Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Бабруйск

2012 2012-09-27T14:41:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babrujsk-nazva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Парламенцкія выбары ў рэгіянальным зрэзе: Бабруйск

Спробы бабруйскіх прадстаўнікоў дэмсілаў зладзіць 15 траўня пікет за свабодныя выбары не мелі поспеху. Адразу пасля падачы завы на яго правядзенне мясцовыя ўлады распачалі ціск на заяўніка Валерыя Мікітка: на працы з ім правялі размову ідэолаг і супрацоўніца міліцыі. У выніку пікет быў забаронены.

СМІ

Пачатак выбарчай кампаніі ў афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі вялікай цікавасці не выклікаў – публікаваліся стандартныя перадрукоўкі з БЕЛТА, традыцыйныя звароты Лукашэнкі, і практычна ніякай мясцовай інфармацыі. Напрыклад, у раённай газеце “Трыбуна працы” пра пачатак выбараў абвесцілі толькі праз 11 дзён ад пачатку кампаніі.

Два тыдні не выяўляла цікавасці да выбараў і бабруйская гарвыканкамаўская газета. “Бабруйскае жыццё” раптам амаль “завязала” з паліваннем брудам апазіцыянераў па асобах - і стварыла агульны іх вобраз “прадажнай пачвары”. Нават пратэсты рабочых на заводзе ТДіА ў гэтай газеце звязалі з “перадвыбарчай дзейнасцю апазіцыі”. Але ў нумары 53-м усё ж з’явіўся адзін пасквіль, у якім прайшліся па адным з мясцовых апазіцыянераў.

Падчас выбарчай кампаніі актыўна пачала піярыцца дзейнасць дэпутатаў мясцовага Савета. У праўладных кандыдатаў з’явілася магчымасць паказаць сябе яшчэ да пачатку рэгістрацыі – у афіцыйных СМІ пачалі з’яўляцца хвалебныя публікацыі пра Мікалая Плаксіцкага, Алену Шамаль, Максіма Суботкіна.

Рэкордная колькасць “рэкламных” матэрыялаў на працягу ўсёй кампаніі з’явілася менавіта ў падтрымку Алены Шамаль.

Асабліва актывізаваліся дзяржаўныя СМІ бліжэй да выбараў – паўсюль можна было ўбачыць ці пачуць заклікі да галасавання, у тым ліку, датэрміновага. Бабруйчан пераконвалі, што ад іх выбару, нібыта, сапраўды нешта залежыць. 

 
Выбарчыя акругі і выбаршчыкі

У Бабруйску колькасць выбарчых акругаў не змянілася – Ленінская № 78, Першамайская № 79, Сельская № 80.

Затое паболела выбаршчыкаў у гарадскіх межах: на 409 - у Ленінскай, на 1 741 - у Першамайскай. У Сельскай акрузе, наадварот, выбаршчыкаў стала менш - на 1 409 чалавек. 

 
Выбарчыя камісіі

Склад выбарчых камісій у Бабруйску стабільна-нязменны. Нязменнымі засталіся і старшыні АВК – Уладзімір Вяткін (№78), Віктар Гарбанёў (№79), Святаслаў Дашкоўскі (№ 80).

Адзіная АВК, у якую патрапіў прадстаўнік дэмсілаў, – № 78, сябра “Справядлівага свету” Святаслаў Дзядовіч трапляў сюды і падчас мінулых выбарчых кампаній. Усе іншыя сябры камісій – з праўладных партый і арганізацый. У СМІ пазначылі толькі звесткі пра шлях іх вылучэння.

Аналагічная сітуацыя назіралася і падчас фармавання ўчастковых камісій, туды не патрапілі апазіцыянеры, затое з лёгкасцю прайшлі прадстаўнікі БРСМ, Белай Русі ды іншых “праўладнікаў”. Адбыўся і казус: калі ў “Бабруйскім жыцці” быў надрукаваны спіс з сябрамі УВК, насупраць аднаго прозвічша ў дужках было пазначана: “донесет”, з чаго можна было зрабіць выснову, што гэтага сябра ў камісію ўключылі нават без наяўнасці ўсіх неабходных дакументаў. 

 
Прэтэндэнты

Ад пачатку выбарчай кампаніі мясцовая Рада дэмакратычных сіл падпісала дамову прытрымлівацца ідэі  байкатавання. Але пасля з’яўлення прэтэндэнткі з Магілёва Аксаны Самуйлавай (спачатку планавалася, што з ёй будуць працаваць толькі сябры партыі “Справядлівы свет”), яе пачалі падтрымліваць мясцовыя актывісты кампаніі “Гавары праўду”.

