ПАРЕ надае належную ўвагу справе Алеся Бяляцкага

2012 2012-10-04T22:42:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pare.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя беларускага праваабаронцы-палітвязня абмяркоўвалася на ўсіх сустрэчах і мерапрыемствах, у якіх браў удзел намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч падчас трохдзённага візіту ў Страсбург, дзе праходзіць восеньская сесія Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).  

Візіт прадстаўніка ПЦ “Вясна” ў Раду Еўропы праходзіў з 2 па 4 кастрычніка. У гэтыя дні праваабаронца прымаў удзел у шэрагу важных сустрэчаў – з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі ў Радзе Еўропы, камісарам РЕ па правах чалавека Нілсам Муйжніексам.

Сёння, 4 кастрычніка, Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту, прынялі ўдзел у паседжанні палітычнага камітэту ПАРЕ. Падчас свайго выступу беларускія праваабаронцы зрабілі два асноўныя акцэнты - на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 23 верасня, і  на праблеме палітвязняў. Як падкрэсліў Стэфановіч, пры асвятленні другога пытання больш падрабязна ён спыніўся на сітуацыі з лідэрам “Маладога фронту” Зміцерам Дашкевічам і кіраўніком “Вясны” Алесем Бяляцкім.  

Падчас мерапрыемства быў распаўсюджаны драфт з прапановай намінаваць Алеся Бяляцкага на прэмію правоў чалавека ПАРЕ 2013 году – паліткамітэт падтрымаў яе адзінагалосна. Тым самым парламентарыі падкрэслілі сваю занепакоенасць станам правоў чалавека ў Беларусі, які пагоршыўся з моманту прыняцця Рэзалюцыі ПАРЕ па Беларусі ў студзені бягучага году.

Стэфановіч адзначыў таксама, што шмат хто з прадстаўнікоў паліткамітэту ПАРЕ падчас паседжання ўзгадвалі мінулагодні візіт Алеся Бяляцкага на аналагічную сесію ПАРЕ, неўзабаве пасля якога ён быў арыштаваны. Яны адзначылі, што заўсёды памятаюць пра беларускага праваабаронцу і надаюць увагу яго крымінальнай справе.

Трэба адзначыць, што на паседжанні палітбюро ПАРЕ быў прадстаўлены і афіцыйны бок Беларусі – там прысутнічала намесніца старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Вольга Сяргеева, якая таксама з’яўляецца сябрам Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. А яшчэ адзін афіцыйны прадстаўнік быў выдалены з паседжання. Як патлумачыў Валянцін Стэфановіч, браць удзел у мерапрыемстве могуць толькі прадстаўнікі краінаў-сябраў Рады Еўропы, у іншых выпадках – толькі з дазволу паліткамітэту, а такога дазволу яму не давалася.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international