Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Мазыр

2012 2012-10-01T17:27:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mazyr-nazva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Агульная інфармацыя

У Мазыры падчас кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання былі ўтвораны дзве выбарчыя акругі:  Мазырская выбарчая акруга №42 і Палеская выбарчая акруга №43 (складаецца з Ельскага раёна, частак Лельчыцкага і Мазырскага раёнаў, а таксама горада Мазыра).

Інфармацыя аб выбарах у дзяржаўных СМІ  

На самым пачатку выбарчай кампаніі ў мясцовай газеце “Жыццё Палесся” не з’яўлялася істотнай інфармацыі пра выбары, за выключэннем афіцыйнай, якая тычылася тэрміну і ўмоў правядзення выбарчай кампаніі. На сайце газеты “Жыццё Палесся”  аўтарскіх матэрыялаў, прысвечаных тэме выбараў, не было, толькі афіцыйныя перадрукоўкі БЕЛТА.

У №108 Мазырскай газеты “Жыццё Палесся” за 19 ліпеня было з памылкамі  апублікавана рашэнне Мазырскага раённага выканаўчага камітэта ад 16 ліпеня 2012 года аб стварэнні на тэрыторыі Мазырскага раёна ўчасткаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання. Да таго ж участкі для галасавання былі апублікаваны без падзелу на выбарчыя акругі. З-за гэтых парушэнняў кіраўніку Мазырскага аддзялення ГА "Рух "За Свабоду" Рыгору  Крывіцкаму  давялося накіраваць заяву ў ЦВК з просьбай  даць дакладную нумарацыю выбарчых участкаў па акрузе і больш дэталёвае апісанне межаў акруг №42 і №43 у горадзе Мазыры.

На сайце Мазырскай грамадска-палітычнай газеты “Жыццё Палесся” ніякай інфармацыі, акрамя той, што 23 верасня адбудуцца выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, напачатку выбарчай кампаніі не падавалася.  У ліпені асноўнай тэмай інтэрнэт-версіі друкаванага выдання з’яўлялася тэма ўборкі збожжавых. У верасні, падчас этапу агітацыі,  на сайце апублікавалі перадвыбарчыя праграмы  кандыдатаў у дэпутаты па Палескай выбарчай акрузе №43.
На многіх сайтах дзяржвыданняў Гомельшчыны пачатак выбарчай кампаніі не асвятляўся ўвогуле. Гэта сайты раённых газет “Светлагорскія навіны”,  “Лоеўскі край”, “Чырвоны кастрычнік”, “Светлае жыццё”.

У пачатку верасня вялікае інтэрв’ю з Сяргеем Каноплічам, на той момант дзейсным дэпутатам  Палесскай выбарчай акругі №43, было апублікавана  ў  газеце “Жыццё Палесся” (13.09.2012).  Пра Вешчава Аляксандра, сябра партыі левых “Справядлівы свет”,  і Праведнага Аляксандра, сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі, выданне не ўзгадвала.

Утварэнне акруговых выбарчых камісій

Старшынёй камісіі  Мазырскай выбарчай акругі №42 быў абраны   кіраўнік справамі Мазырскага райвыканкама Міхаіл Пашынскі – член райвыканкама. Сакратаром камісіі — Вераніка Байкова, начальнік аранізацыйна-кадравай работы райвыканкама, таксама член райвыканкама. У складзе камісіі былі яшчэ два члена райвыканкама: Ларыса Чорная, галоўны рэдактар газеты “Жыццё Палесся” і Валетаў, рэктар Мазырскага дзяржаўнага педадагічнага ўніверсітэта.

Праваабаронца Уладзімір Целяпун, які падаваў заяву ад групы грамадзян разам з  рэзюмэ аб сваёй грамадскай дзейнасці, не ўвайшоў у склад выбарчай камісіі. Пры гэтым грамадзяне атрымалі ліст-адказ, са зместу якога не вынікае матываваных прычын, па якіх было адмоўлена  ва ўключэнні  іх прадстаўніка ў склад акруговай камісіі.Акрамя Целяпуна ў склад Мазырскай акруговай выбарчай камісіі вылучаўся, але атрымаў адмову сябра Партыі левых “Справядлівы свет” В. Бокаў.

У склад Мазырскай  АВК, якая складалася з 13 чалавек, амаль  цалкам увайшлі яе пастаянныя сябры. У выніку ў склад АВК не патрапіла ні аднаго прадстаўніка ад апазіцыі.

Утварэнне ўчастковых выбарчых камісій

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун не змог патрапіць на паседжанне па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій, бо мясцовая вертыкаль  своечасовага  не паведаміла  пра дату і час паседжання райвыканкама па ўтварэнні УВК па Мазырскай выбарчай акрузе №42. Паседжанне было прызначана і праведзена 7 жніўня ў 7-30 раніцы - да пачатку працоўнага дня.

Склад УВК быў створаны па прынцыпе аднаго прадпрыемства, установы. Узначалілі камісіі кіраўнікі прадпрыемстваў. У кожнай участковай выбарчай камісіі былі прадстаўнікі райвыканкама.

