Гарадзенскія гісторыкі Краўцэвіч і Смалянчук напісалі адкрыты ліст у абарону звольненага Андрэя Чарнякевіча

2012 2012-10-05T14:49:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дактары гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч і Алесь Смалянчук выступілі з адкрытым лістом да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча і кіраўніцтва Гарадзенскага ўніверсітэта, у якім патрабуюць аднаўлення на працы дацэнта, кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча, звольненага пасля выхаду кнігі «Гродназнаўства».

Прыводзім ліст цалкам:

Адкрыты ліст

да міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С. А. Маскевіча [у 1997--2005 гг. быў рэктарам Гарадзенскага ўніверсітэта -- НН.], да кіраўніцтва Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы.

Навуковая супольнасць гісторыкаў як у Беларусі, так і за межамі краіны, з непакоем успрыняла звальненне з працы па надуманых прычынах дацэнта ГрДУ вядомага гісторыка Андрэя Чарнякевіча.

Абставіны звальнення сведчаць, што сапраўднай яго прычынай стала не парушэнне працоўнай дысцыпліны (два спазненні на лекцыю і замена з калегай па дазволе кіраўніка), а ўдзел А. Чарнякевіча ў напісанні кнігі «Гродназнаўства»

У горшых традыцыях камуністычнага таталітарызму некаторыя службовыя асобы праявілі недарэчную «ідэалагічную пільнасць» адносна працы, якая прайшла прафесійнае рэцэнзаванне, двойчы друкавалася універсітэцкім выдавецтвам і рэкамендавана да ўжывання ў гарадзенскіх школах на факультатыўнай аснове.

У прыватнасці, раздражненне чыноўнікаў выклікала змяшчэнне ў кнізе гістарычных і дзяржаўных сімвалаў Беларусі — герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. Сп. Андрэй Чарнякевіч з’яўляецца прафесійным гісторыкам, які стварае свае працы, кіруючыся навуковым сумленнем, а не ідэалагічнымі інструкцыямі чарговай улады. Ягонае звальненне мы ўспрымаем як пераслед за навуковую добрасумленнасць, як забарону на прафесію.

Чакаем ад кіраўніцтва універсітэта і Міністэрства адукацыі аднаўлення на пасадзе кваліфікаванага спецыяліста-выкладчыка, які за 11 гадоў працы не меў ніводнага спагнання.

Прыпамінаем, што апошнюю ацэнку як прарэктару С. У. Агіявец, так рэктару Я. А. Роўбу, міністру С. А. Маскевічу і іншым датычным да справы асобам, будзем ставіць мы, гісторыкі.

Аляксандр Краўцэвіч (Гародня), доктар гістарычных навук.

Алесь Смалянчук (Гародня), доктар гістарычных навук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства