Прававы аналіз Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна неўладкаваных сем’ях” ад 24 лістапада 2006 г.

2007 2007-01-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 лістапада прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў Дэкрэт № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна неўладкаваных сем’ях” з датай уступленьня ў сілу з 1 студзеня 2007 г., за выключэньнем частак 15 і 16 п. 14 і п. 22-29, якія зьяўляюцца часовымі і, згодна ч. 3 арт. 101 Канстытуцыі, павінны быць прадстаўленыя на разгляд Нацыянальнага Сходу. Палажэньні частак 15 і 16 п. 14 будуць уведзеныя ў дзеяньне пасьля ўступленьня ў сілу Закону аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у адпаведныя законы па пытаньнях, якія выцякаюць з палажэньняў Дэкрэта, а п. 22-29 і дадзены пункт уступаюць у сілу са дня афіцыйнага апублікаваньня гэтага Дэкрэта.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” занепакоены тым, што некаторыя палажэньні Дэкрэта №18 наўпрост супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, нормам дзеючага заканадаўства і міжнародным актам у галіне правоў чалавека, што можа прывесьці да далейшых парушэньняў правоў чалавека ў краіне. Разгледзім найбольш праблемныя палажэньні Дэкрэту.

У адпаведнасьці з п. 1 Дэкрэту, дзеці падлягаюць дзяржаўнай абароне і зьмяшчэньню на дзяржаўнае забесьпячэньне ў выпадку, калі ўстаноўлена, што бацькі (бацька ці маці) вядуць амаральны лад жыцьця, што аказвае шкоднае ўдзеяньне на дзяцей, зьяўляюцца хранічнымі алкаголікамі ці наркаманамі альбо іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі па выхаваньні і ўтрыманьні дзяцей, у сувязі з чым яны знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.

Пры гэтым Дэкрэт не дае растлумачэньня, якія паводзіны бацькоў носяць амаральны характар, што зьяўляецца сацыяльна небясьпечным становішчам. Часткова адказ на гэтыя пытаньні ўтрымліваецца ў арт. 67 Шлюбна-сямейнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які пад сацыяльна небясьпечным станам дзіцяці разумее наступнае: калі ў выніку безнагляднасьці і безпрызорнасьці яно знаходзіцца ў абстаноўцы, якая ўяўляе сабой небясьпеку для яго жыцьця ці здароўя альбо не адпавядае патрабаваньням да яго выхаваньня ці ўтрыманьня, ці калі ён зьдзяйсьняе правапарушэньні.

Выклікае занепакоенасьць тое, што палажэньні Дэкрэта могуць быць выкарыстаныя ў палітычных мэтах.

У краіне распаўсюджаная практыка прыцягненьня непаўнагадовых да адміністратыўнай адказнасьці ў сувязі з іх грамадзка-палітычнай дзейнасьцю з далейшай пастаноўкай на ўлік у Камісіях па справах не паўнагадовых, унутрышкольны ўлік, а таксама прыцягненьне іх бацькоў да адміністратыўнай адказнасьці па арт. 162 КаАП РБ (злоснае невыкананьне бацькамі ці асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па выхаваньні і навучаньні дзяцей). Так, моладзевага актывіста з г. Салігорску Івана Шылу неаднаразова выклікалі ў Камісію па справах непаўнагадовых пры мясцовым выканкаме, дзе пагражалі, што пры далейшых “супрацьпраўных” паводзінах яго адбяруць у бацькоў і накіруюць у сьпецустанову для непаўнагадовых правапарушальнікаў.

Таксама нярэдка ўдзел грамадзянаў у масавых мерапрыемствах, іншая грамадзка-палітычная актыўнасьць кваліфікуецца органамі аховы правапарадку як дробнае хулігнаства (арт. 156 КаАП РБ), што пры пэўных умовах можа трактавацца як “амаральны лад жыцьця”. Напрыклад, да актывісткі з г. Магілёву Крысьціны Шацікавай, якая ў сувязі са сваёй дзейнасьцю неаднаразова прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасьці, у тым ліку і па арт. 156 КаАП РБ, некалькі разоў дадому прыходзілі прадстаўнікі школьнай адміністрацыі і Камісіі па справах непаўнагадовых з мэтай вывучэньня ўмоваў жыцьця яе двух непаўнагадовых дзяцей. Нягледзячы на тое, што дзеці рэгулярна наведваюць школу, не стаяць на ўліку ў Камісіі па справах непаўнагадовых, не зьяўляюцца беспрызорнымі ці безнагляднымі, не здзяйсняюць правапарушэньняў, Шацікава сур’ёзна апасаецца, што ў яе могуць адабраць дзяцей па падставе палажэньня Дэкрэту аб “амаральным ладзе жыцьця”.

