрызнаныя з-за іх недэмакратычнасці.

Перад грамадскімі актывістамі зараз стаіць наступная задача – давесці праўдзівую інфармацыю да звычайнага грамадзяніна, якога ўлады трымаюць у інфармацыйным вакууме альбо пад вадаспадам прапагандысцкай хлусні, якая ліецца з усіх дзяржаўных радыё і тэлебачання.

Варта нагадаць, што падчас правядзення выбараў у мясцовыя саветы ўладамі была праведзеная спецыяльная мэтанакіраваная кампанія змагання з праўдзівай інфармацыяй. Значная колькасць выбарчых улётак не дайшла да выбаршчыкаў. Матэрыялы дэмакратычных дэпутатаў арыштоўваліся. Не ўсе кандыдаты выступілі са сваімі праграмамі на радыё, была праведзеная цэнзура іхніх выступаў, а некаторыя з іх проста забароненыя. Мне здаецца, што палітыка недапушчэння любой свабоднай інфармацыі, якую праводзяць беларускія улады – масавая канфіскацыя друкаваная прадукцыі, пачынаючы ад календарыкаў і заканчваючы выбарчымі улёткамі, зарэгістраванымі газэтамі – усё гэта паказвае боязь уладаў. Яны баяцца, што манаполія на інфармацыю, якую яны зараз трымаюць, можа быць разбураная.

Яшчэ адной “дзяржаўнай пагрозай” у нас з’яўляецца назіранне. Свабоднае назіранне адразу ж выяўляе тысячы фактаў грубейшых парушэнняў выбарчага заканадўства, нават такога кепскага і недасканалага як нашае. Сабраныя ў адное гэтыя факты паказваюць агульную непрыглядную карціну выбараў. Высновы незалежных назіральнікаў, як правіла, вельмі непрыемныя для беларускіх уладаў і для ЦВК. Таму гэтым разам яны зрабілі ўсе дзеля таго, каб неўрадавыя арганізацыя і простыя грамадзяне не маглі назіраць. Адным з яркіх прыкладаў гэтага з’яўляецца прыпыненне дзейнасці ГА “Беларускі рэспубліканскі клуб выбаршчыкаў”, - арганізацыі якая зьбіралася праводзіць незалежнае назіранне пад час гэтых выбараў.

Усе гэта робіцца уладамі дзеля таго, каб утрымаць уладу ў сваіх руках. Дзеля гэтага яны ідуць на падман беларускага народа.

Мы беларускія праваабаронцы крайне абураныя гэтай сітуацыяй. Мы лічам, што гэтыя выбары не з’яўляюцца дэмакратычнымі, свабоднымі і празрыстымі. Мы заклікаем беларускае грамадства цвяроза паглядзець на сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне і не мірыцца з ёй. Заклікаем праявіць грамадзянскую актыўнасць і вывесці сітуацыю з глыбокага палітычнага і маральнага крызісу у якім сёння знаходзіцца Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international