Аляксандр Ірхо, магілёўскі сябра партыі “Справядлівы свет”, толькі зарэгістраваў свае ініцыятыўныя групы на ўсіх трох акругах, а пасля ціха “знік”, падобная сітуацыя адбылася і з лідэрам прафсаюзнай пярвічкі на заводзе ТДіА Міхаілам Кавальковым.

Таксама групы зарэгістравалі Мікалай Плаксіцкі (ідэолаг фабрыкі “Славянка”), Аляксандр Ціхаміраў (навуковы супрацоўнік НАН, які таксама хутка “знік”), Руслан Чэвычэлаў (прадпрымальнік), Алена Шамаль (дзеючая дэпутатка ПП НС), Жана Мішур (дырэктар САШ № 30), Яўген Катовіч (аператар “Белнафтахім”).

Пазней дадаліся партыйныя прэтэндэнты – Мацвей Хатары і Андрэй Казлоў ад АГП, Уладзімір Яўсеенкаў, Уладзімір Загрышаў, Аляксандр Дзік ад ЛДП.

 
Збор подпісаў

Падчас збору подпісаў узніклі праблемы толькі ў адной ініцыятыўнай групы – каманды актывісткі “Гавары праўду” Аксаны Самуйлавай. Зборшчыцу подпісаў Валянціну Глухаву не пускалі ў інтэрнаты, па загадзе супрацоўніка гарвыканкама Аляксандра Адзіночанкі. На дзеянні чыноўніка былі пападзеныя скаргі ў АВК і ЦВК. З усіх прэтэндэнтаў вулічныя пікеты ладзіла толькі Аксана Самуйлава - яны прайшлі без праблем.

 
Месцы для агітацыі

Традыцыйна, месцы адведзеныя пад агітацыю ў Бабруйску, мякка кажучы, былі няўдалымі. Для сустрэч з выбаршчыкамі выдзялілі залі ў Цэнтры гігены і Цэнтры дзіцячай творчасці. Для пікетаў – гарадскія ўскрайкі: спортбаза “Шыннік”, стадыён на тэрыторыі былога ваеннага гарадка і стадыён на вуліцы Урыцкага. Апошнюю пляцоўку апрабаваў толькі адзін кандыдат – Мацвей Хатары, які потым адзначыў, што па гэтай глухой вуліцы падчас яго пікета прайшліся адзінкі бабруйчан. Затое прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, КДБ, гарвыканкама, якія сачылі за пікетоўшчыкамі ўвесь дзень.

Больш удалыя месцы для агітацыі вызначылі ў Бабруйскім раёне: гэта тэрыторыі, прылеглыя да Дамоў культуры, ля адміністрацыйнага будынка і гэтак далей.

 
Рэгістрацыя

Рэгістрацыю ў Бабруйску прайшлі не ўсе прэтэндэнты. Па Ленінскай акрузе Руслан Чэвычэлаў не здолеў сабраць неабходную колькасць подпісаў, Аляксандр Ірхо і Міхаіл Кавалькоў зусім не збіралі подпісы. Рэгістрацыю прайшлі Мацвей Хатры ад АГП, Мікалай Плаксіцкі – ідэолаг фабрыкі “Славянка”, Уладзімір Яўсеенкаў ад ЛДП.

Па Першамайскай акрузе рэгістрацыю не прайшлі сябра АГП Андрэй Казлоў, Аксана Самуйлава з кампаніі “Гавары праўду” і намеснік дырэктара ХК “Шыннік” Максім Суботкін. Прычынамі адмовы сталі няправільна складзеная дэкларацыя аб прыбытках і несапраўдныя подпісы. Рэгістрацыю прайшлі Жана Мішур – дырэктар САШ № 30, Уладзімір Загрышаў з ЛДП, Яўген Катовіч – аператар “Беларусьнафты”.

Па Сельскай акрузе зарэгістравалі ўсіх жадаючых – Алену Шамаль, дзеючую дэпутатку ПП НС і сябра ЛДП Аляксандра Дзіка.

Аспрэчваць рашэнне АВК аб нерэгістрацыі вырашыла толькі Аксана Самуйлава. Яе ініцыятыўная група сабрала заявы з людзей, якія, на погляд камісіі, не падпісваліся самі за яе вылучэнне ў дэпутаты. Але на рашэнне ЦВК і Вярхоўнага суда, да якіх дайшла прэтэндэнтка, гэтыя доказы ніяк не паўплывалі.


