Лідэры партый заяўляюць: Выбарчая кампанія беспрэцэндэнтная па парушэннях заканадаўства

2007 2007-01-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цяперашняя выбарчая кампанія па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы беспрэцэндэнтная па парушэннях заканадаўства. Такое меркаванне 4 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску выказала большасць лідэраў апазіцыйных партый Беларусі.

Як адзначыў старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, “такой кампаніі мы не ведалі за ўвесь час прэзідэнцтва Лукашэнкі”. Паводле А.Лябедзькі, 16 кандыдатаў ад АГП па Менску не змаглі надрукаваць агітацыйныя матэрыялы ні ў прыватных, ні ў дзяржаўных друкарнях. “Нават падчас прэзідэнцкай кампаніі такога не было”, – адзначыў ён. Па меркаванні лідэра АГП, дэмакратычным сілам трэба давесці да выбаршчыкаў інфармацыю аб усіх парушэннях падчас гэтай кампаніі.

Віктар Карніенка, які прадстаўляў на прэс-канферэнцыі лідэра аб’яднананых дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, адзначыў, што дэмакратычныя кандыдаты “не павінны падаць да стрэлу”. Пры гэтым ён не выключае здымання кандыдатаў з дыстанцыі пасля вычарпання ўсіх магчымасцяў у гэтым статусе.

Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч падкрэсліў, што ягоная партыя першапачаткова была перакананая: “з гэтых выбараў нічога не атрымаецца”.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка звярнуў увагу на шматлікія парушэнні правоў кандыдатаў і прэтэндэнтаў у кандыдаты ад партый. “Ілюзій не было, няма і не будзе”, – адзначыў ён. Паводле В.Вячоркі, Партыя БНФ мае намер выкарыстаць апошнія дні кампаніі для інфармавання насельніцтва аб галоўнай пагрозе незалежнасці Беларусі – “газавай вайне” з Расеяй. “Адзіная тэма на сустрэчах з выбаршчыкамі – “газавая вайна”, што будзе з незалежнасцю. Усё астатняе блякне перад гэтай праблемай”, – заявіў В.Вячорка.

Сакратар Цэнтральнага камітэта Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) Алена Скрыган адзначыла, што кандыдаты ад ПКБ, якія зняліся з перадвыбарнай гонкі, усё ж працягваюць удзел у кампаніі, “ад дзвярэй да дзвярэй” тлумачачы, чаму партыя рэкамендавала сваім кандыдатам не ўдзельнічаць у выбарах. Па яе дадзеных, каля 30 чалавек ад ПКБ працягваюць удзельнічаць у кампаніі.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч паведаміў, што партыя разглядае гэтую кампанію як тэхнічную.

Лідэр грамадскай ініцыятывы “За свабоду прадпрымальніцтва!” Віктар Гарбачоў адзначыў, што “вынік мясцовых выбараў зразумелы, але мы будзем іх выкарыстоўваць для агітацыі сваіх новых прыхільнікаў”. Зараз на выбары ідуць 47 сяброў ініцыятывы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international