Найбольшую трывогу выклікаюць палажэньні Дэкрэту, якія прадугледжваюць па-за судовую працэдуру абабраньня дзяцей у бацькоў. Згодна з п. 1 дадзенага Дэкрэта, Камісія па справах непаўнагадовых раённага (гарадзкога) выканаўчага камітэта, мясцовай адміністрацыі (далей – Камісія па справах непаўнагадовых) па месцы знаходжаньня дзіцяці ў трохдзённы тэрмін прымае рашэньне аб прызаньні дзіцяці падлягаючым дзяржаўанай абароне, аб адабраньні дзіцяці ў бацькоў (маці ці бацькі), устанаўленьні яму статуса дзіцяці, якое засталося без утрыманьня бацькоў, зьмяшчэньня дзіцяці на дзяржаўанае забесьпячэньне (далей – рашэньне аб адабраньні дзіцяці). Пры вынясеньні рашэньня аб адабраньні дзіцяці Камісія па справах непаўанагадовых выконвае функцыі органаў апекі.

Аб прынятым рашэньні аб адабраньні дзіцяці ў трохдзённы тэрмін паведамляецца адпаведнаму пракурору. У выпадку выяўленьня парушэньняў заканадаўства пры вынясеньні дадзенага рашэньня пракурор у трохдзённы тэрмін пасьля атрыманьня гэтага рашэньня абавязаны ўнесьці прадстаўленьне аб яго адмене.

Прынятае рашэньне аб адабраньні дзіцяці зьяўляецца абавязковым для выкананьня дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, іх службовымі асобамі, грамадзянамі.

Паводле п. 2 Дэкрэта, адабраньне дзіцяці ажыцяўляецца на працягу дня, наступнага за днём вынясеньня рашэньня аб адабраньні дзіцяці, Камісіяй па справах непаўанагадовых. У склад Камісіі ўключаюцца прадстаўнікі ўпраўленьня (аддзелу) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, органа ўнутраных справаў і пры неабходнасьці -- упраўленьня (камітэта, аддзела) аховы здароўя мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, а таксама іншых арганізацыяў.

Пасьля адабраньня дзіця зьмяшчаецца на дзяржаўнае забесьпячэньне ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Камісія па справах непаўнагадовых пасьля вынясеньня рашэньня аб адабраньні дзіцяці, паводле п. 4 Дэкрэта, абавязана:

у шасьцімесячны тэрмін прыняць рашэньне:

n аб вяртаньні дзіцяці бацькам, калі адпалі прычыны, якія паслужылі падставамі для адабраньня дзіцяці, з адначасовым паведамленьнем аб гэтым арганізацыям па месцы працы бацькоў, у якіх адабраны дзеці, і (ці) упраўленьню (адзела) па працы і сацыльнай абароне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа;

n аб звароце ў суд з зыскам аб пазбаўленьні бацькоў (бацькі ці маці) бацькоўскіх правоў.

Такім чынам, Дэкрэтам прадугледжаны па-за судовая працэдура адабраньня дзяцей Камісіяй па справах непаўнагадовых. Гэтыя палажэньні Дэкрэта супярэчаць арт. 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога дзеці могуць быць аддзеленыя ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асобаў, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэньня суда, калі бацькі і іншыя асобы, што іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.

Гэтыя палажэньні супярэчаць таксама і шэрагу міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека. Так, у адпаведнасьці з арт. 9 Канвенцыі аб правах дзіцяці, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 20.11.1989 г., дзяржавы–удзельніцы забясьпечваюць, каб дзіця не разлучалася са сваімі бацькамі насуперак іх жаданьню, за выключэньнем выпадкаў, калі кампетэнтныя органы, згодна з судовым рашэньнем, вызначаюць у адпаведнасьці з законам, што такое разлучэньне неабходна ў інтарэсах дзіцяці. Такое вызначэньне можа быць неабходным у тым ці іншым канкрэтным выпадку, напрыклад, калі бацькі жорстка абыходзяцца з дзіцем ці не клапоцяцца аб ім, ці калі бацькі пражываюць паасобку і неабходна прыняць рашэньне адносна месца пражываньня дзіцяці.