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп

У Мазыры былі зарэгістраваны ўсе ініцыятыўныя групы апазіцыйных прэтэндэнтаў у дэпутаты.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты

Мазырская выбарчая акруга №42

З пяці прэтэндэнтаў толькі два былі зарэгістраваныя  кандыдатамі ў дэпутаты - М.Расоха, дырэктар Мазырскай агароднінай фабрыкі (так званы праўладны кандыдат, які вылучаўся працоўнымі калектывамі двух прадпрыемстваў  і шляхам збору подпісаў грамадзян), і І.Савасцееў, прадстаўнік ЛДПБ з Гомеля.

Не прайшлі рэгістрацыю Н. Варановіч, за яго збіралі подпісы актывісты мясцовай структуры ГА “Руху “За Свабоду” (падставай для адмовы ў рэгістрацыі былі недакладнасці звестак аб маёмасці), С. Касцян, які тройчы быў дэпутатам  ВС і ПП НС РБ (падставай для адмовы ў рэгістрацыі былі недакладнасці ў дэкларацыі і шмат подпісаў ад грамадзян, не пражываючых у гэтай акрузе), В. Нішчыменка (пасля выключэння подпісаў грамадзян, не пражываючых у гэтай акрузе, яму не хапіла 20 подпісаў).

Палесская выбарчая акруга №43 (складаецца з Ельскага раёна, частак Лельчыцкага і Мазырскага раёна, а таксама горада Мазыра):

Былі зарэгістраваны 3 кандыдаты ў дэпутаты. С. Канопліч, дзейны дэпутат ад гэтай акругі ў Палаце прадстаўнікоў, былы старшыня Ельскага райвыканкама, Вешчаў Аляксандр, сябра партыі левых “Справядлівы свет”, Праведны Аляксандр, сябра Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Збор подпісаў

З-за блытаніны ў пытанні прыналежнасці выбарчых участкаў да пэўных выбарчых акруг узніклі цяжкасці са зборам подпісаў. 7 выбарчых участкаў, якія раней адносіліся да Палесскай выбарчай акругі №43, сталі належаць Мазырскай выбарчай акрузе №42. У выніку значная колькасць подпісаў грамадзян за прэтэндэнтаў у дэпутаты С. Касцяна і В. Нішчыменку (269 і 65 адпаведна) не падлягалі праверцы.

Агітацыя

Мазырскім уладам было прапанавана пашырыць колькасць месцаў для агітацыі. Такая неабходнасць узнікла ў сувязі з тым, што было вызначана толькі 4 месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў. Аднак дадзеная прапанова не была падтрымана кіруючай вертыкаллю.
На інфармацыйных стэндах прадпрыемстваў і ўстаноў, у вітрынах крам былі размешчаны агітацыйныя матэрыялы  толькі праўладных кандыдатаў М. Расохі і С. Канопліча. Па паштовых скрынях  былі раскіданы агітматэрыялы прадстаўніка Партыі левых “Справедлівы свет” А. Вешчава.

Прадстаўнікі ЛДПБ ад агітацыйных захадаў ухіліліся. Іх агітацыйныя матэрыялы, сустрэчы з выбаршчыкамі на акругах №42 і №43 не былі заўважаны.

Датэрміновае галасаванне

Пасля трох дзён працэдуры датэрміновага галасавання пачаўся неабгрунтаваны ціск на назіральнікаў.

Назіральнікам ад БХК Святляне Шульга (выбарчы ўчастак №35, спарткомплекс “Мазырсоль”) і ад партыі  “Справядлівы свет” Шкробат і Бялько (выбарчы ўчастак №32, медкаледж) далі папярэджанне аб тым, што ім лепей не прыходзіць на ўчасткі ў дзень выбараў – 23 верасня. У іншым выпадку іх будуць выводзіць з міліцыяй і здымаць гэты працэс на камеру.

На выбарчых участках, дзе праводзілася назіранне, былі заўважаны разыходжанні паміж пратаколамі УВК і дадзенымі назіральнікаў. Напрыклад, на выбарчым участку №18 па дадзеным УВК прагаласавала 425 выбаршчыкаў, па падліках назіральніка У. Целяпуна – 378, разыходжанне склала 47 чалавек. Выбарчы участак №32: дадзеныя УВК – 571, назіранне – 501, розніца – 70. Выбарчы ўчастак №35: дадзеныя УВК – 413, назіранне – 402, розніца - 11 галасоў.

Дзень выбараў

На выбарчым участку №31 (Палеская акруга №43) адзначалася нізкая яўка выбаршчыкаў.

