Светлагорск: колькасць выдаленых назіральнікаў дасягнула 8 чалавек
У Светлагорску агульная колькасць назіральнікаў, якім адмовілі ў праве працягваць назіранне на выбарчых участках, дасягнула 8 чалавек. 21 верасня кандыдат у дэпутаты Сяргей Дайнека накіраваў з гэтай нагоды скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію і Светлагорскую раённую пракуратуру.
Як паведаміў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Светлагорскай выбарчай акрузе Сяргей Дайнека, у Светлагорску яшчэ двум мясцовым назіральнікам адмовілі ў праве працягваць назіранне на выбарчых участках. 20 верасня паведамлялася аб 6 назіральніках, якія былі пазбаўлены гэтага права.
– Агульная колькасць назіральнікаў, якім не дазволілі працягваць назіранне, дасягнула 8 чалавек. Адмовілі ім у праве працягваць назіранне кіраўнікі васьмі ўчастковых выбарчых камісій у горадзе Светлагорску, – кажа Сяргей Дайнека.
Усе гэтыя назіральнікі былі накіраваны на выбарчыя ўчасткі ад Светлагорскай раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет”. Кіраўніком арганізацыі з’яўляецца сам С. Дайнека. Прадстаўнікі “Справядлівага свету” назіралі за ходам датэрміновага галасавання.
– Сёння я накіраваў адпаведную скаргу на дзеянні кіраўнікоў участковых камісій у Цэнтральную выбарчую камісію і Светлагорскую раённую пракуратуру, – паведаміў С. Дайнека.
Спачатку кіраўніцтва ўчастковых камісій пагадзілася з паўнамоцтвамі назіральнікаў, але затым заявіла, што ў іх дакументах нібыта няправільна напісаны адрас партыйнай арганізацыі. Па словах С. Дайнекі, у дакументах пададзены новы адрас, а кіраўнікі камісій, верагодна, маюць састарэлыя звесткі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”