Ціск на актывістаў

Падчас выбарчай кампаніі у КДБ на сустрэчу з Паўлам Сілковым выклікалі Галіну Смірнову (лідэр суполкі прафсаюза РЭП, сябра АГП) і Віктара Бузінаева (старшыня суполкі АГП). Тэмы размовы круціліся вакол удзелу гэтых актывістаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Андрэя Казлова, таксама сябра АГП, выклікалі на размову ў падаткавую.


Цэнзура

Тэлевыступ Мацвея Хатары па тэлебачанні не паказалі -  замест яго пусцілі відэаролік з краявідамі Бабруйска. У сваім выступе малады кандыдат заклікаў байкатаваць выбары. Па гэтай жа прычыне яго праграму адмовілася друкаваць “Бабруйскае жыццё”, у тэксце Хатары рэдактар убачыў “агітацыю”, і заявіў, што надрукаваць яго можна толькі за грошы.


Цяжкасці са зняццём з выбараў

Старшыня Ленінскай АВК Уладзімір Вяткін да апошняга адмаўляўся здымаць з выбараў Мацвея Хатары. Спачатку ён “не бачыў” пячатку, потым патрабаваў, каб кандыдат (які быў у ад’ездзе) уласнаручна напісаў заяву. Кандыдата знялі з выбараў толькі пасля тэлефанавання Вяткіну ад Лідзіі Ярмошынай.


Назіранне

Некаторыя незалежныя назіральнікі рэгістраваліся з праблемамі. Напрыклад, ад іх патрабавалі ўказаць нумар тэлефона арганізацыі, а ў офісе АГП і прафсаюза РЭП тэлефонаў няма. Гэта стала зручнай падставай для адмовы. Тым не менш, у Бабруйску працавала каля 50 незалежных назіральнікаў.

Некаторых сябраў участковых камісій сам фактар прысутнасці назіральнікаў вельмі нерваваў, старшыня камісіі Аляксандр Русін асабіста стараўся прынізіць назіральніцу, у большасці выпадкаў ім проста не давалі ніякай інфармацыі са словамі “гэта не ваша справа”.


Датэрміновае галасаванне

Яўка на датэрміновым галасванні была б зусім нізкай, калі б не прымушалі ісці на ўчасткі навучэнцаў коледжаў, жыхароў інтэрнатаў. Былі выпадкі, калі сябры камісій прасілі прагаласаваць датэрмінова пенсіянераў ці праводзілі ў школах бацькоўскія сходы, на якія бацькі прыходзілі з пашпартамі, і гэтак далей. Тым не менш, падлікі назіральнікаў і сябраў камісій пачалі не сыходзіцца ўжо ў гэтыя дні.

 
Асноўнае галасаванне

У дзень асноўнага галасавання назіральнікі таксама паўсюль адзначалі нізкую яўку. Па горадзе нават хадзілі брыгады з сябраў камісій, якія настойліва запрашалі бабруйчан прагаласаваць “хоць бы і супраць усіх”. Нягледзячы на гэта, напрыканцы дня, падчас падліку галасоў, незалежных назіральнікаў чакаў сюрпрыз – вялікія лічбы “прагаласаваўшых”.

Сябры камісій дасягалі гэтага рознымі шляхамі. Адзін з варыянтаў – галасаванне па месцы жыхарства, падчас якога сябры камісій умудраліся за пару гадзін “сабраць” у вынасныя скрыні па 300-400 бюлетэняў. Можна меркаваць і пра начныя ўкідванні бюлетэняў у скрыні на ўчастках, бо падлікі назіральнікаў і сябраў камісій таксама разыходзіліся ў сотні галасоў. На некаторых участках пайшлі іншым шляхам - зменшылі ў апошні момант колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў. Назіральнікі адзначалі, што даволі частай з’явай было, калі сябры камісіі падбівалі лічбу на калькулятары і потым проста агучвалі яе.

Назіральнікі сцвярджаюць, што выбары ў Бабруйску не адбыліся. Афіцыйныя лічбы, якія былі агучаныя на наступны дзень, паказалі высокую яўку. Што тычыцца “пераможцаў”, то папярэднія прагнозы па кандыдатах пацвердзіліся - імі сталі Мікалай Плаксіцкі, Жана Мішур і Алена Шамаль, якая ідзе ў ПП НС ужо на другі тэрмін.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international