Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Калінкавічы, Рэчыца, Светлагорск

2012 2012-10-01T13:40:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rechyca-nazva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прайшоўшая выбарчая кампанія вызначалася абыякавасцю да яе з боку выбаршчыкаў і слабай актыўнасцю палітычных сіл. “Кандыдаты ад улады” выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс. Назіральнікі не мелі магчымасці бачыць бюлетэні пры падліку галасоў.

Выбарчыя камісіі

Участковыя і акруговыя выбарчыя камісіі амаль цалкам складаліся з людзей, якія былі адабраныя ўладай, хоць апазіцыйныя партыі вылучылі дзесяткі сваіх прадстаўнікоў як ад партыйных арганізацый, так і шляхам збору подпісаў грамадзян. У Рэчыцкую і Светлагорскую акруговую камісіі ўлады не ўключылі ніводнага прадстаўніка апазіцыі, у Калінкавіцкую – толькі аднаго.

Каб вытрымаць патрабаванне Выбарчага кодэксу аб удзеле ў камісіях прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, праводзіцца вылучэнне чыноўнікаў райвыканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых лаяльных асобаў ад праўладных прафсаюзаў, а таксама ад арганізацый БРСМ, “Белая Русь”, ветэранскіх і іншых, якіх падтрымлівае ўлада.

Участковыя выбарчыя камісіі, асабліва на выбарчых участках, цэнтры якіх знаходзіліся ў памяшканнях устаноў адукацыі, складаліся пераважна з работнікаў гэтых устаноў, а на чале камісіі стаяў дырэктар ці іншы прадстаўнік адміністрацыі. Такім чынам, камісіі складаліся з людзей, якія знаходзяцца ў службовай падпарадкаванасці, што дапаўняльна ўзмацняе кантроль уладаў над імі.

Агітацыя

Агітацыйная кампанія праходзіла фармальна. “Кандыдаты ад улады” выкарыстоўвалі ў асноўным адміністрацыйны рэсурс, праводзячы сустрэчы на прадпрыемствах, у тым ліку ў працоўны час. Як сваю перавагу перад іншымі кандыдатамі яны звычайна называлі тое, што змогуць больш паспяхова хадайнічаць у Мінску пра вырашэнне мясцовых праблем: «Как человек, имеющий опыт, я не буду тратить время на поиски той двери, куда надо отнести то или другое ходатайство, или просьбу, или заявление» – з перадвыбарчага выступу ў якасці кандыдата ў дэпутаты старшыні Светлагорскага райсавета Г. Філіповіч на прадпрыемстве “Хімвалакно”.

Распаўсюджванне друкаваных агітацыйных матэрыялаў па месцы жыхарства выбаршчыкаў вялося слаба, адзначаны шматпавярховыя дамы, у якіх выбаршчыкі не атрымалі ўлётак ніводнага кандыдата. Апазіцыйныя кандыдаты зрэдку праводзілі агітацыйныя пікеты. Кандыдаты ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі агітацыю фактычна не вялі: так, у Калінкавічах толькі на апошнім тыдні выбараў кандыдат ад ЛДП прывёз агітматэрыялы; у Светлагорску не было заўважана ніводнага друкаванага матэрыялу пра кандыдата ад гэтай партыі.

Назіранне

Сярод мясцовых назіральнікаў былі прадстаўнікі грамадскіх кампаній “За справядлівыя выбары” і “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Заўважана, што на выбарчых участках, дзе рэгістраваліся незалежныя назіральнікі, адбывалася рэгістрацыя і вялікай колькасці назіральнікаў ад праўладных арганізацый (кшталту БРСМ, “Белай Русі” і г. д.).

У раёнах пабывалі міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ і СНД. Мясцовыя дзяржаўныя СМІ паведамлялі пра станоўчыя водгукі назіральнікаў ад СНД.

Мясцовыя дзяржаўныя СМІ шмат увагі надаюць быццам бы незалежнаму назіральніку з Германіі Францу Масеру, які крытыкуе іншых замежных назіральнікаў і хваліць выбарчую сістэму ў Беларусі. Як стала вядома журналістам, пенсіянер і былы начальнік паліцыі Франц Масер, брат якога знік без вестак у Магілёўскай вобласці падчас ІІ сусветнай вайны,  з дазволу Міністэрства абароны Беларусі займаецца раскопкамі нямецкіх вайсковых пахаванняў. Удзельнічаць у назіранні яму прапанавала Пасольства Беларусі ў ФРГ, гэта значыць, фактычна ён з’яўляецца назіральнікам ад беларускай дзяржаўнай установы.

Стаўленне выбаршчыкаў і СМІ

Інтарэс насельніцтва і СМІ да выбараў фактычна не праяўляўся. Усе мясцовыя СМІ ў Калінкавіцкім, Рэчыцкім і Светлагорскім раёнах кантралююцца ўладай. Дзяржаўныя газеты публікавалі толькі абавязковыя матэрыялы (афіцыйныя паведамленні і праграмы кандыдатаў), недзяржаўныя фактычна не закраналі тэму выбараў.

Мясцовыя дзяржаўныя інтэрнет-сайты таксама змяшчалі ў асноўным толькі афіцыйныя паведамленні, а незалежныя фактычна не надавалі ўвагі выбарам (за выключэннем аднаго рэчыцкага партала). Выбары не знайшлі адлюстравання на старонках у сацыяльных сетках ці форумах, прысвечаных мясцовай тэматыцы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international