Паводле спісу там было зарэгістравана 2550 выбаршчыкаў, 850 з іх прагаласавалі датэрмінова, а 477 – у дзень выбараў. Такім чынам атрымоўваем 1327 чалавек. У пратаколе была пазначана іншая лічба: 1861 чалавек (з улікам галасаванняў па месцы жыхарства). Па словах камісіі, яўка склала 70%. Але, калі ўлічыць прыпіскі, то смела можна казаць пра тое, што выбары не адбыліся. Таксама застаецца незразумелым, якім чынам  за паўтары гадзіны сябры  камісіі змаглі сабраць 148 бюлетэняў па галасаванні па месцы жыхарства. Усе бюлетэні (і з датэрміновага галавання, і з галасавання па месцы жыхарства, і галасаванне ў дзень выбараў) лічылі разам – раздзельнага падліку галасоў не было. Назіральнікам дазволілі сачыць за працэсам падліку галасоў на адлегласці 10-15 метраў.

У выніку падчас датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 31 было прыпісана 157 галасы выбаршчыкоў, па галасаванню па месцы жыхарства выбаршчыкаў – 100 галасоў, галасаванне ў асноўны дзень выбараў – 386 галасоў. Агольная колькасць прыпісаных выбаршчыкоў склала 643, што складае 38 адцоткаў ад колькасці выбаршчыкоў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні. 

Кіраўнікі выбарчых камісій не ішлі на супрацоўніцтва з назіральнікамі ад апазіцыйных партый і няўрадавых арганізацый. Назіральніка Юрыя Целяпуна выдалілі з участка №18 (Мазырская выбарчая акруга №42) за спробу зрабіць здымкі на мабільны тэлефон  пры загароджванні сябрамі камісіі сталоў пры падліку галасоў.

Святлана Шульга, назіральнік ад БХК, нягледзячы на папярэджанне з боку сакратара мазырскай АВК не прыходзіць на ўчастак у дзень выбараў, усё ж прыйша выконваць свае абавязкі. Таксама з’явілася на сваім выбарчым участку  №32 і Лідзія Бялько, назіральніца ад партыі “Справядлівы свет”. Жанчыны пераадолелі свой страх і правялі назіранне да сканчэння выбарчага фарсу. Гэта ёсць асноўны вынік выбарчай кампаніі ў Мазыры.

Пры галасаванні па месцы жыхарства выбарцаў назіральніку Уладзіміру Целяпуну (выбарчы ўчастак №18)  не  паведамлялася інфармацыя пра колькасць просьбаў ад выбаршчыкаў пра галасаванне па месцы жыхарства.

На тым жа ўчастку назіральнікам дазволілі назіраць за працэсам падліку бюлетэняў толькі на адлегасці  пяці метраў, што не дазволіла  не толькі сачыць за фактычнымі дзеяннямі камісіі, але і чуць іх размову з-за  гучна ўключанага радыё.

Па ўказанні старшыні камісіі сябры камісіі высыпалі змесціва скрыні на здзвінутыя сталы - без раздзельнага  падліку галасоў з выязной скрыні і скрыні асноўнага дня галасавання. Пры гэтым намеснік старшыні камісіі Навіцкі І.Р і сябра камісіі Шчэрбіна О.А. праігнаравалі ўказанне старшыні і затулілі ад назіральнікаў сваімі спінамі стол з бюлетэнямі.

Пасля сябры камісіі, якія стаялі ўздоўж стала, пачалі нешта запісваць: кожны на сваім асабістым аркушы паперы. Гэтыя невядомыя  дадзеныя былі перададзены сакратару камісіі. За той час, пакуль адбывалася раскладка бюлетэняў на стале, сакратар камісіі тэарэтычна вывела колькасць прагаласаваўшых па месцы жыхарства: іх аказалася 35 чалавек (35-16=19). Галасы 19 выбаршчыкаў, якія не звярталіся ў камісію, цягам паўгадзіны апынуліся ў скрыні для галасавання. На папярэднія выезды па месцы жыхарства выбаршчыкаў спатрэбілася куды болей часу. На першы – больш за дзве гадзіны (прагаласавала 13 чалавек), на другі – 50 хвілін (прагаласавала шэсць чалавек).

Высновы

Выбары страчваюць сваю значнасць для людзей. Як вынік – нізкая яўка на выбарчыя ўчасткі.

Паталагічная прага да фальсіфікацый з боку пастаянных сябраў выбарчых камісій усіх узроўняў засведчыла: па-іншаму (то бок, па Законе!) працаваць яны не здольныя.

Падчас датэрміновых выбараў  парушалася ч.1 арт.52 ВК РБ, у якой гаворыцца пра тое, што “кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за іншых асоб не дапускаецца”.

Выбарчыя камісіі парушалі ч.1 арт.13 ВК РБ аб адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу, ч.5 арт.13. Не была прадастаўлена магчымасць назіраць за выдачай бюлетэняў і не быў захаваны ўстаноўлены арт. 54 ВК парадак галасавання. Пры галасаванні па месцы жыхарства выбарца назіральніку Уладзіміру Целяпуну не  паведамлялася інфармацыя (згодна  з арт. 53 ВК) пра колькасць просьбаў ад выбаршчыкаў пра галасаванне па месцы жыхарства.

Зафіксаваныя шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь падчас правядзення выбараў у Мазыры прымусілі  праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна напісаць адкрыты зварот да кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international