Крытыку таксама выклікаюць палажэньні Дэкрэту аб прымусовым працаўладкаваньні абавязаных бацькоў.

Паводле п. 9 Дэкрэта, калі ўзровень заработнай платы працуючай абавязанай асобы не дазваляе на працягу шасьці месацаў у поўным аб’ёме выконваць абавязкі па ўтрыманьні дзяцей, гэтая асоба падлягае працаўладкаваньню на новае месца працы ў адпаведнасьці з п. 13 і 14 Дэкрэта.

Паводле п. 13, пытаньні працаўладкаваньня абавязаных асобаў вырашаюцца судом у вызначэньні аб судовым загадзе аб спагнаньні выдаткаў па ўтрыманьні дзяцей, рашэньні аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў, адабраньні дзяцей без пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.

Абавязак працаўладкаваньня такіх асобаў, паводле п. 14 Дэкрэта, ускладаецца на дзяржаўныя службы занятасьці, якія абавязаныя на працягу трох дзён вызначыць адну ці некалькі аргаізацыяў для працаўладкаваньня абавязнанай асобы. Пры гэтым падбор арганізацыі (арганізацыяў) ажыцьцяўляецца такім чынам, каб заработная плата абавязанай асобы дазваляла забясьпечыць поўнае выкананьне штомесячных абавязацельстваў па кампенсацыі выдаткаў па ўтрыманьні дзяцей, і за імі захоўвалася ня меньш 30% заработнай платы.

Яўку непрацуючых працаздольных абавязаных асобаў у органы дзяржаўнай службы занятасьці і на працу ў арганізацыі забясьпечваюць органы ўнутраных справаў.

Не дапускаецца адмова наймальнікаў у прыёме на працу абавязаных асобаў, накіраваных органамі дзяржаўнай службы занятасьці, а таксама абавязаных асобаў ад выкананьня працы.

Кантроль за штодзённай яўкай абавязаных асобаў на працу ажыцьцяўляюць наймальнікі сумесна з органамі ўнутраных справаў і органамі дзяржаўнай службы занятасьці.

Ухіленьне абавязанай асобы ад яўкі на працу, якая складае дзесяць і болей працоўных дзён на працягу трох месацаў, альбо сакрыцьцё, заніжэньне абавязанай асобай памеру заработнай платы і іншых даходаў, альбо іншае віноўнае дзеяньне (бездзеяньне), якое пацягнула за сабой невыкананьне ці няпоўнае выкананьне штомесячных абавязацельстваў па кампенсацыі выдатаў па ўтрыманьні дзяцей, зьяўляецца падставай для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ў адпаведнасьці з арт. 174 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 174 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне бацькоў ад утрыманьня дзяцей альбо ад кампенсацыі выдаткаў, якія былі затрачаныя дзяржавай на ўтрыманьне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні) прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін ад двух гадоў ці абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў.

Тыя ж дзеяньні, якія былі зьдзейсьненыя асобай, якая раней была судзімая за ўхіленьне ад утрыманьня дзяцей ці кампенсацыі выдаткаў, затрачаных на іх утрыманьне, -- караецца папраўчымі работамі на тэрмін ад аднаго да двух гадоў ці абмежаваньнем волі тэрмінам ад аднаго да чатырох гадоў.

Пры гэтым, паводле Дэкрэту № 18, асобы, асуджаныя па гэтым артыкуле, не падлягаюць умоўна-датэрміноваму вызваленьню.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што Дэкрэтам № 18 уводзіцца інстытут прымусовага працаўладкаваньня. У дадзеным выпадку палажэньні Дэкрэту супярэчаць Канстытуцыі і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека.

Так, у адпаведнасьці з арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, грамадзянам гарантуецца права на працу як найбольш варты сродак самазацьвярджэньня чалавека, гэта значыць -- права на выбар прафесіі, роду заняткаў і працы ў адпаведнасьці з прызваньнем, здольнасьцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадзкіх патрэбаў, а таксама на здаровыя і бесьпечныя ўмовы працы.

