Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Гомельшчына

2012 2012-09-28T16:35:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gomel-mapa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскай вобласці былі ўтвораны 17 акруг па выбарах у Палату прадстаўнікоў. На ўсіх акругах былі вылучаны кандыдаты «ад улады» - старшыні раённых выканкамаў (Рэчыцкага – Пётр Шостак, які балатаваўся па Буда-Кашалёўскай акрузе, Жлобінскага – Леанід Апанасюк, які балатаваўся па аднайменнай акрузе), старшыня райсавету дэпутатаў (Светлагорскага – Галіна Філіповіч), кіраўнікі буйных прадпрыемстваў (па Гомельскай-Сяльмашаўскай акрузе балатаваўся генеральны дырэктар ВА «Гомсельмаш» Валер Жмайлік, па Рэчыцкай – дырэктар Рэчыцкага метызнага заводу Адам Вашкоў, па Калінкавічскай – начальнік аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Удодаў), рэктар Беларускага гандлёва-эканамічнага універсітэту Ала Навумчык, галоўны ўрач абласнога кардыялагічнага дыспансеру Ганна Лапаціна і іншыя начальнікі высокага рангу.
Гэта з пачатку кампаніі вызначыла характар правядзення выбараў, асаблівасці збору подпісаў, правядзення агітацыі і датэрміновага галасавання. На ўсю моц быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, што ставіла кандыдатаў ад улады і ад апазіцыі ў няроўныя ўмовы. Напрыклад, напярэдадні 1 верасня ў сярэдніх школах Чыгуначнага раёна праходзілі бацькоўскія сходы, на якіх адміністрацыі школ заклікалі прагаласаваць за дырэктара школы №5 Віктара Фесака. Таксама ў школах Цэнтральнага раёна бацькоў заклікалі прагаласаваць за начальніка аддзела адукацыі гэтага ж раёна Алега Леўшунова. Абсалютная большасць сябраў участковай камісіі складалі настаўнікі, што таксама гаворыць не на карысць роўных умоў у агітацыі. У Прамысловай акрузе, дзе балатавалася галоўны ўрач кардыялагічнага дыспансеру, некалькі ўчасткаў былі размешчаны ў медыцынскіх установах, дзе на закрытых участках ніхто не назіраў за выбарчым працэсам.

Пры фармаванні ўчастковых камісій апазіцыя (АГП, БНФ і «Справядлівы свет») вылучылі для ўключэння 133 чалавек, з якіх толькі адзін стаў сябрам камісіі (у Рагачове, сябра партыі «Справядлівы свет»). Заўважана такая тэндэнцыя, што прадстаўнікі вертыкалі ўлады (райвыканкамаў, адміністрацый раёна, розных аддзелаў), а таксама настаўнікі школ траплялі ў камісіі, маскіруючыся пад грамадскасць (Чырвоны Крыж, Беларускі саюз жанчын, розныя прафсаюзныя арганізацыі). Такім чынам улада выконвала дэ-юрэ квоту ўдзелу грамадскасці ў камісіях – не менш за траціну. Дэ-факта ж камісіі былі сфармаваны па карпаратыўным прынцыпе, то бок часта, напрыклад, з 13 сябраў камісіі 11 працавалі ў адным калектыве, узначальваў жа камісію кіраўнік дадзенага прадпрыемства ці арганізацыі.

Падчас агітацыі пры правядзенні выступаў па тэлебачанні ў эфір не прайшлі запісы выступаў кандыдатаў ад АГП. А прадстаўнікі кандыдатаў ад улады адмаўляліся ад удзелу ў тэледэбатах.
Варта адзначыць, што на 15 акругах з 17 удзел у выбарах прынялі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты прадстаўнікі ЛДП. Але яны не праводзілі актыўнай агітацыі (пікетаў, сустрэч з выбарцамі). Таксама не праводзілі актыўнай агітацыі кандыдаты ў дэпутаты ад улады. Складаецца ўражанне, што выбары павінны былі прайсці (і прайшлі) як мага цішэй і незаўважней для выбарцаў.

Дзяржаўныя СМІ (раённыя газеты) пісалі пра выбары тэлеграфна, перадрукоўваючы афіцыйныя паведамленні ЦВК ці агенцтва БЕЛТА. Персаналіі – кандыдаты ў дэпутаты, іх давераныя асобы, ці аналітычныя і дыскусійныя артыкулы ў раённых газетах не з'яўляліся. Раз-пораз у дзяржаўнай прэсе з'яўляліся артыкулы з узгадваннем пра апазіцыю, але такія артыкулы насілі, як правіла, негатыўны і асуджальны характар. Асабліва адзначыліся шэрагам такіх артыкулаў газеты «Свабоднае слова» (Рагачоў) і «Савецкі раён» (Гомель).

Кандыдаты ад АГП (сем чалавек) і БНФ (1) пасля сходаў 15 верасня адмовіліся ад удзелу ў выбарах. У Гомелі дзве акругі былі безальтэрнатыўныя. Па адной (Сяльмашаўскай) балатаваўся генеральны дырэктар «Гомсельмаш», які чакана перамог пры высокай афіцыйнай яўцы выбарцаў (88,4%). Па другой безальтэрнатыўнай акрузе (Навабеліцкай) балатаваўся толькі прадстаўнік ЛДП, які чакана прайграў, пры чым пры нізкай (56,2%) яўцы выбарцаў.
Асаблівасці выбараў па Навабеліцкай акрузе заключаліся ў тым, што перад першым днём датэрміновага галасавання (17 верасня) сваю кандыдатуру зняў праўладны кандыдат, былы памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка. Прычыны такога кроку грамадскасці не паведамляліся, але пасады інспектара па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка пазбавіўся 6 верасня па рашэнні прэзідэнта.

У дні датэрміновага галасавання назіральнікі адзначалі, што студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцаў сярэдне-спецыяльных устаноў выкладчыкі і адміністрацыя ўстаноў прымушалі галасаваць датэрмінова, нават адпускалі з заняткаў. Па выніках аказалася, што на «студэнцкіх» участках  у датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел больш за 50-60% выбарцаў.

У дзень галасавання, па дадзеных назіральнікаў, участкі былі амаль пустыя, яшчэ з раніцы ўчасткі наведвалі пенсіянеры, а у 16.00-18.00 на пяці ўчастках у цэнтры Гомеля выбарцаў практычна не назіралася. Разам з тым, улада прадэманстравала высокую яўку па вобласці (ад 63,9% - па Цэнтральнай акрузе, да 91,8% - па Хойніцкай).
Назіральнікі адзначалі, што па Савецкай акрузе прагаласавалі не больш за 35% выбарцаў, акруговая ж камісія падала лічбу ў 69%. Варта заўважыць, што рэальна сачыць за падлікам галасоў назіральнікі не мелі магчымасці. Напрыклад, на участку №4 (Цэнтральная акруга) назіральнікам прапанавалі сачыць за падлікам галасоў за 11 метраў ад стала, а на ўчастку №20 (Цэнтральная акруга) назіральнікі сачылі за падлікам галасоў з калідору.

Пералічаныя факты даюць падставы зрабіць выснову, што выбары ў парламент па Гомельскай вобласці не былі свабоднымі і празрыстымі, праходзілі з парушэннямі нормаў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення выбараў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international