Знікненне Ганчара і Красоўскага: 13 гадоў безвыніковага «расследавання»

2012 2012-09-16T11:52:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

16 верасня спаўняецца 13 гадоў з часу знікнення апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

Віктар Ганчар, які спачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і Анатоль Красоўскі бясследна зніклі 16 верасня 1999 г. Увечары яны пайшлі ў лазню, размешчаную ў Менску па вул. Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна а 22:35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў машыну Красоўскага.

Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага адкрыла пракуратура Менску. Паводле інфармацыі следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў сігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне знойдзеных на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці высноваў аб паходжання плямаў крыві ад Ганчара складае 99,6 %. Аналіз сабраных у справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчара і Красоўскага гвалтоўна выкралі невядомыя асобы.

Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць мяркуюць, што Ганчара і Красоўскага выкралі з палітычных матываў, і падазраюць у дачыненні да іх выкрадання вышэйшых службовых асобаў краіны.

Фармальнае расследаванне

Як паведаміў юрыст Гары Паганяйла, справу аб знікненні Ганчара і Красоўскага намінальна працягвае расследаваць пракуратура Менску. «Пракуратура рэгулярна паведамляе, што праводзяцца следчыя дзеянні, аднак ні аб выніках гэтых следчых дзеянняў, ні аб іх сутнасці нікому не паведамляецца. Я лічу, што ўлады чакаюць, калі знікненню Ганчара і Красоўскага споўніцца 15 гадоў, і тады гэтая справа можа быць спыненая з прычыны тэрміну даўніны», – кажа юрыст.

Без тэрміну даўніны

Рэальнае расследаванне справы, адзначыў ён, можа аднавіцца ў выпадку змены ўлады. «Тады гэтая справа атрымае іншую кваліфікацыю – напрыклад, паводле артыкулу 128 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае выкраданне і знікненне чалавека, звязанае з ягонаю палітычнаю дзейнасцю, як злачынства супраць бяспекі чалавецтва. Такія злачынствы не маюць тэрміну даўнасці», – падкрэсліў Паганяйла.

Тым больш, дадаў ён, справа аб знікненні Ганчара і Красоўскага цяпер на разглядзе ў Камітэце правоў чалавека ААН. «Года паўтара-два таму праваабаронцы давалі свае адказы на адпаведныя каментары ўлады, дасланыя ў ААН, як гэта прадугледжвае працэдура разгляду справы. Далей Камітэт правоў чалавека ААН працуе самастойна – перакладае матэрыялы справы і працягвае разгляд. Справы там могуць разглядацца па 4–5 гадоў», – патлумачыў Гары Паганяйла.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international