Віцебск: пра пікеты кандыдатаў улады не ведаюць

2012 2012-09-12T14:50:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/famina-piket-vicebsk1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кур'ёзны выпадак адбыўся ў Віцебскай Горкаўскай выбарчай акрузе №17, дзе 11 верасня праводзіла агітацыю незалежная кандыдатка Алена Фаміна, прыхільніца Мікалая Статкевіча. Удзельнікі пікету не адразу "пазналі" і агітпляцоўку, прызначаную ўладамі для сустрэч з выбаршчыкамі, а прадстаўнік Першамайскай раённай адміністрацыі ўвогуле не ведаў, што тут можна праводзіць пікеты.

Паводле Алены Фаміной, агітпляцоўку давялося шукаць доўга: у рашэнні выканкаму пазначана, што яна месціцца ў двары дому №25 корпус 1 па вуліцы Чкалава, а насамрэч яна месціцца ў адным з суседніх двароў. І, па сутнасці, агітпляцоўкай не з'яўляецца. Гэта ўзгорак, зарослы травой, схіл якога мусіў бы быць "трыбунай" каля размешчанай унізе баскетбольнай пляцоўкі.

"Тут няма ні лавак, ні нейкай сцэны. Мы стаялі на гэтым прыгорку з плакатамі, але толькі бессэнсоўна згубілі час. Тут не ходзяць людзі, бо паблізу няма нават сцежак. Толькі дзеці бегаюць, да яшчэ ходзяць грузчыкі з бліжэйшай крамы – бо гэты "амфітэатр" размешчаны якраз на заднім двары фірмовай крамы "Малако". Сорамна ў такія месцы запрашаць людзей, бо гэта здзек і над кандыдатам, і над выбаршчыкамі!", - кажа Алена Фаміна.

Зрэшты, наведнікі на пікеце ўсё ж былі. Гэта двое міліцыянтаў у форме, якія хаваліся за кутом крамы, чалавек у цывільным, які здымаў пікетоўцаў на відэакамеру і суправаджаў яшчэ адну зацікаўленую асобу - намесніка Першамайскай раённай адміністрацыі.

"Да нас падышоў нейкі чалавек, паказаў "корачкі", што ён намеснік адміністрацыі. Запытаўся, што гэта мы тут робім без дазволу. Давялося паказаць заяўку ў гарвыканкам. Тут спадар абурыўся, што яму пра гэта нічога не вядома – маўляў, з гарвыканкаму не папярэдзілі. Мы спрабавалі скарыстацца нагодай і сказалі, што месца для агітацыі тут дужа непрыдатнае, і што просім дазволу перасунуцца бліжэй да кірмаша "Паўднёвы", дзе хаця б людзі ходзяць! Але чыноўнік сказаў, што раз вызначана, значыць вызначана, і настойліва параіў нам "не парушаць", - распавёў Аляксей Гаўруцікаў, давераная асоба Алены Фаміной.

Як выбарцаў не зацікавіў "згублены" ў двары пікет, так і наступная сустрэча ў сярэдняй школе №45 прайшла "без аншлагу". Сяргей Парсюкевіч, яшчэ адна давераная асоба кандыдаткі, налічыў у залі 20-25 чалавек:

"Сустрэча праводзілася паводле ініцыятывы кандыдата па Віцебскай-Горкаўскай акрузе № 18 Аляксея Гаўруцікава. Мы распаўсюдзілі 1 800 запрашэнняў, але амаль ніхто не прыйшоў. У тым ліку яго канкурэнты Аляксандр Мікулін і Мікалай Волкаў, які ў нродзе лічыцца "кандыдатам ад улады". Проста ў гэтых выбарах няма ніякай інтрыгі. Відаць, усе зразумелі, што парламент у нас не выбіраецца, а прызначаецца".        

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international