Салігорск: На сустрэчу з праўладным кандыдатам -- па разнарадцы
18 верасня а 17-й гадзіне у салігорскім Клубе будаўнікоў адбылася сустрэча з кандыдатам у дэпутаты Таісай Данілевіч. Нягледзячы на поўную адсутнасць у горадзе інфармацыі пра мерапрыемства і нязручны для працоўнага люду час, сустрэча праходзіла пры проўнай зале.
Сакрэт гэткай цікавасці да кандыдаткі апыныўся банальна простым. У канцы працоўнага дня ў салігорскія школы была дадзена выканкамаўская разнарадка пра абавязковае накіраванне на сустрэчу па дзесяць чалавек ад кожнай установы адукацыі. Улічваючы тую акалічнасць, што спадарыня Данілевіч з’яўляецца начальніцай упраўлення адукацыі Мінаблвыканкаму, гаворка ўжо вядзецца пра выкарыстанне перавагі свайго службовага становішча ў інтарэсах абрання. Гэткія дзеянні з’яўляюцца парушэннем артыкула 73 Выбарчага кодэксу, які гаратнуе роўнасць правоў і абавязкаў кандыдатаў у дэпутаты. Пры парушэннi патрабаванняў гэтага артыкула Цэнтральная альбо акруговая выбарчая камісія мае права адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата.
Асобнай увагі заслугоўвае прыпаркаваны з парушэннем Правілаў дарожнага руху аўтамабіль спадарыні Данілевіч. Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі апазіцыянера Віктара Малочкі і яго даверанай асобы Анатоля Лябедзкі, за аналагічную паркоўку ў тым самы месцы адбодва палітыкі былі аштрафаваныя супрацоўнікамі ДАІ. Кандыдатцы ад уладаў дзіўным чынам удалося застацца беспакаранай за ідэнтычнае правапарушэнне, нягледзячы на адпаведныя скаргі ў Дзяржаўтаінспекцыю незадаволеных грамадзян. Зрэшты, і сама сустрэча кандыдаткі праходзіла ў адсутнасць прадстаўнікоў праваахоўных органаў, у той час як сустрэчы з апазіцыяй ладзіліся пад пільным кантролем міліцыянтаў і спецслужбаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”