Прымусовая праца забароненая, акрамя працы ці службы, якая вызначаецца згодна з прысам суда ці ў адпаведнасьці з законам аб надзвычайным ці вайсковым становішчы.

Паводле Канстытуцыі, праца зьяўляецца правам, а не абавязкам грамадзянаў. Прымусовая праца можа выкарыстоўвацца толькі ў адпаведнасьці з прысудам, які вынесены судом у сувязі са зьдзяйсненьнем асобай дзеяньняў, якія цягнуць за сабой крымінальную адказнасьць. Разам з тым, палажэньні Дэкрэту № 18 уводзяць прымусовую працу за не выкананьне грамадзянскіх абавязацельстваў, якія не ўтрымліваюць складу крымінальнага злачынства.

Нормы Дэкрэта № 18 у частцы прымусовага працаўладкаваньня грамадзянаў супярэчаць Канвенцыі “Аб прымусовай працы”, якая была прынятая 28 чэрвеня 1930 г. Генеральнай канферэнцыяй Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) на 14 сесіі. У адпаведнасьці з п.1 арт. 1 Канвенцыі, кожная краіна-сябра МАП, якая ратыфікуе дадзеную Канвенцыю, абавязуецца зьліквідаваць выкарыстаньне прымусовай і абавязковай працы ва ўсіх яе формах і праявах у як мага карацейшыя тэрміны. Паводле арт. 2 Канвенцыі, пад тэрмінам “прымусовай ці абавязковай працы” разумеецца ўсялякая праца ці служба, якая патрабуецца ад якой-небудзь асобы пад пагрозай пакараньня, для якой гэтая асоба не прапанавала дабраахвотна сваіх паслугаў. Дадзены артыкул дае некаторыя дапушчальныя выключэньні. Так, тэрмін “прымусовыя працы” не ўключае ў сабе: працы, якія выконваюцца ў сілу закона аб вайсковым абавязку; усялякую працу, якая зьяўляецца часткай звычайных грамадзянскіх абавязацельстваў грамадзянаў; усялякую працу, якая патрабуеца ад каго-небудзь у выніку судовага прысуду пры ўмовах, што гэтая праца выконваецца пад наглядам і кантролем дзяржаўных уладаў; працы пры надзвычайных сітуацыях (землятрус, паводка, пажар і г.д.).

Акрамя таго, вялікія сумневы выклікае магчымасьць рэалізацыі дадзенай часкі Дэкрэту на практыцы. Згодна з палажэньнем Дэкрэту, пры працаўладкаваньні абавязаных асобаў неабходна, каб у іх заставалася ня меньш за 30 % заработнай платы. Улічваючы, што ўтрыманьне аднаго дзіцяці ў сьпецыяльных дзіцячых установах абыходзіцца дзяржаўнаму бюджэту ў сярэднім у 150-200 $ штомесяц, заробак абавязаных асобаў павінен складаць каля 210-260 $. Гэтая сума значна ўзрастае, калі дзіця не адно. Ва ўмовах беспрацоўя забясьпечыць такой працай названых асобаў будзе вельмі праблематычна, асабліва ўлічваючы, што яны могуць быць хранічнымі алкаголікамі, наркаманамі, асобамі, у значнай ступені страціўшымі свае прафесійныя і працоўныя навыкі. Арамя таго, праваахоўная сістэма краіны можа апынуцца значна перагружанай. Супрацоўнікам міліцыі, асабліва ўчастковым інсьпектарам, прыдзецца значную частку часу прысьвячаць пытаньням кантролю за штодзённай яўкай абавязаных асобаў на працу. У выніку прымяненьня нормаў Дэкрэту можа значна павялічыцца колькасьць асуджаных да абмежаваньня волі, што ў сваю чаргу можа прывесьці да перанаселенасьці сьпецінтэрнатаў закрытага тыпу МУС Беларусі.

Палажэньні Дэкрэта № 18, якія прадугледжваюць высяленьне абавязаных асобаў з жылых памяшканьняў, якія яны займаюць, абмяжоўваюць і парушаюць права ўласнасьці грамадзянаў і супярэчаць патрабаваньням Грамадзянскага і Жыльлёвага кодэксаў Рэспублікі Беларусь.

Так, у адпаведнасьці з п. 15 Дэкрэта, па ісках мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў альбо ўпаўнаважаных імі арганізацяў, абавязаныя асобы могуць высяленыя ў судовым парадку з жылых памяшканьняў дзяржаўнага і прыватнага жылога фонду, якія яны займаюць з прадстаўленьнем іншых памяшканьняў меньшай плошчы і (ці) саступаючых ім па сваіх спажывецкіх якасьцях, у тым ліку па-за межамі дадзенага населенага пункта, на тэрмін, указаны ў рашэньні суда. Гэта значыць, прадугледжваецца высяленьне грамадзянаў у судовым парадку з жылых памяшканьняў, якія належаць ім на праве ўласнасьці (прыватнае жыльлё). Пры гэтым вызваленыя памяшканьні падлягаюць здачы па дамовах найму для пражываньня іншых асобаў, а для здачы такога памяшканьня ў наём нават не патрабуецца даверанасьці асобы, якому належыць гэтае памяшканьне.

Згодна з Жыльлёвым кодэксам, прадугледжваецца высяленьне з кватэраў грамадзянаў, якія пражываюць у жылых памяшканьнях на падставе дамовы найму жылога памяшканьня, г.зн., толькі жылых памяшканьняў дзяржаўнага фонду ці прыватнага пры ўмове, што яны не маюць долі ва ўласнасьці на гэтае памяшканьне.

У адпаведнасьці з п. 17 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаньнях прымяненьня судамі жыльлёвага заканадаўства” ад 30 сакавіка 2000 г., з жылых памяшканьняў на падставах, якія прадугледжаныя арт. 39 ЖК (у сувязі з немагчымасьцю сумеснага пражываньня), у судовым парадку без прадстаўленьня іншага жылога памяшканьня могуць быць выселеныя наймальнікі, члены іх сем’яў і іншыя асобы, якія пражываюць сумесна з імі ў дамах дзяржаўнага ці прыватнага фонду. На гэтых жа падставах могуць быць выселеныя члены сем’яў уласьнікаў жылых памяшканьняў, у тым ліку прыватызаваных, якія ня маюць долі ў праве ўласнасьці на гэтыя жылыя памяшканьні. Такім чынам, дзеючае жыльлёвае заканадаўства не прадугледжвае высяленьня з кватэраў уласнікаў жылых памяшканьняў ці асобаў, якія маюць долю ва ўласнасьці на жылыя памяшканьні.

Акрамя таго, насуперак патрабаваньням Грамадзянскага кодэксу (арт. арт. 210, 219, 236, 271 ГК), Дэкрэт №18 прадугледжвае магчымасьць распараджацца ўласнасьцю грамадзянаў насуперак іх волі. Толькі ўласнік дабраахвотна можа прыняць рашэньне аб продажы, здачы ў наём жылога памяшканьня, якое належыць яму на праве ўласнасьці.

Выклікае заклапочанасьць і той факт, што выкарыстаньне на практыцы дадзеных палажэньняў Дэкрэту можа стварыць глебу для разнастайных злоўжываньняў з боку адпаведных службовых асобаў, надзеленых правам на высяленьне абавязаных асобаў з жылых памяшканьняў.

Нельга не адзначыць, што праблемы, зьвязаныя з дзецьмі, у Беларусі ў апошні час набываюць усё болей палітызаваны характар. Не адзін раз у пытаньне ўсынаўленьня дзяцей умешваўся асабіста А. Лукашэнка, які фактычна забараніў усынаўляць беларускіх дзяцей, якія засталіся без бацькоўскага ўтрыманьня, замежным грамадзянам. Пры абмеркаваньні пытаньняў, датычных праблемы сацыяльнага сіроцтва ў краіне, некаторыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу заклікалі прыняць законы аб прымусовай стэрылізацыі алкаголікаў, наркаманаў і іншых “асацыяльных элементаў”, стварыць працоўныя лагеры для бацькоў, якія ўхіляюцца ад утрыманьня і выхаваньня сваіх дзяцей і г.д. Гэтыя працэсы, скіраваныя на парушэньне правоў чалавека, выклікаюць вялікую заклапочанасьць праваабаронцаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international