viasna on patreon

Ціск на праваабаронцу Таццяну Рэвяку ўзмацняецца

2012 2012-09-21T20:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Таццяна Рэвяка

Праваабаронца Таццяна Рэвяка

Да кампаніі па застрашэнні сябры Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” і прэзідэнта Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні далучыліся падаткавыя органы. Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах РБ па Першамайскім раёне г.Мінска патрабуе ад Таццяны Рэвяка прадстаўлення дэкларацыі пра даходы і маёмасць за сем гадоў.

“У адпаведнасці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці” Вы абавязаны прадставіць дэкларацыю пра даходы і маёмасць у тэрмін не пазней за 3 кастрычніка 2012 года за 2004, 2005, 2006, 2007, 2008, 2009, 2010 гады… ”, - гаворыцца ў дасланым Патрабаванні, датаваным 18 верасня і падпісаным намеснікам начальніка падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна Васілём Іванавічам Малашэнкам.  

Адзначым, што гэтым захадам падаткавікоў папярэднічаў усплеск цікавасці да праваабаронцы з боку органаў дзяржаўнай бяспекі: 17 жніўня Таццяну Рэвяку выклікалі на гутарку ў КДБ. Таксама варта адзначыць, што паралельна спецслужбы выклікалі на размовы ўдзельнікаў Летніх школаў па правах чалавека, якія ладзяцца ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні, і цікавіліся пераважна тым, хто забяспечвае арганізацыйны і матэрыяльны бок іх знаходжання на школах. Такія выпадкі мелі месца не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах.

Наўрад ці гэта можна лічыць пэўным збегам абставінаў. Асабліва, калі ўлічваць той факт, што Таццяна Рэвяка дапытвалася ў якасці сведкі па справе старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага ў Дэпартаменце фінансавых расследванняў і давала паказанні падчас працэсу ў судзе Першамайскага раёна Менска. І на судзе яна пацвердзіла, што атрымлівала ад Алеся Бяляцкага пэўную частку грашовых сродкаў, якія прызначаліся для ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці. Аднак, спачылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі, Таццяна адмовілася даваць паказанні адносна іх расходвання – каму, для чаго яны перадаваліся і г.д.

Таццяна Рэвяка і яе калегі не маюць сумневаў наконт таго, што цяперашнія захады падаткавых органаў звязаныя з яе прафесійнай дзейнасцю і з ціскам на Праваабарончы цэнтр “Вясна”, праца якога пасля арышту Алеся Бяляцкага не спыняецца. Ціск на Таццяну Рэвяку – яшчэ адно звяно ў ланцугу перманентнага пераследу прадстаўнікоў “Вясны”, якое цалкам лагічна ўключаецца ў схему апошніх дзеянняў уладаў па ўтаймаванні “свавольных” абаронцаў правоў чалавека – зняволенне кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага, прысуджэнне рабаўніцкіх штрафаў яго намесніку Валянціну Стэфановічу і незаконнае ўключэнне яго ў спісы невыязных, канфіскацыя офіса “Вясны”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства